Фота Дзмітрыя Дзмітрыева
Статыстычныя арганізацыі падвялі вынікі рознічнага тавараабароту арганізацый гандлю і долі беларускіх тавараў у продажах розніцы. На гэты раз падведзены вынікі 9 месяцаў 2021 года. Тавараабарот арганізацый гандлю за 9 месяцаў склаў 36,4 млрд BYN, піша
banki24.by.
Пры гэтым продаж тавараў айчыннай вытворчасці дасягнуў 21,7 млрд BYN. Удзельная вага беларускай прадукцыі ў тавараабароце арганізацый знізілася да 59,5 %.
Доля айчынных тавараў у продажах стала рэкордна нізкай у параўнанні з паказчыкамі за тыя ж 9 месяцаў у 2013-2021 гг.
Даведачна:
– у студзені-верасні 2013 года ўдзельная вага беларускай прадукцыі яшчэ дасягала 71,7%;
– у тыя ж месяцы 2014 года паказчык упаў да 70,7%;
– 2015 – 69,8%;
– 2016 – 66,2%;
– 2017 – да 65%;
– 2018 – да 63, 4%;
– 2019 – да 61,6%;
– 2020 – да 60,7%.
Прыкметна, што на працягу 8 гадоў запар вага айчынных тавараў у продажы ўвесь час памяншалася. Гэта адбывалася нягледзячы на дэкларацыі чыноўнікаў аб імпартазамяшчэнні на спажывецкім рынку. У суме за пазначаны час доля тавараў made in Belarus скарацілася на 12,2 працэнтнага пункта.
Па прынятай у краіне класіфікацыі тавары бываюць харчовымі і нехарчовымі. У першую катэгорыю ўваходзяць харчовыя прадукты, напоі і тытунёвыя вырабы, у другую – усё астатняе.
У абедзвюх таварных групах ідзе паступовае змяншэнне долі беларускай прадукцыі. Аднак па таварах нехарчовай групы гэта адбываецца хутчэй і ў гэтай катэгорыі айчынныя вытворцы саступілі ўжо галоўнае становішча на рынку.
За 2013–2021 гады ўдзельная вага беларускіх харчовых тавараў скарацілася з 83,3% да 76,8%. Паралельна ў нехарчовай групе доля айчыннай прадукцыі ўпала з 56,3 працэнта да 40,9 працэнта.
Чаму прадукты харчавання з Беларусі яшчэ ўтрымліваюць унутраны рынак? Гэта можа быць звязана з лагістыкай дастаўкі прадуктаў харчавання з іншых краін: многія тавары скорапсавальныя, ды і затраты на транспартаванне ў Беларусь могуць быць занадта высокія. Такую прадукцыю проста няма сэнсу ўвозіць у краіну.
Зрэшты, сярод харчовых прадуктаў усё роўна ёсць пазіцыі, дзе дамінуе імпарт. Па выніках 9 месяцаў 2021-га гэта свежая садавіна і арэхі (доля імпарту 92,7%), рыба (87,2%), алей (84,8%).
Сярод нехарчовых тавараў нізкая доля беларускіх фіксавалася ў продажах аўтамабіляў (13,9 %), тэлевізараў (14,5 %), пральных машын (15 %), парфумерна-касметычнай прадукцыі (17,8 %).
nv-online.info