Рызыкі альтэрнатыўнай энергетыкі

Краіны, якія хочуць развіваць атамную энергетыку, мусяць рэальна ацэньваць рызыкі зменлівасці і нестабільнасці геапалітыкі. Таму найперш варта думаць пра тое, як здабываць энергію, не разбураючы навакольнае асяроддзе. Такое меркаванне выказаў прэм’ер-міністр федэральнай зямлі Брандэнбург (ФРГ) Маціяс Плацэк падчас свайго візіту ў Мінск.



de7092ba6df4276921d27a3704c57998.jpg

Краіны, якія хочуць развіваць атамную энергетыку, мусяць рэальна ацэньваць рызыкі зменлівасці і нестабільнасці геапалітыкі. Таму найперш варта думаць пра тое, як здабываць энергію, не разбураючы навакольнае асяроддзе. Такое меркаванне выказаў прэм’ер-міністр федэральнай зямлі Брандэнбург (ФРГ) Маціяс Плацэк падчас свайго візіту ў Мінск.
Палітык меў шэраг сустрэч з кіраўніцтвам Беларусі, падчас якіх абмяркоўваліся варыянты супрацоўніцтва ў галіне лагістыкі, энергетыкі, выкарыстання альтэрнатыўных крыніц энергіі. У прыватнасці, як перадае Інтэрфакс, Германія зацікаўленая ў развіцці супрацоўніцтва з Беларуссю ў лагістычнай сферы і не выключае магчымасці інвестыцый у будаўніцтва лагістычных цэнтраў. “У Беларусі ёсць дзяржаўная праграма па развіцці лагістычных паслуг, і мы хацелі б, каб была магчымасць выкарыстаць наш досвед. Цалкам верагодна, што мы прыйдзем і да інвестыцый будаўніцтва лагістычных цэнтраў, — расказаў прэм’ер-міністр зямлі Брандэнбург журналістам. Немцы зацікаўленыя ў развіцці транспартнага калідору “Парыж — Берлін — Варшава — Мінск — Масква.
Варыянты супрацоўніцтва ў энергетычнай сферы абмяркоўваліся падчас “Майстэрні будучыні — сумеснага праекта Беларусі, Германіі і ЕС, які прадугледжвае ў 2011 годзе старт будоўлі ў Мінску энергапасіўнага будынку. Паводле задумы аўтараў, праект будзе наглядна дэманстраваць магчымасці прымянення энергазберагальных тэхналогій, узнаўляльных крыніц энергіі ў будаўніцтве. Спадар Плацэк лічыць, што Беларусі можа быць карысны досвед Германіі ў галіне развіцця сучасных энергатэхналогій.
Маціяс Плацэк з’яўляецца адным з заснавальнікаў «Зялёнай лігі» у ФРГ, мае дыплом у галіне біямедыцынскай кібернетыкі. У 1990–1998 гадах займаў пасаду міністра навакольнага асяроддзя зямлі Брандэнбург.
Разам з тым, Маціяс Плацэк зазначае, што цяпер і да альтэрнатыўнай энергетыкі падыход мусіць быць узважаны. “Раней мы думалі, што выкарыстанне ўзнаўляльных крыніц энергіі не нясе праблем. Але цяпер рызыкі, звязаныя з гэтай канцэпцыяй, нельга недаацэньваць. Напрыклад, важна не спыніць плынь турыстаў, актыўна засвойваючы альтэрнатыўную энергетыку. Выкарыстанне біямасы мае этычны складнік: ці не станецца так, што фермерам больш выгодна будзе вырошчваць не зерне для хлеба, а аддаваць палі пад біямасу? Спажыванне энергіі сонца — пад сонечныя батарэі адводзяцца вялікія тэрыторыі ў 150 футбольных палёў. А захаванне жывёльнага і расліннага свету? — пералічвае магчымыя пагрозы прэм’ер-міністр.
І ўсё ж Маціяс Плацэк прыходзіць да высновы, што альтэрнатыўная энергетыка цяпер — неабходны складнік развіцця краіны. Для Беларусі ён бачыць перспектывы ў выкарыстанні энергіі сонца, біямасы, ветру, хаця нашая краіна і не мае вялікіх перападаў рэльефу. Але найперш рэзервы трэба шукаць у эканоміі, у тым ліку і побытавай. “Я бачу тут магчымасці скараціць энергаспажыванне на 20–30 працэнтаў. У нас многае ў энергазберажэнні было зроблена менавіта за кошт цеплаізаляцыі панэльных дамоў — гэта нескладанае тэхнічнае мерапрыемства, — зазначае палітык.
Узнаўляльныя крыніцы энергіі, выкарыстанне мясцовых відаў паліва і энергазберажэнне — адны з асноў энергетычнай бяспекі Беларусі, што адлюстравана ў дзяржаўных праграмах. Сёлета, напрыклад, запланавана знізіць энергаёмістасць ВУП на 10 працэнтаў. Паводле інфармацыі Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Дзяржстандарту, штогод назіраецца скарачэнне энергаёмістасці прадукцыі. Найлепшыя вынікі ў гэтым кірунку былі дасягнуты ў 2008 годзе, калі паніжэнне энергаёмістасці ВУП у рэспубліцы склала 8,4 працэнты. У пачатку 1990-х гадоў Беларусь была самай энергаёмістай сярод краін СНД — выдаткі энергарэсурсаў на 1 тысячу долараў ВУП складалі 780 кілаграмаў нафтавага эквіваленту. У 2009 годзе Беларусь дасягнула паказчыка ў 340 кілаграмаў нафтавага эквіваленту на 1 тысячу долараў ВУП. Аднак гэта невысокі вынік, калі параўноўваць з Германіяй ці Японіяй, дзе выдатак энергарэсурсаў складае 140 кілаграмаў на 1 тысячу долараў ВУП.
Ацэньваючы атамныя амбіцыі Беларусі, Маціяс Плацэк падкрэсліў, што кожная дзяржава сама мусіць вырашаць, якімі метадамі забяспечваць насельніцтва таннай энергіяй, але найперш трэба задумацца пра рызыкі, магчымыя наступствы.
“Кожнаму, хто пачынае такі шлях, я б рэкамендаваў вывучыць тэндэнцыі развіцця энергетыкі ў Еўропе, — зазначыў прэм’ер-міністр федэральнай зямлі Брандэнбург. — Пра будаўніцтва АЭС многа гавораць, але што адбываецца насамрэч? Фінскія калегі тры-чатыры гады таму гаварылі мне, што ўжо будуюць станцыю, але фіналу будаўніцтва не відаць, таму што фінансаванне прыпынілася. У Балгарыі тры-чатыры гады таму гаварылі, што пачынаюць будоўлю станцыі, але нядаўна я пачуў, што яны спыняюць узвядзенне атамнай электрастанцыі, бо не хапіла грошай. Для фінансавання такога маштабнага праекту цяпер няпроста знайсці адпаведныя рэсурсы. Я не зычу вам ці сабе гэтага, але калі раптам нешта здарыцца, нейкая аварыя на АЭС, то грамадская дыскусія разгорнецца цалкам у іншым ракурсе. Пасля аварыі на ЧАЭС ніхто не адважваўся будаваць атамную станцыю.