Магчымасці росту ВУП у прамысловасці ўжо вычэрпваюцца?
Пасля «малочнай» справы дырэктарскі корпус нават думаць у бок заваёвы новых рынкаў збыту і гнуткай коштавай палітыкі не будзе.

Летась эканоміка Беларусі скарацілася на 4,7%. Для яе аднаўлення ўрад зрабіў стаўку на перазапуск інвестыцыйнага цыклу, рост прамысловай вытворчасці і ўнутраны попыт, піша праект «Вашы грошы».
Стаўка на прамысловасць зрабіла сваю справу. За дзесяць месяцаў 2023 года эканоміка вырасла на 3,8%, а прамысловая вытворчасць – яшчэ мацней.
Глядзіце таксама

Разам з тым калі прасачыць за дынамікай прамысловасці ў бягучым годзе, становіцца відавочным, што рост у сферы мае свае абмежаванні.
Так, калі ў кастрычніку 2023 года прырост прамысловай вытворчасці па ключавых відах эканамічнай дзейнасці ў прамысловасці ў супастаўных цэнах склаў 7,1% да ўзроўню кастрычніка 2022 года, аднак жа месяцам раней рост быў 9,7%, а на піку росту — у чэрвені — і наогул 15,5%.

З аднаго боку, раней дапамагала нізкая база, калі параўнанне ішло з правальнымі паказчыкамі мінулага года.
З іншага — сама сфера як крыніца росту дайшла да піку сваіх бягучых магчымасцяў.
Глядзіце таксама

Далей — альбо павелічэнне працы на склад, альбо мадэрнізацыя і павышэнне эфектыўнасці, альбо заваёва новых рынкаў збыту.
Першага чыноўнікі будуць старацца не дапускаць, а з другім і трэцім ёсць відавочныя складанасці. Для мадэрнізацыі патрэбны доступ да заходніх тэхналогій і валютныя крэдыты. Для заваёвы новых нішаў — гнуткая коштавая палітыка. Але дырэктарскі корпус і думаць у гэты бок не будзе пасля «малочнай» справы.