Куды коцяцца заробкі беларусаў?

Кудысьці не туды мы заехалі з нашай «сацыяльна арыентаванай дзяржавай» і «беларускім эканамічным цудам». І гэта сапраўды цуд: у еўрапейскай краіне з «мадэрнізаванай» прамысловасцю і моцным ІТ-сектарам мець заробкі ці не ніжэй, чым у Афрыцы.

1467826717_e_news.su_2cfcf0cs_960.jpg

Пра нізкія заробкі — гэта выснова інстытута Credit Suisse, спецыялісты якога склалі карту сярэдніх заробкаў па свеце за 2018 год. На карце відаць моцнае адрозненне паміж Усходам і Захадам Еўропы. Так, у зялёныя, «багатыя колеры», афарбаваныя такія краіны, як Германія, Францыя, Англія, Фінляндыя, Італія і гэтак далей. Зялёны колер азначае сярэдні даход насельніцтва ад 100 да 499,9 тысячы долараў на год, паведамляецца на сайце howmuch.net.

На фоне гэтага моцна вылучаецца Беларусь, якая афарбаваная ў ружовы колер. Ён азначае сярэдні заробак ад адной тысячы да пяці тысяч долараў на год.

Нават максімум — пяць тысяч долараў на год — гэта крыху больш за 400 долараў на месяц. То бок, ніякіх «па пяцьсот» няма і блізка.

У Еўропе ёсць толькі дзве «ружовыя» краіны — мы і нашая суседка з поўдня, Украіна. Але ва Украіне ідзе вайна. А ў нас што?

Можна, канешне, не ве­рыць статыстыцы капіталістаў. Маўляў, зайздросцяць яны «беларускаму эканамічнаму цуду», таму і малююць такія прыкрыя карты. Але ж, пэўна, варта верыць інфармацыі ад праўладнай Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі?

Супрацоўнікі ФПБ у траўні гэтага года выявілі ў краіне аж 35 раёнаў, дзе надзвычай нізкі ўзровень заробкаў, які не дазваляе набываць нават неабходны мінімальны ўзровень тавараў і паслуг. Прадстаўнікі прафсаюзаў выязджалі ў асобныя раёны, каб выявіць прычыны, з-за якіх утварылася такая прыкрая сітуацыя. Гэтае пытанне ў чэрвені таксама ўздымалася на пасяджэнні Нацыянальнага савета прафсаюзаў.

Як паведамляе ФПБ, «адміністрацыйна праблема была часткова вырашана ў 29 раёнах». У выніку праблема вельмі нізкіх заробкаў, нібыта, засталася актуальнай толькі для 6 раёнаў Віцебскай і Магілёўскай абласцей.

Аднак не трэба радавацца, што мы так паспяхова змагаемся з жабрацтвам (а як інакш назваць сітуацыю, калі чалавек працуе, а за працу атрымлівае менш за пражытковы мінімум?). Галоўныя словы ў паведамленні ФПБ — «адміністрацыйна» і «часткова». То бок, гэтыя нібыта ўжо «паспяховыя» 29 раёнаў — ніякія насамрэч не паспяховыя. А «адміністрацыйна» азначае: людзям, канешне, паднялі заробак (што не можа не радаваць), аднак не коштам стварэння якаснай прадукцыі і яе продажу, а коштам субсідый, займаў, крэдытаў… А такія грошы маюць уласцівасць вельмі хутка заканчвацца, пасля чаго заробак зноў упадзе, а прадпрыемства застанецца на ранейшым узроўні — аднак ужо з пазыкамі…

Ці ёсць у нас нейкае святло ў канцы тунелю? Можа быць, грошы, якія недаплачваюць працоўным, ідуць на развіццё вытворчасці?

І з гэтым праблемы. Іншыя капіталісты, ужо з Міжнароднага валютнага фонду, прагназуюць запаволенне росту ВУП у Беларусі. Згодна з іх прагнозам, у 2019 годзе валавы ўнутраны прадукт Беларусі вырасце ўсяго на 2,5%. Летам у беларускім урадзе абмяркоўвалі больш высокія лічбы — ад 2,8% да 4,1%.

