Курс беларускага рубля ўдалося выратаваць, але ненадоўга

Нацбанк прадаў валюту, каб умацаваць рубель. Аднак штучна падтрымліваць курс доўгі час немагчыма.

wr_960_14.webp


Многія заўважылі, што на таргах у панядзелак курс долара пераваліў за 3 рублі. Але мала хто заўважыў, што сам па сабе курс беларускага рубля ў адносінах да валютнага кошыка практычна не змяніўся. Долар вырас — але моцна знізіўся расійскі рубель.

На таргах у аўторак беларускі рубель нават умацаваўся да долара і еўра. Між тым, многія беларусы сутыкнуліся з немагчымасцю зняць валютныя дэпазіты або купіць валюту ў абменных пунктах.

«Гэты факт, роўна як і сам ход таргоў, кажа пра тое, што ў справу ўмяшаўся Нацбанк і яго валютныя інтэрвенцыі. Прасцей кажучы, Нацбанк узяў валюту з ЗВР і прадаў яе, каб штучна павялічыць прапанову валюты на рынку. Гэта выратавала курс рубля, але гэта часовая мера», — адзначаюць эксперты «Кошт урада».

У ЗВР у нас вельмі абмежаванвя колькасць грошай (8,5 млрд долараў, з якіх толькі каля 4 млрд — «жывыя» грошы, астатняе — гэта золата, каштоўныя паперы і іншае). Для супастаўлення, у сакавіку і жніўні 2020 года — на хвалі кавіднай, а потым і справакаванай выбарамі панікі — Нацбанку прыйшлося выдаткаваць на падтрыманне курсу больш за 1 млрд долараў.

Расійскі Цэнтрабанк таксама прыняў цэлы шэраг захадаў, каб выратаваць расійскі рубель. Збольшага гэта ўдалося, аднак, зноў жа, штучна падтрымліваць курс доўгі час немагчыма. Верагодна, абодва рэгулятары спадзяюцца, што ў агляднай будучыні паніка заціхне і рублі — беларускі і расійскі — хоць неяк выстаяць.

«Так ці інакш, мы мяркуем, што ў будучыні курсы долара і еўра ў Беларусі працягнуць расці. З-за панікі, санкцый, штучнага стрымлівання цяпер — мы не бачым наогул ніякіх перадумоў для ўмацавання рубля. Дэвальвацыя рубля немінуча разгоніць і інфляцыю. Гэта значыць, што грошы, якія захоўваюцца ў беларускіх рублях, будуць абясцэньвацца», — мяркуюць аналітыкі.