Аляксандр Кныровіч: Мы знаходзімся ў трэцім сезоне знішчэння прадпрымальнікаў
Блогер і бізнесмен аналізуе спіс відаў дзейнасці, якія чыноўнікі вырашылі пакінуць для індывідуальных прадпрымальнікаў. Гэты спіс, імаверна, скароціць колькасць ІПшнікаў у Беларусі напалову, калі не больш.
![_belarus_hroszy_ekanomika_kurs_infljacyja_fota_novy_czas__4__logo.jpg _belarus_hroszy_ekanomika_kurs_infljacyja_fota_novy_czas__4__logo.jpg](/img/v1/images/_belarus_hroszy_ekanomika_kurs_infljacyja_fota_novy_czas__4__logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Праект са спісам відаў дзейнасці, якімі, як чакаецца, змогуць працягнуць займацца ІП, з'явіўся ў сеціве, яго публікуюць у тым ліку юрысты і падатковыя кансультанты. Наколькі актуальная гэтая версія праекта, невядома. Хутчэй за ўсё, гэта адзін з апошніх варыянтаў, якім чыноўнікі вырашылі падзяліцца з бізнес-саюзамі і іншымі зацікаўленымі, паведамляе «Люстэрка».
З гэтага праекта вынікае, што ў спіс відаў дзейнасці, якімі могуць займацца ІП, не патрапілі ў тым ліку юрыдычныя паслугі, аптовы гандаль, кур'ерская дзейнасць.
Што тычыцца такой сферы дзейнасці, як «інфармацыя і сувязь», то з яе хочуць пакінуць камп'ютарнае праграмаванне, кансультацыйныя і іншыя спадарожныя паслугі. З адукацыі прапануюць пакінуць толькі «адукацыю ў галіне фізічнай культуры, спорту і адпачынку».
Раздробны гандаль у пераліку застаецца (за выключэннем гандлю аўтамабілямі і матацыкламі).
— Можа быць два падыходы да справы, — тлумачыць у інтэрв'ю «Філіну»Аляксандр Кныровіч. — Адзін заключаецца ў тым, што ў прынцыпе эканоміка, а значыць і насельніцтва краіны, прызнае, што індывідуальныя прадпрымальнікі — такія ж удзельнікі эканамічных адносін, як і ўсе іншыя суб'екты эканамічнай дзейнасці.
І ў гэтым выпадку спіс павінен быць адкрытым, гэта значыць павінна быць дазволена займацца ўсім, за выключэннем спецыфічных, звязаных з абсалютнай немагчымасцю відаў дзейнасці, напрыклад, правядзенне хірургічных аперацый дома.
Гэта значыць павінен быць нейкі спіс абмежаванняў, якія павінны быць выключэннямі. Але агульны падыход павінен быць такі, што ІП дазволена займацца ўсім, што наўпрост не забаронена.
![«Гудбай падаткі ў РБ. Бізнес з'ехаў у Польшчу» «Гудбай падаткі ў РБ. Бізнес з'ехаў у Польшчу»](/img/v1/images/1020020996_0_0_3000_1698_1920x0_80_0_0_50d547ccb2e6d3f12347ba4d403b0c4e.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Іншая справа — узровень падаткаабкладання. Гэта пытанне спрэчнае, ён заўсёды можа быць розны, але сам па сабе дазвол займацца бізнесам у той ці іншай форме не можа будавацца на думцы чыноўніка пра тое, што яму падабаецца ці не падабаецца.
Цяпер у нас ідзе чарговая серыя знішчэння ІП. Мяркую, урад і Лукашэнка паставілі задачу забіць ІП як від дзейнасці. Мы назіралі скарачэнне спісу, узмацненне жорсткасці падатковых нормаў і ліквідацыю магчымасці працаваць па спрошчанай сістэме падаткаабкладання.
Плюс трэба памятаць, што ў ІП было пад 70 тысяч наёмных супрацоўнікаў, і іх колькасць таксама паменшыцца, гэтыя людзі павінны будуць шукаць сабе працоўныя месцы.
Адзначу, што працэс скарачэння ІПшнікаў адбываецца незалежна ад чарговых рашэнняў улад — па прычыне іх невыжывальнасці ў беларускім асяроддзі.
Паводле звестак Белстата, за 2022 год самая вялікая колькасць ІПшнікаў займаліся аптовым і раздробным гандлем, рамонтам аўтамабіляў і матацыклаў — іх было 33%. Гэта значыць кожны трэці прадпрымальнік займаўся гэтым відам дзейнасці.
У сённяшняй рэдакцыі гэтага спісу прапануецца забіць цалкам аптовы гандаль ІП. Цяжка ацаніць, якую долю складалі менавіта аптавікі, але гэта значнае скарачэнне. Думаю, самы вялікі ўдар прыйдзецца менавіта на гэту катэгорыю.
Наступныя па спісе — транспартная дзейнасць, складзіраванне і паштовая кур'ерская дзейнасць (14,2%). Ад гэтай дзейнасці засталіся грузавыя перавозкі, але ліквідаваны пасажырскія.
Таксама ў спісе дазволеных відаў дзейнасці няма юрыдычных паслуг. Яны могуць быць значныя для сектара, але для эканомікі не з'яўляюцца масавай паслугай.
Гэта значыць асноўны ўдар прыйдзецца на будаўніцтва, пасажырскія перавозкі і аптовы гандаль.
![«Ва ўменні ствараць сабе нядобразычліўцаў яны не маюць сабе роўных» «Ва ўменні ствараць сабе нядобразычліўцаў яны не маюць сабе роўных»](/img/v1/images/maxresdefault_125.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Здзіўлены тым, што грамадскае харчаванне засталося ў спісе дазволеных відаў для ІП з невядомых для мяне прычын.
Мы вяртаемся да старых заганных практык пад назвай «Я ўцякаю — ты даганяеш» і наадварот. Нічога добрага для бюджэту не будзе, мы бачым, як ужо цяпер скарачаецца ўнёсак у бюджэт малога і сярэдняга бізнесу.