Куды сыходзяць саюзныя грошы?

Абвешчаны бюджэт Саюзнай дзяржавы на 2022 год: амаль 4,6 млрд расійскіх рублёў, або больш за 62 млн долараў. Многа гэта ці малі? І на што ў гэтым годзе сыдуць грошы?

08_budjet_0.jpg

Сумесны бюджэт Беларусі і Расіі штогод фарміруецца за кошт адлічэнняў Беларусі (35 %) і Расіі (65 %), піша "Беларусы і рынак"

У 2022 годзе Беларусь унясе каля 20 млн долараў, Расія — каля 39 млн. У бюджэт уключаны таксама даходы тэлерадыёвяшчальнай арганізацыі Саюзнай дзяржавы і рэшткі сродкаў бюджэтаў мінулых гадоў на агульную суму 2,9 млн долараў.

Выдаткі з бюджэту Саюзнай дзяржавы на наступны год запланаваныя ў суме больш за 40 млн долараў. Грошы будуць накіраваныя на фінансаванне трох праграм i 28 мерапрыемстваў.

Газета "Беларусы і рынак" паспрабавала разабрацца, куды сыходзяць грошы Саюзнай дзяржавы і якую выгаду атрымлівае ад гэтага беларуская эканоміка.

Кіраўнік праекта "Кошт урада" эканаміст Уладзімір Кавалкін адзначае, што ў 2021 годзе бюджэт Саюзнай дзяржавы склаў 160,9 млн беларускіх рублёў. На погляд эканаміста, для такога магутнага геапалітычнага саюза гэта зусім невялікія сродкі.

Міністэрства фінансаў у снежні апублікавала вялікі артыкул пра асаблівасці размеркавання сродкаў у Саюзнай дзяржаве, у якой падрабязна апісваецца, куды сыходзяць саюзныя грошы: «большасць праектаў рэалізуецца ў стратэгічна важных навукаёмістых і высокатэхналагічных галінах».

Што ж гэта за стратэгічна важныя навукаёмістыя і высокатэхналагічныя сферы?

Па словах Уладзіміра Кавалкіна, галоўныя прыярытэты ў саюзным бюджэце расстаўленыя наступным чынам: на праваахоўную дзейнасць і бяспеку вылучаецца 48 млн рублёў (каля 30% ад агульнай сумы), на СМІ — 29,2 млн рублёў (18 %). Далей ідуць органы Саюзнай дзяржавы — 25,8 млн рублёў (16 %), фундаментальныя даследаванні — 20,4 млн рублёў (13 %), папярэджанне і ліквідацыя НЗ — 14,4 млн рублёў (9 %), ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва — 9,4 млн рублёў (6 %).

— Што мы маем у выніку: амаль палова саюзнага бюджэту траціцца на сілавікоў і медыя, яшчэ 16 % ідзе ўласна на працу чыноўнікаў. Што тычыцца навукі і інавацый, то больш за ўсё пашанцавала фундаментальным даследаванням — 20,4 млн рублёў. Усе астатнія артыкулы "сацыяльных" выдаткаў выглядаюць зусім нязначна: адукацыя — 2,9 млн (2 %), транспарт, інфарматыка і сувязь — 3,4 млн рублёў (2 %), мастацтва, культура, кіно — 2,4 млн (1 %), — адзначыў кіраўнік праекта «Кошт урада».

Параўнанне саюзнага бюджэту розных гадоў дазваляе зрабіць выснову аб тым, як мяняліся прыярытэты Саюзнай дзяржавы.

Напрыклад, праваахоўная дзейнасць у 2017 годзе "з'ядала" толькі 7% саюзнага бюджэту, вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва — 0,5%, выдаткі на чыноўнікаў склалі 13 %. Затое раней каля 20% бюджэту ішло на прамысловасць, якой сёння наогул няма ў артыкуле выдаткаў. Культура ў лепшыя гады магла прэтэндаваць на 4 % саюзнага бюджэту.