Затрыманым у Чорным моры ўкраінцам высунулі абвінавачванне
Адвакат аднаго з арыштаваных паведаміў, што гаворка ідзе аб незаконным перасячэнні расійскай мяжы.
Вайскоўцам ВМС Украіны і супрацоўнікам Службы бяспекі Украіны (СБУ), якія былі затрыманыя ў Керчанскім праліве, прад'яўлена абвінавачанне ў незаконным перасячэнні расійскай мяжы.
Пра гэта ТАСС паведаміў адвакат аднаго з арыштаваных украінскіх вайскоўцаў Мікалай Полазаў.
"Абвінавачванне ім было прад'яўлена адразу пасля арышту. Усе яны абвінавачваюцца па ч. 3 арт. 322 КК РФ ("Незаконнае перасячэнне мяжы РФ")", — сказаў адвакат арыштаванага Дзяніса Грыцэнка.
Акрамя таго, Полазаў адзначыў, што з моманту арышту не сустракаўся са сваім кліентам. "Я яшчэ не бачыўся са сваім кліентам і не ведаю, ці перадаваліся дакументы ў Маскву і хто займаецца расследаваннем", — дадаў адвакат. Паводле яго слоў, "валанцёры прывезлі ў СІЗА сабраныя для маракоў рэчы".
Чальцы экіпажаў, 24 грамадзяніна Украіны, арыштаваныя да 25 студзеня. Іх даставілі з Сімферопаля ў СІЗА Масквы.
Паводле tass.ru