На гарызонце — дэфолт? Знешні доўг Беларусі пабіў рэкорд
Паводле свежы даных Нацбанка, у першым паўгоддзі 2020 года знешні доўг Беларусі вырас да адзнакі 41,1 мільярда долараў — і такім чынам абнавіў гістарычны рэкорд.
Сітуацыю ўскладняе той факт, што статыстыка пакуль яшчэ не ўключае жнівень і верасень, калі фінансавая сітуацыя ў краіне працягвала пагаршацца.
— Гэта дастаткова ўстойлівая тэндэнцыя да росту знешняга доўгу, — распавёў у экспрэс-каментары «Салiдарнасцi» старэйшы аналітык «Альпары Еўразія» Вадзім Іосуб. — Я думаю, калі ў бліжэйшы час рэалізуюцца абяцанні Расіі пазычыць Беларусі грошай, то гэты доўг вырасце яшчэ больш — і ў чарговы раз абновіць гістарычны рэкорд.
На думку фінансавага эксперта, галоўная праблема такой тэндэнцыі нават не ў велічыні доўгу, а ў магчымасці дзяржавы гэты доўг абслугоўваць.
— У цяперашняй палітычнай сітуацыі Беларусь пазбаўленая любых магчымасцяў для прыцягнення грошай, акрамя як з боку Расіі. Могуць быць яшчэ кітайскія крэдыты, але яны пад пытаннем. Іншых замежных крыніц у нас не будзе.
Наўрад ці Расія і Кітай пагодзяцца задаволіць усе фінансавыя патрэбнасці Беларусі. Нам у бліжэйшыя гады трэба выплачваць парадку 4 мільярдаў долараў штогод. А большую частку гэтай сумы трэба рэфінансаваць — гэта значыць, прыцягваць кожны год каля 3 мільярдаў, каб вяртаць старыя даўгі.
Без такога знешняга фінансавання могуць быць праблемы з абслугоўваннем даўгоў. А гэта значыць, што на гарызонце некалькіх гадоў можа маячыць дэфолт, — лічыць Вадзім Іосуб.
Па словах суразмоўцы «Салiдарнасцi», беларускія ўлады могуць сутыкнуцца з фінансавымі праблемамі ўжо ў 2020 годзе, бо абяцаны расійскі крэдыт не пакрывае ўсю суму, якую Беларусі трэба рэфінансаваць, каб разлічыцца па даўгах.