Страты ў $10 мільярдаў. Мінфін ацаніў кошт расійскага падатковага манеўру
Міністэрства фінанасаў ацаніла страты Беларусі з-за расійскага падатковага манеўру ў 10 мільярдаў долараў, паведамляе БелаПАН.
Па самым негатыўным сцэнары Беларусь з-за падатковага манеўру ў нафтавай галіне Расіі можа страціць 10 млрд долараў, заявіў намеснік міністра фінансаў Андрэй Белкавец на форуме для замежных інвестараў BelarusCrossway`18 (адбыўся 29 лістапада), відэазапіс якога апублікавалі арганізатары мерапрыемства.
Намеснік міністра нагадаў, што Беларусь вядзе перамовы з Расіяй па пытанні кампенсацыі наступстваў падатковага манеўру.
"Урады цяпер вядуць перамовы, і, наколькі вядома, ёсць разуменне ў расійскага боку аб тым, што не можа быць рэалізаваны падатковы манеўр без уліку інтарэсаў Беларусі", — сказаў Белкавец.
Пры гэтым ён адзначыў, што ў бюджэт на 2019 год Мінфін пакуль не закладваў кампенсацыю, бо яе велічыня невядомая. Намеснік міністра таксама паведаміў, што яго ведамства пралічыла магчымыя страты краіны ў выпадку, калі Беларусь не атрымае кампенсацыю ад Расіі.
"Самы негатыўны сцэнар — бакі не дамовіліся, разышліся па сваіх пакоях і глядзяць адзін на аднаго, — сказаў намеснік міністра фінансаў. — На працягу шасці гадоў (за час рэалізацыі падатковага манеўру. — БелаПАН.) страты для Беларусі, калі нічога не змяняць, складуць каля 10 млрд долараў, з іх 3 млрд — выпадаючыя прыбыткі бюджэту, 6 млрд — пагаршэнне эканомікі двух нафтаперапрацоўчых заводаў", — сказаў Белкавец.
Пры гэтым ён выказаў упэўненасць, што "такога не будзе" і Беларусь атрымае ад Расіі кампенсацыю наступстваў падатковага манеўру.
"Будуць уводзіцца пэўныя кампенсацыйныя меры. Заводы не будуць перапрацоўваць столькі, колькі можна. Істотна ўпадзе імпарт нафты. Негатыўны ўплыў на эканоміку заводаў будзе мінімізаваны зыходзячы з неабходнасці перапрацоўкі. Страты даходаў бюджэту будуць кампенсавацца за кошт у тым ліку скарачэння расходаў", — растлумачыў Белкавец.
Асаблівых магчымасцяў, дадаў ён, для павелічэння даходаў беларускага бюджэту няма. "Тым больш што з 1 студзеня набудзе моц новы Падатковы кодэкс і будзе ўведзены мараторый на змяненне ставак падаткаў. Такім чынам, за кошт павелічэння падатковых ставак мы наўрад ці нешта атрымаем", — сказаў чыноўнік.
Ён адзначыў, што павышэнне ставак падаткаў з`яўляецца нават бессэнсоўным. "Мы таксама разумеем, што рост ставак падаткаў не будзе прыводзіць да росту даходаў, таму што частка бізнесу будзе сыходзіць у Смаленск ці ў "шэрую" вобласць. Сітуацыя цяжкая, і крыніцы, якая б замясціла [выпадаючыя] даходы ад экспарту нафты і нафтапрадуктаў, цяпер няма. Таму спрэчкі з Расіяй будуць працягвацца, і беларускі бок будзе займаць самую жорсткую пазіцыю", — адзначыў Белкавец.
"Але наогул такія дзеянні Расіі супярэчаць сутнасці стварэння адзінай эканамічнай прасторы, якая прадугледжвала стварэнне адзінага рынку энерганосьбітаў. Фактычна, гэтыя дамоўленасці будуць дэзавуяваныя. Калі адзін бок лічыць магчымым адстойваць толькі свае інтарэсы, а іншыя павінны з гэтым пагадзіцца, такога не будзе. Вернемся да пытання мэтазгоднасці знаходжання Беларусі ў такім саюзе, яго далейшага існавання", — падкрэсліў намеснік міністра фінансаў.
Дзмітрый Заяц, БелаПАН