Нацбанк Беларусі павышае стаўку рэфінансавання да 8,5%

Нацыянальны банк Беларусі прыняў рашэнне павялічыць стаўку рэфінансавання на сённяшнім пасяджэнні па грашова-крэдытнай палітыцы.

_hroszy___zycce___infljacyja__fota_dzmitryeu_dzmitry_novy_czas_logo_1.jpg


З 21 красавіка стаўка рэфінансавання павялічыцца на 0,75 працэнтных пункта і складзе 8,5% гадавых. Стаўка па крэдыце овернайт павялічыцца да 9,5% гадавых, а па дэпазіце овернайт — да 7,5% гадавых, піша REFORM.by.

Як адзначаецца ў прэс-рэлізе рэгулятара, рашэнне прынята з улікам «комплексу знешніх і ўнутраных фактараў, якія ўплываюць на бягучую і будучую дынаміку спажывецкіх цэн».

Нацбанк тлумачыць паскарэнне інфляцыі уплывам аслаблення беларускага рубля, а таксама шокамі прапановы на асобных таварных рынках у 2020 годзе. Гэтая тэндэнцыя захавалася і ў пачатку гэтага года. Інфляцыя працягнула паскарацца пад уплывам росту сусветных цэн на харчовыя тавары, павелічэння кошту імпарту ў сувязі з ростам выдаткаў на лагістыку, а таксама перабоямі ў пастаўках асобных тавараў з-за пандэміі. Дадатковым праінфляцыйным фактарам Нацбанк называе адмену льгот на ПДВ у Беларусі. Усё гэта прывяло да росту інфляцыйных чаканняў, пашырыўся пералік тавараў і паслуг спажывецкага кошыка, цэны на якія сталі расці больш высокімі тэмпамі. У сакавіку гадавы прырост ІСЦ склаў 8,5%.

Нацбанк прыняў шэраг мер, накіраваных на ўзмацненне кантролю за грашовай прапановай.

Рэгулятар адзначае, што ў бліжэйшай перспектыве павышаны інфляцыйны фон захаваецца, бо шэраг развітых краін працягваюць праводзіць стымулюючую грашова-крэдытную палітыку. Высокая інфляцыя чакаецца ў краінах — гандлёвых партнёрах Беларусі, у прыватнасці, у Расіі. Нацбанк таксама бачыць рызыкі далейшага росту цэн імпарту.

Стрымліваючым фактарам для інфляцыі выступіць слабы спажывецкі і інфляцыйны попыт унутры краіны.

«У гэтых умовах з мэтай абмежавання праінфляцыйных рызык і ўзмацнення мер у галіне кантролю над грашовай прапановай праўленнем Нацыянальнага банка прынята рашэнне аб павышэнні стаўкі рэфінансавання на 75 базісных пунктаў», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.

Нацбанк чакае, што ў другім квартале тэмпы росту цэн будуць зніжацца. Аднак паскарэнне інфляцыі захавае свой уплыў на цэны на працягу ўсяго года. У снежні 2021 года прырост спажывецкіх цэн ацэньваецца каля 7%. Зніжэнне да мэтавага арыенціру ў 5% чакаецца толькі ў другім квартале 2022 года.

«Пры разглядзе пытанняў па грашова-крэдытнай палітыцы праўленне Нацыянальнага банка па-ранейшаму будзе зыходзіць з неабходнасці падтрымання цэнавай стабільнасці. Рашэнні, якія прымаюцца, будуць грунтавацца на ўсебаковым аналізе знешніх і ўнутраных фактараў з улікам працягласці іх уплыву і магчымых другасных эфектаў, а таксама на ацэнцы інфляцыйных рызык», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.