Курс долара перавысіў 18.000 рублёў
На таргах Беларускай валютна-фондавай біржы 24 лістапада курс долара ЗША зноў перавысіў гістарычны максімум.
Фота з сайта belapan.by
Кошт амерыканскай валюты павялічыўся на 66 рублёў — да 18.042 беларускіх рублёў, ці на 0,37%.
Паводле звестак біржы, курс еўра вырас на 91 рубель, ці на 0,48%, і склаў 19.185 рублёў.
Курс расійскага рубля вырас на 0,27 рубля (0,1%) да 274,94 рубля.
З пачатку года беларускі рубель абясцэніўся да долара на 50% (на 1 студзеня курс складаў 11.900 рублёў), у тым ліку на 20% з пачатку лета — 4 чэрвеня курс долара перавысіў
15.000 рублёў, 12 жніўня дасягнуў 16.000 рублёў, а мяжа ў 17.000 рублёў была пераадоленая 24 жніўня.
Фінансавыя аналітыкі адзначаюць, што беларускі рубель зніжаецца следам за расійскім. У сваю чаргу падзенне расійскага рубля адбываецца ў выніку зніжэння цэн на нафту.
Нацыянальны банк Беларусі указвае на тое, што плаваючы курс беларускага рубля, які складваецца як рэакцыя на знешнія эканамічныя фактары, дазваляе падтрымліваць канкурэнтаздольнасць эканомікі і
дзелавую актыўнасць. У жніўні кіраўнік Нацбанка Павел Калаур адзначаў адсутнасць унутраных фактараў, якія б уздзейнічалі на курс беларускага рубля і істотным чынам мянялі яго дынаміку.
"Я не разумею, чаму часта праводзяць нейкі водападзел: перад і пасля выбараў (прэзідэнта. — БелаПАН.). Мы разглядаем сітуацыю да канца года. У нас плаваючы курс, які
закліканы адэкватна рэагаваць на выклікі. Зразумела, што ў многім гэты курс залежыць ад знешняга асяроддзя — цэн на нафту, курсаў нашых суседзяў, попыту і прапановы на ўнутраным
рынку", — заявіў кіраўнік Нацбанка.
"Безумоўна, мы арыентуемся на пэўныя прагнозы экспертаў па курсе расійскага рубля. І нашы ацэнкі дзесьці супадаюць з ацэнкамі вядучых расійскіх экспертаў, што найбліжэйшым часам ваганне
расійскага рубля будзе ў межах 55—65 рублёў за долар. Гэта ўсё тое, што ўпісвалася ў нашы сцэнарыі, якія прапрацоўваліся ў пачатку года", — падкрэсліў тады Калаур.
Ён таксама адзначыў, што Нацбанк стараецца не задзейнічаць золатавалютныя рэзервы для падтрымання курсу беларускага рубля.
У сярэдзіне верасня Павел Калаур не выключыў умацавання беларускага рубля да долара і еўра да канца года. Ён, у прыватнасці, звярнуў увагу, што плаваючы валютны курс "можа плаваць і ў адзін
бок, і ў іншы бок".
Тым часам у Маскве сярэднеўзважаны курс долара да расійскага рубля разлікамі "заўтра", па якім устанаўліваецца афіцыйны курс Цэнтрабанка, на 11.30 аўторка, 24
лістапада, вырас на 2,37 капейкі, склаўшы 65,6210 рубля.
belapan.by