За крок да адстаўкі? Калаур прызначаны прадстаўніком Беларусі ў Міждзяржаўным банку

Старшыня праўлення Нацбанка Беларусі Павел Калаур стаў паўнамоцным прадстаўніком Беларусі ў Савеце Міждзяржаўнага банка. Таксама прызначаныя яго намеснікі.

Павел Калаур. Фота: прэс-служба Нацбанка

Павел Калаур. Фота: прэс-служба Нацбанка


Пра гэта гаворыцца ва ўказе №143, паведамляе REFORM.by.

Намеснікамі Калаура ў Савеце Міждзяржаўнага банка сталі першы намеснік старшыні праўлення Нацбанка Сяргей Калечыц і намеснік міністра фінансаў Вольга Тарасевіч.

Міждзяржаўны банк быў створаны краінамі СНД у 1993 годзе. Асноўны напрамак працы Міждзяржаўнага банка — рашэнне пытанняў, якія ўзнікаюць пры супрацоўніцтве краін Садружнасці Незалежных Дзяржаў у галіне фінансаў.

Асаблівасцю паслуг банка з’яўляецца тое, што Міждзяржаўны банк ажыццяўляе плацяжы выключна з выкарыстаннем нацыянальных валют. Курс адной нацыянальнай валюты да іншай нацыянальнай валюты усталёўваецца максімальна набліжаным да курсу, які ўстанаўліваецца нацыянальнымі банкамі. Такім чынам адпадае неабходнасць праводзіць канверсійныя аперацыі праз трэцюю валюту (долар ЗША).