Леў Марголін: Выйсце адно – кардынальнае рэфармаванне эканомікі

Па дадзеных Нацбанка, у студзені-лютым гэтага года аб'ём крэдытавання жыллёвага будаўніцтва скараціўся на 36,1 % у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага. Што сталася прычынай для скарачэння інвестыцый? Сітуацыю, якая склалася ў будаўнічай галіне, сайту ucpb.org пракаментаваў эканаміст Леў Марголін.



lieu_marholin.jpg

Леў Марголін

«За агучанымі Нацбанкам лічбамі стаіць высокі ўзровень інфляцыі, — кажа Леў Марголін. — І пакуль не атрымаецца яго знізіць, весці гаворку пра нейкія інвестыцыйныя праграмы няма сэнсу. Прыватны інвестар, які хоча будаваць жыллё, які гатовы ўкласці нешта ў вытворчыя магутнасці пры такіх умовах інвеставаць не будзе.

Пры такіх умовах інвеставаць можа толькі дзяржава, якая пераразмяркоўвае грошы, атрыманыя ад падаткаплацельшчыкаў. А паколькі вядома, што дзяржава самы дрэнны інвестар, то мы ўвесь час атрымліваем такія неспадзяванкі, як, напрыклад, з мадэрнізацыяй дрэваапрацоўчай ці малочнай галіны. Гэта сітуацыя, калі разлікі абяцаюць залатыя горы, а ў выніку атрымліваецца пшык.

Гэта замкнёнае кола. З аднаго боку высокі ўзровень інфляцыі перашкаджае інвестыцыям , з другога — валюнтарысцкія інвестыцыі невядома куды і навошта правакуюць высокі ўзровень інфляцыі. Гэта выдаткі дзяржавы, якія не прыносяць чаканага прыбытку. Практычна гэта грошы закапаныя ў пясок.

З гэтага зачараванага кола ёсць толькі адно выйсце — кардынальнае структурнае рэфармаванне эканомікі, калі дзяржава набярэцца мужнасці сказаць, што мы ў эканоміку грошы не ўкладваем, а толькі будзем ствараць умовы для прыватных інвестараў. Бо толькі той, хто рызыкуе ўласнымі грашыма, можа цвяроза ацаніць магчымыя рызыкі і прыбыткі. Важна і тое, што такія інвестары зазвычай ужо маюць вопыт паспяховай інвестыцыйнай дзейнасці, а значыць, ёсць шанец , што і вытворчасць, створаная ў Беларусі, таксама будзе мець поспех».