Павышэнне пенсій — маленькі пернік электарату

Ад 1 верасня ўрад Беларусі павысіў пенсіі на 5%. Гэта, бадай, адзіны пернік, якім улада можа задобрыць электарат перад прэзідэнцкімі выбарамі. Таму што грошай айчыннай эканоміцы не хапае проста катастрафічна.



penn.jpg

Паводле найвышэйшага Указа № 352 “Аб павышэнні пенсій”, паведамляе БЕЛТА, пераразлік працоўных пенсій адбываецца ад 1верасня шляхам карэктыроўкі фактычнага заробка пенсіянераў, сыходзячы з сярэдняй заработнай платы працоўных, якая прымянялася падчас папярэдняга пераразліку пенсій з павышэннем яе велічыні на 5,5%.  

Нагадайма, што папярэдні пераразлік меў месца ў лістападзе 2014 года, калі сярэдні заробак складаў 5 мільёнаў 625 тысяч 300 беларускіх рублёў. Паказнік праіндэксаванага на 5,5% сярэдняга заробку складае 5 мільёнаў 934 тысячы 700 рублёў. Вось шляхам такіх чыноўных пераразлікаў павышэнне пенсій і скаладае цяпер 5%. Зараз сярэдняя пенсія складзе ажно 2 мільёны 799 тысяч 900 рублёў (каля 162 долараў у эквіваленце). Дарэчы, на 1 жніўня на ўліку ў органах па працы, сацыяльнай занятасці і сацыяльнай абароне састаялі 2 мільёна 574 тысячы 900 пенсіянераў. 

Вяртаючыся да памеру сярэднй пенсіі, то гэта як сярэдняя тэмпература па шпіталі. Таму што ў кожнага пенсіянера велічыня пенсіі будзе залежаць ад індывідуальных параметраў, як то стаж працы, велічыня заробка да зварота па пенсію і гэтак далей. Агулам дадатковыя выдаткі на павелічэнне пенсій складуць 346 мільярдаў рублёў за месяц. Адкуль дзяржава мае браць такія грошы ва ўмовах, калі яна пражывае крызіс, калі залатавалютныя запасы нішчэюць, а новых крэдытаў у бліжэйшай перспектыве не прадбачыцца?

Па словах доктара эканамічных навук, прафесара Барыса Жалібы, у Беларусі фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, з якога выплачваюцца пенсіі люду паспалітаму, ніколі не быў празрыстым. “Нядаўна чыноўніца Бачыла, якая распараджаецца гэтым фондам, заяўляла, што грошай няма. Але потым Лукашэнка сказаў, што гэтыя 5% трэба наскрэсці. Чыноўнікі атрымалі адпаведнае ўказанне, пры гэтым ім паведамілі пра адпаведныя крыніцы, дзе атрымаць гэтыя грошы. Да таго ж, наш бюджэт у цэлым непрызрысты, магчыма, адтуль возьмуць яшчэ нешта”, — мяркуе эканаміст. Але ён не выключае яшчэ адно выйсце: “Магчыма, зноўку ўключаць друкавальны станок, і гэта адразу ж адлюструецца на тэмпах інфляцыі”.   

Да таго ж, кажа ён, гэтае павышэнне не палепшыць стан пенсіянераў. “Гэтае павышэнне пенсій, паводле падлікаў, складзе недзе 130 тысяч беларускіх рублёў, і гэтага не заўважыць ніхто паводле цяперашніх коштаў. Іншае пытанне — менталітэт нашых пенсіянераў. Гэта пераважна людзі сталага веку, яны кансерватыўныя і баяцца ўсіх пераменаў. Яны застаюцца электаратам улады, хоць і не ўсе. Многія пад канец жыцця, аднак, пачынаюць усё разумець”, — адзначае Барыс Жаліба.

Дырэктар па даследваннях Ліберальнага клуба Яўген Прэйгерман упэўнены, што такія крокі не здымаюць балявых шокаў для людзей паважанага веку, як то дэвальвацыя, інфляцыя, якія сягаюць памераў значна большых, чым 5%. “Але нават такое павышэнне будзе прыемным шмат каму з пенсіянераў, асабліва перад выбарамі. Чыста тэхнічна гэта можна рабіць, тым больш што ў нас апошнімі днямі выйшла статыстыка па бюджэце, які прафіцытны. Іншая справа, што прафіцыт бюджэта тлумачыцца вельмі вялікімі знешнімі выплатамі, на што і прадугледжаны гэтыя прафіцытныя сродкі. Тым не менш, нешта недзе выняць і кінуць на іншыя мэты (на пенсіі) заўжды можна”, — лічыць суразмоўца “Новага Часу”.

У кантэксце прэзідэнцкіх выбараў, працягвае Яўген Прэйгерман, любая ўлада імкнецца найбольш станоўчым чынам падысці да самых галоўных выбараў, падкінуўшы электарату хоць што-небудзь. Хоць і без мінулага фанатызму. “Насамрэч, сёлета ўлады паводзяць сябе вельмі стрымана. Такога імклівага павышэння даходаў насельніцітва, як гэта назіралася раней, няма, бо гэтага кіраўніцтва кроіны не можа сабе дазволіць. З іншага боку, гэта і добра, калі ўлады не спрабуюць ламаць сябе і ўсю фінансавую сістэму праз калена”, — упэўнены эксперт.

Гэта таму, адзначае ён, што сітуацыя ў эканоміцы краіны зараз вельмі сур’ёзная. “Раней ніколі такога не было. Цяпер ужо можна параўноўваць узніклую сітуацыю з ледзьве не з сярэдзінаю 90-х гадоў, бо мы назіраем устойлівае падзенне валавага ўнутранага прадукта бадай ці не ўпершыню з тых часоў. Сітуацыя цяжкая, усе гэта разумеюць, як разумеюць і тое, што неяк жыць трэба будзе і пасля кастрычніка. Таму, хочаш ці не, адказнасць існуе. Больш за тое, няма ніякіх прыкметаў таго, што апаненты скарыстаюцца ўзніклай сітуацыяй. Мы бачым, што апаненты ўлады слыбыя як ніколі. Больш за тое, у эканамічным плане яны нічога з сябе не ўяўляюць. Асабліва на тле ўнутраных разборак у апазіцыі ніякіх праблем для ўлады няма”, — кажа суразмоўца.

Плюс, ёсць неаобходнасць весці перамовы са знешнімі  крэдыторымі, з тым жа Міжнародным валютным фондам, фондам стабільнасці і развіцця ЕАЭС, якія высоўваюць патрабаванні па макраэканамічнай стабілізацыі і правядзенні больш жорсткай грашова-эканамічнай палітыкі. Таму гэтыя сціплыя крокі кіраўніцтва краіны таксама ёсць стрымліваючым чыннікам, хоць ён і не прывалюе. “Але я думаю, што гэта разумеюць і ў атачэнні Аляксандра Лукашенкі і даводзяць да яго гэтыя рэчы, бо ўяўляюць важнасць азначаных праблем. Для МВФ і іншых фінансавых структур неабходна атрымаць знак, што не толькі ўрад Беларусі і Нацыянальны банк разумеюць важнасць гэтых праблем, але і прэзідэнт, які ўрэшце рэшт пацвердзіць сваю гатоўнасць да рэформаў”, — рэзюмуе Яўген Прэйгерман.