«Наша эканамічная мадэль дазволіла дасягнуць вынікаў у два разы горшых, чым у суседніх краінах»
Блогер і бізнесмен Аляксандр Кныровіч звярнуў увагу на даклад-прэзентацыю кіраўніцы навукова-даследчага эканамічнага інстытута Мінэканомікі Наталлі Берчанка. З яго бачна, што апошнія 13 гадоў эканоміка Беларусі падае, а не расце — і гэта выдаецца за дасягненне.
Даклад Наталлі Берчанка прысвечаны «вынікам паспяховага развіцця Рэспублікі Беларусь за апошнія 28 гадоў». Кныровіч вырашыў паглядзець, ці могуць лічбы ў ім казаць пра поспехі ў нашай эканоміцы.
— З пункту гледжання Берчанка, мы павінны выхваляцца, што ВУП па парытэце пакупніцкай здольнасці вырас за 28 гадоў у 5,2 разы. Брава, мы малайцы! Але ёсць удакладненні. За гэты ж час гэты ж ВУП Польшчы вырас больш, чым у 9 разоў. Гэта значыць, у гэтым перыядзе Польшча развівалася хутчэй прыблізна ўдвая, чым Беларусь.
Эксперт таксама звяртае ўвагу на ВУП па ППС у тысячах долараў на душу насельніцтва ў іншых краінах і ў Беларусі: у Польшчы гэта лічба — 37,5; у Літве — 42,6; у Чэхіі — 44,2; у Беларусі — 21,6.
— Але і не гэта самае цікавае. Калі меркаваць па лічбах, якія падала нам Наталля, то аказваецца, што раслі мы да 2010 года, а пасля ўжо як бы падалі. Гэтыя лічбы адлюстроўваюцца ў такім паказчыку, як наш ВУП да агульнага ўзроўню сусветнага ВУП. Раней ён быў 0,16%, а цяпер — 0,14%. Гэта значыць што адносна сусветнай апошнія 13 гадоў эканоміка Беларусі падае, а не расце. Радуе, што ўсё гэта напісана ў дакладзе аб дасягненнях.
На гэтым жа слайдзе паказаны суадносіны паміж Беларуссю і ЗША па ППС на душу насельніцтва з улікам ужо розніцы ў цэнах — яны складаюць 31%.
Акрамя ўсяго іншага, даследчыца лічыць, што ўзровень малазабяспечанасці беларускага насельніцтва знізіўся: сёння мы назіраем 4,1% людзей, якія маюць даход, ніжэйшы за пражытачны мінімум. Берчанка робіць выснову, што за 28 гадоў колькасць такіх людзей зменшылася ў 9 з невялікім разоў.
— Наталля лічыць, што гэта выдатна. І побач адзіны раз за ўвесь даклад прыводзіцца параўнальная табліца, дзе напісана, што ў Польшчы колькасць малазабяспечаных людзей — 14%. Цікавасць у тым, што Наталля схлусіла.
Калі паглядзець у польскую статыстыку, высвятляецца, што так, ёсць узровень малазабяспечанасці, натуральна, у Польшчы ён значна вышэйшы, бо тут больш багатыя людзі. Але колькасць людзей, якія жывуць ніжэй за пражытковы мінімум — таксама 4%. А тая лічба, якую напісала Наталля — гэта колькасць людзей, якія маюць даходы, ніжэйшыя за палову ад сярэдніх па краіне.
Гэта значыць, у беларускіх рэаліях гэта былі б людзі, якія маюць даходы ніжэйшыя за 900 рублёў. У Польшчы іх 14%, у Беларусі, мяркую, каля 40%.
Асобны слайд свайго даклада даследчыца прысвячае развіццю канкурэнтаздольнасці з нарошчваннем экспартнага патэнцыялу. Тут Берчанка піша пра беларускі экспарт, які летась дасягнуў $38,3 мільярда, што ў 15 разоў больш, чым у 1994 годзе.
— І тут чарговае «але». У Літве экспарт летась склаў больш за 50 млрд долараў. Нагадаю, у Літве пражывае 2,8 мільёна чалавек, пры гэтым экспарт там у 1,5 разы большы, чым у Беларусі. У Польшчы экспарт склаў 400 мільярдаў долараў. Але гэтага няма ў справаздачнасці.
Наступны слайд прысвечаны ўмацаванню харчовай бяспекі. Вось у гэтым мы вельмі моцныя — паесці ў краіне сапраўды ёсць чаго: малако, сыры, яйкі, крупы.
Сярэдні надой малака ад адной каровы ў Беларусі — 5,4 тоны. Здавалася, нам зноў трэба радавацца. Але зазірнём у сусветную статыстыку і высветлім, што чамусьці беларуская карова доіцца дзесьці на 40% горш, чым польская (польскі паказчык — 8,9 тон малака ў год). А калі мы зазірнём у паказчыкі Ізраіля і ЗША (13,4 і 10,5 тон адпаведна), высветліцца, што беларускія каровы зусім непатрыятычныя.
Далей Наталля Берчанка прыводзіць даныя росту дабрабыту грамадзян. Напрыклад, пагаджаецца Кныровіч, сапраўды вырасла доля зберажэння.
— Беларусы сталі больш зберагаць. У параўнанні з 1995 годам, калі беларусам зберагаць абсалютна не было чаго і краіна практычна была ў галечы, цяпер у іх сякія-такія грошы на рахунках ёсць.
Але мы глядзім наступны паказчык — долю выдаткаў на прадукты харчавання. Аказваецца, ён у нас на ўзроўні 40%. І па апошніх даных, у 2023 годзе ён працягвае расці. Гэта значыць, мы такая багатая краіна, так любім паесці, што 40% даходаў беларускіх грамадзян сыходзяць толькі на прадукты харчавання. У адрозненне ад сярэднееўрапейскага паказчыка каля 20%.
Апошняе, што аналізуе Кныровіч у першай частцы разбору даклада Берчанка — слайд з паказчыкам забяспечанасці беларусаў жыллём. З пункту гледжання Наталлі, забяспечанасць жыллём вырасла ў 1,5 разы — сёння гэта прыкладна 29 квадратных метраў на чалавека.
— І зноў гэты паказчык прыкметна ніжэйшы, чым сярэдні па Еўропе, але і ў ім ёсць маленькая падрабязнасць. Трэба памятаць, што за гэтыя гады колькасць насельніцтва Беларусі знізілася на 1,2 мільёна чалавек, гэта значыць больш чым на 10%.
Натуральна, калі вы бераце адну і тую ж лічбу (у нас гэта крыху больш за 280 мільёнаў квадратных метраў) і спачатку дзеліце на 10,4 мільёна, а потым на 9,2, то вынік сам па сабе атрымліваецца лепшым незалежна ад таго, будавалі жыллё ці не. Атрымліваецца, калі мы будзем паміраць або з'язджаць хутчэй, гэты паказчык будзе расці яшчэ большымі тэмпамі, — заключае Аляксандр Кныровіч.