На колькі ўпадзе рубель? Тлумачаць эканамісты
Ад пачатку мінулага тыдня долар і еўра падаражэлі на 6 капеек адносна беларускага рубля, на столькі ж сталі даражэйшымі 100 расійскіх рублёў. Чаму гэта адбываецца і калі скончыцца падзенне, Свабодзе расказалі Валерый Палхоўскі і Вадзім Іосуб.
«Сінхранізацыя» з расійскім рублём
Цяперашні курс у 2,11 рубля за долар — не найгоршы за ўвесь час (у лютым 2016 года было 22 069 «недэнамінаваных» рублёў за долар — гэта як 2,2069 «дэнамінаванага» рубля), але найніжэйшы з часоў дэнамінацыі (праводзілася ў 2016 годзе пры курсе каля 2,005 рубля за долар). Курс долара рэзка падскокваў да 2,0698 рубля ў красавіку сёлета, але затым хутка ўпаў да 2 рублёў з «падскокамі» да 2,02 рубля. У ліпені было нават падзенне да 1,97. Цяперашні рост трывае з пачатку жніўня.
Еўра таксама расце да беларускага рубля, але да рэкорду далёка: у красавіку бягучага году было 2,558 рубля за еўра. Расійскі рубель падаў да беларускага з пачатку года (калі за 100 расійскіх давалі каля 3,5 беларускага), але, дасягнуўшы гадавога мінімуму ў 2,9974 беларускага за 100 расійскіх 24 жніўня, пачаў нязначна расці і вярнуўся на ўзровень «дэнамінацыйных» дзён.
Старшы аналітык групы кампаніяў Forex Club Валерый Палхоўскі мяркуе, што такім чынам паступова выражаецца ўплыў аслаблення расійскага рубля да долара.
«У Расіі рубель аслабеў супраць долара, а ў нас спачатку не адбылося зменаў курсу беларускага рубля да долара, таму наш рубель узмацніўся супраць расійскага, — згадвае ён. — Але ў нас эканоміка дастаткова глыбока прывязаная да расійскай, такі стан курсаў не вельмі для нас пазітыўны. Таму неабходна паступова выраўноўваць курс з расійскім рублём да таго, што быў раней. Думаю, гэта мы і назіраем».
Палхоўскі дадае: калі расійскі рубель вернецца да ранейшых курсаў, то і беларускі вырасце ўслед за ім. Пакуль жа будзе адбывацца «карэктаванне» курсу беларускага рубля да расійскага ў бок аслаблення беларускага, ды наўрад ці яно будзе большым за 3–5%.
«Глабальныя ўцёкі ад рызык»
Іншыя працэсы — больш глабальныя і доўгатэрміновыя — разглядае ў каментары Свабодзе старшы аналітык кампаніі «Альпары» Вадзім Іосуб.
За апошнія месяцы падаюць і нават дасягаюць гістарычных мінімумаў шмат краін, якія развіваюцца. Так, падае расійскі рубель, украінская грыўна, казахстанскі тэнге, да гістарычных мінімумаў падаюць валюты Індыі і Ірану, «зачапіла» валюты Аргенціны і Паўднёвай Афрыкі.
У некаторых дзяржавах, кажа Іосуб, былі відавочныя прычыны, як санкцыі супраць Расіі або Турцыі, але падзенне ёсць і ў краінах, супраць якіх не ўводзіліся новыя санкцыі — «проста за кампанію». У іншых, якія можна суаднесці зь Беларуссю, «усё сумна», беларускі рубель «выглядае больш чым годна».
«Проста ідзе працэс глабальных уцёкаў ад рызык, — мяркуе ён. — Сусветныя інвестары, якія ў спакойныя часы любяць укладаць у эканомікі краін, што развіваюцца, могуць рэзка змяніць настрой, масава выходзіць з гэтых краін і ўкладацца ў эканомікі найбольш развітых і спакойных краін. Сёння капіталы перацякаюць у ЗША, Нямеччыну, Францыю, Швейцарыю, Японію... Падзенне беларускага рубля апошніх дзён — гэта частка агульнасусветнага працэсу».
Глядзець варта не толькі на курс беларускага рубля да долара, дадае Іосуб, а на кошык валют, да якога прывязаны рубель (палова кошыка — расійскі рубель, 20% — еўра, 30% — долар). У канцы жніўня адбыўся разварот: да таго, з пачатку студзеня, беларускі рубель даражэў адносна кошыка, пасля стаў даволі рэзка таннець. Рост расійскага рубля да беларускага цяпер мае штучны характар, мяркуе ён, а долар і еўра растуць «натуральным» чынам і будуць працягваць рост.
«Ёсць некалькі законапраектаў у Кангрэсе ЗША, якія прадугледжваюць жорсткія фінансавыя санкцыі супраць Расіі: і забарона на куплю новай дзяржаўнай запазычанасці, і забарона на аперацыі з расійскімі дзяржаўнымі банкамі... — пералічвае ён. — Ды з тымі ж дзяржаўнымі банкамі сфармулявана так: прыведзены спіс найбуйнейшых васьмі і дададзена, што прэзідэнт можа ўвесці санкцыі супраць аднаго ці некалькіх са спісу. Можа не быць ніякіх санкцый. Могуць быць да ўсіх дзяржаўных банкаў адначасова, што тэарэтычна паралізуе расійскую банкаўскую сістэму».
Праз тое, што немагчыма прадказаць эфект санкцый на курс расійскага рубля, немагчыма і прадказаць лёс курса беларускага рубля да расійскага, рэзюмуе Іосуб.