Варта зазначыць, што за апошнюю пяцігодку прагнозы такіх арганізацый, як МВФ і Сусветны банк, для Беларусі па росце ВУП і інфляцыі спраўджваліся амаль заўсёды. І гэтым лічбам больш даверу, чым таму ж беларускаму ўраду, які часцяком з прагнозамі «памыляецца».

Але ж нават 2,5% ВУП — гэта рост? Насамрэч, не — лічаць эканамісты. Напрыклад, кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка кажа, што сусветная дынаміка па ВУП прагназуецца на ўзроўні 4%. «Таму названая лічба — гэта занадта мала, каб спыніць разрыў, які ўвесь час павялічваецца. Беларусі хаця б вярнуцца да паказчыкаў дакрызіснага ўзроўню. Пасля 2014 года беларускі ВУП зваліўся амаль на 40% у доларавым эквіваленце. Каб вярнуцца на ранейшы ўзровень, трэба, каб эканоміка расла па 10% на год», — сказаў Леанід Заіка UDF.BY.

І развіццю эканомікі не дапамогуць ані прагрэсіўныя змены ў заканадаўстве, ані дэкрэты аб развіцці прадпрымальніцтва ці ІТ. Таму што, паводле меркавання Заікі, гэтыя дакументы «не адпавядаюць ідэалогіі беларускіх бюракратычных элітаў».

«Ні 2%, ні 3%, ні 4% нічога не дадуць. Павінна быць мінімум 8,5% на год», — лічыць іншы эканаміст, Леў Марголін. Пры гэтым ён адзначае, што лічба росту ВУП у 2,5% «знаходзіцца ў раёне статыстычнай памылкі». І нагадвае, што нядаўна чыноўнікі абяцалі рост ВУП да $100 мільярдаў да 2025 года. «Любы чалавек, які валодае матэматыкай, можа палічыць, якімі ў такім разе павінны быць тэмпы росту ВУП. Мінімум 8,5% на год», — адзначыў ён.

А такія тэмпы эканамічнага росту для нас недасягальныя. Чаму? Пра гэта сто разоў пісалася: найперш, пра наш інвестыцыйны клімат, нязбыўную карупцыю і адсутнасць прыватызацыі. Што, у сваю чаргу, не дазваляе ствараць эфектыўныя прадпрыемствы і высокааплатныя працоўныя месцы.

Дык што ж рабіць простаму чалавеку? Толькі дапамагаць сабе самому. Днямі TUT.BY пісаў пра страйк на сталічным прадпрыемстве па вытворчасці дзвярэй «ВКТ Канстракшн». «Мы ўжо другі дзень бастуем — два цэхі стаяць. Нам некалькі месяцаў не выплачваюць заробак. За верасень яшчэ нейкія капейкі далі, на гэтым усё», — распавёў адзін са страйкоўцаў. «За верасень і кастрычнік заробак яшчэ не выплачвалі, — кажа мужчына. — Свае абавязацельствы — плаціць зарплату — кіраўніцтва выконваць не хоча. Заказы ў прадпрыемства ёсць, адгрузкі ідуць. Але дырэктар кажа, што грошай у нас няма. Нас прыкладна 80 чалавек. І ўсім не даюць зарплату».

Усяго на заводзе працуюць 150 чалавек. То бок, затрымкі з заробкам — у паловы.

І такія пратэстныя акцыі адбываюцца па краіне ўсё часцей. У жніўні ў Віцебскай вобласці ўспыхнуў стыхійны страйк рабочых Сенненскай раённай жыллёва-камунальнай гаспадаркі з-за зарплаты ў 70 рублёў (!) на месяц, а таксама бунт дворнікаў з-за скарачэння заробкаў у Бабруйску. У кастрычніку работнікі сельгаспрадпрыемства «Некрашынскі» пад Гомелем правялі страйк, пратэстуючы супраць звальнення свайго кіраўніка, — і паспяхова. «Званочкі» паступалі і з «флагманаў беларускай індустрыі».

Мы заехалі яўна не туды. Хутчэй назад, у 1990-я.