«Падатак на валюту» прывядзе да спынення працы беларускіх прадпрыемстваў

Бізнэс пастаўлены ў такія ўмовы, пры якіх не можа планаваць сваю дзейнасць.



szto_rabic.jpg

Пра гэта заявіў БелаПАН старшыня Беларускага саюза прадпрымальнікаў Аляксандр Калінін, каментуючы апошнія пастановы ўладаў на валютным рынку.
«У рэальным сектары назіраецца разгубленасць. Мы правялі анкетаванне прадпрыемстваў нашага саюза і бачым, што самае простае сёння для суб'ектаў гаспадарання — спыніцца, нічога не рабіць, распусціць работнікаў на вакацыі і чакаць далейшага развіцця падзей», — паведаміў Калінін.
Ён адзначыў, што 20-адсоткавы валютны падатак, які юрыдычныя асобы паводле новых правілаў павінны выплачваць пры куплі замежнай валюты, яны не могуць уключаць у склад выдаткаў, а павінны выплачваць за кошт чыстага прыбытку. Гэта заганяе прадпрыемства ў страты, падкрэсліў кіраўнік бізнэс-саюза. У прыватнасці, страты могуць атрымаць тыя суб'екты гаспадарання, якія маюць абавязанні ў замежнай валюце, удакладніў ён.
«Планаваць сваю дзейнасць, асабліва экспартна-імпартныя аперацыі, бізнэсу сёння немагчыма», — падкрэсліў Калінін. Толькі пасля абвяшчэння афіцыйнай дэвальвацыі і выхаду на адзіны курс беларускага рубля можна будзе казаць аб пераходзе прадпрыемстваў на прагназаваны рэжым працы, дадаў ён.
Падобнага меркавання прытрымліваецца старшыня Рэспубліканскага клуба фінансавых дырэктараў Андрэй Карпунін. «Фактычна ўсе бізнэс-планы, якія былі падрыхтаваныя фінансавымі дырэктарамі ў апошнія месяцы 2014 года, ляглі ў смеццевы кошык. Толькі пасля скасавання валютнага збору, выхаду на адзіны курс і навядзення парадку на валютным рынку фінансавыя дырэктары сядуць рыхтаваць новыя бізнэс-планы на 2015 год», — адзначыў ён.
Нагадаем, з 20 снежня 2014 года ў Беларусі юрыдычныя і фізічныя асобы абавязаныя выплачваць 30-адсоткавы збор пры набыцці замежнай валюты. Неабходнасць прыняцця гэтай пастановы ўлады патлумачылі ажыятажным попытам на замежную валюту. Пазней Нацбанк панізіў памер збору да 20% у сувязі з «нармалізацыяй сітуацыі на фінансавым і валютным рынках рэспублікі».
naviny.by