Прадпрыемствы-банкруты не выплацілі беларусам 20 мільёнаў рублёў

У Беларусі ўсё больш прадпрыемстваў-банкрутаў назапашваюць даўгі па зарплаце і выплатах у ФСАН, і, як правіла, крыніц для пагашэння гэтай запазычанасці ў іх няма, адзначаюць у Федэрацыі прафсаюзаў.

money2301_0.jpg

«І мы разумеем, што гэтыя сумленна заробленыя грошы людзі не атрымаюць, паколькі пры ліквідацыі прадпрыемства даўгі прызнаюцца згашанымі», — канстатуюць прафсаюзы, якія не першы год ўздымаюць гэтую праблему, але ўлады марудзяць з яе рашэннем.
— Толькі тыя арганізацыі, якія былі ліквідаваныя ў мінулым годзе, засталіся павінны сваім работнікам парадку 9 млн рублёў. Гэта і заработная плата, і ўзносы ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, — паведаміў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Міхаіл Орда. — З улікам даўгоў за папярэднія гады гэтая сума складае каля 20 млн рублёў. І мы разумеем, што гэтыя сумленна заробленыя грошы людзі не атрымаюць, паколькі пры ліквідацыі прадпрыемства даўгі прызнаюцца пагашанымi.
Паводле яго слоў, у Беларусі няма механізмаў, якія дазваляюць вярнуць або кампенсаваць работнікам іх заробак, нават часткова. Прафсаюзы адзначаюць, што «ўсё гэта прыводзіць да таго, што людзі аказваюцца ў вельмі складанай сітуацыі: пазбаўляюцца працы і заробку, пры гэтым губляюць частку свайго страхавога стажу і не могуць разлічваць на годную пенсію».
— Мы вывучылі міжнародны вопыт у гэтай сферы. У многіх краінах створаны спецыяльныя фонды для выплаты заработнай платы работнікам прадпрыемстваў-банкрутаў. Мы прапануем укараніць падобныя падыходы і ў нашай краіне. Гэтае пытанне мы прапрацоўваем з сацыяльнымі партнёрамі ужо на працягу двух гадоў, — заявіў Міхаіл Орда.
Гэтую праблему абмяркоўвалі на VIII з'ездзе Федэрацыі прафсаюзаў, які адбыўся 28 лютага ў Мінску. Аляксандр Лукашэнка, які прымаў у ім удзел, паабяцаў абмеркаваць ідэю ФПБ аб стварэнні спецфонду па выплаце зарплаты прадпрыемствам-банкрутам. «Мы правядзем нараду і выпрацуем збалансаваную пазіцыю. Галоўнае - усе прапановы павінны быць рэальна пралічаныя на перспектыву, адказваць інтарэсам і прадпрыемстваў, і работнікаў», — адзначыў кіраўнік краіны.
У канцы 2019 года прафсаюзы заяўлялі, што ў Беларусі распрацавалі канцэпцыю абавязковага страхавання работнікаў ад нявыплаты заробку на выпадак, калі арганізацыя або прадпрыемства, дзе яны працавалі, збанкрутуе.
Па канцэпцыі, прадпрыемствы і арганізацыі, якія тэарэтычна могуць стаць банкрутамі, павінны будуць рабіць адлічэнні ў спецыяльны фонд. Унёскі невялікія — усяго чатыры сотыя працэнта ад фонду аплаты працы. Потым з гэтага фонду работнікам прадпрыемстваў, якія абанкруціліся, будуць плаціць зарплату і рабіць за іх адлічэнні ў ФСАН.
Прафсаюзы не першы год выступаюць за тое, каб у Беларусі ўвялі новы механізм страхавання рызык нявыплаты заробку пры банкруцтве арганізацыі. У краіне, як тлумачыў раней старшыня федэрацыі Міхаіл Орда, досыць часта ўзнікаюць сітуацыі, калі прадпрыемствы, якія адчуваюць эканамічныя цяжкасці, не выплачваюць за сваіх супрацоўнікаў страхавыя ўнёскі. «А бо калі арганізацыя не плаціла ў ФСАН, то ў людзей не фармуецца страхавой стаж», — адзначалі прафсаюзы.
tut.by