Свінні-партызаны
Афрыканская чума свіней, якая прыйшла ў Беларусь, можа паставіць пад сумнеў самае вялікае дасягненне «стабільнай і сінявокай». Калі Лукашэнка хваліўся, што ва ўсіх на стале ёсць чарка ды скварка, дык скварка хутка знікне са сталоў беларусаў.
Прадстаўнікі прыватных гаспадарак, якія сабраліся ў Мінску, каб стварыць свой штаб па барацьбе з чумой, моцна сумняваюцца ў тым, што ў дзяржавы ёсць нейкі план па барацьбе з АЧС. І сумняваюцца не дарэмна.
Улада маўчыць
Першае пасяджэнне прадстаўнікоў хатніх гаспадарак прайшло ў сталіцы яшчэ 8 жніўня. Абураныя тым, што невядома на якой падставе людзям загадана знішчыць свіней, гаспадары звярнуліся да ўлады з заклікам у трохдзённы тэрмін апублікаваць план барацьбы з хваробай і запатрабавалі, каб міністр сельскай гаспадаркі правеў «прамую лінію» з адказамі на пытанні фермераў па праблеме вынішчэння свіней. Здавалася б, гэта тое, у чым зацікаўленая і дзяржава: каб людзі разумелі небяспечнасць гэтай хваробы для гаспадаркі і не заміналі прафілактычным захадам.
Але, як высветлілася, захады па барацьбе з чумой — дзяржаўная таямніца. План па барацьбе з чумой не апрылюднены дагэтуль. Прадстаўнік фермераў Міхась Новік сустракаўся з намеснікам дырэктара дэпартамента ветэрынарнага нагляду Аляксандрам Куцко. Намеснік дырэктара яму некалькі разоў заявіў, што «кіраўнік дзяржавы трымае на кантролі знішчэнне свіней», і «кожную раніцу наш штаб дакладае кіраўніку дзяржавы, дзе і колькі выразана свіней». Гэтыя выказванні намесніка дырэктара зафіксаваныя на дыктафоне ў Новіка. Калі «Радыё Свабода» перадала гэтыя словы, Дэпартамент заявіў, што Новік сказіў словы намесніка дырэктара, і з Новікам надалей вырашылі не сустракацца…
Не апублікавалі, таму што няма?
Адзіны дакладны захад па барацьбе з АЧС, які вядомы фермерам і прыватным гаспадарам свіней — гэта ўвядзенне каранціннай пяцікіламетровай зоны вакол свінакомплексаў. З мэтаю знішчэння чумы, у радыусе пяці кіламетраў ад свінагадоўчых прадпрыемстваў не павінна быць ніводнай свінні.
Але і гэта робіцца неяк дзіўна. Людзям проста загадваюць знішчыць сваю гаспадарку, не абяцаючы нічога ўзамен. Мікола Баўсюк з Гарадзеншчыны кажа, што народу загадваюць забіваць жывёл ледзьве не вусна: няма ніякіх пастановаў аб знішчэнні свіней. Калі вывешваецца папера аб прыбіранні свіней у пяцікіламетровай зоне, там няма тэрмінаў, у які трэба гэтых свіней знішчыць, і няма подпісаў, хто аддае такія загады: сельсавет, раён ці хто яшчэ. Ніхто на сябе адказнасці не бярэ.
У Свіслацкім раёне, напрыклад, рашэнне аб знішчэнні свіней нікому не выдаюць. Загадана проста знішчыць свіней да 1 верасня, прычым пад пагрозай таго, што жывёлу вывезуць з гаспадарак без папярэджанняў. У некаторых сельсаветах у «пяцікіламетровы» каранцін патрапілі вёскі, якія знаходзяцца за сем-восем кіламетраў ад свінакомплекса.
Але вось дзіва: калі ў астатніх вынішчаецца ўсё пагалоўна, некаторыя мясцовыя ўлады прынялі рашэнне, што ў хатніх гаспадарках можна пакінуць свінаматак і парсюкоў вагой да 70 кілаграмаў.
У Віцебскай вобласці прапанавана ў 20-кіламетровай зоне ад мяжы з Літвой і Латвіяй таксама знішчыць свіней. У памежнай зоне не можна будзе трымаць свіней, бо паабяцалі гэта Літве.
У дробных гаспадарках Гомельскай вобласці свіней выразаюць таксама, нягледзячы на тое, што яны знаходзяцца за сотню кіламетраў ад афіцыйных эпідэмічных ачагоў. Але ў той жа час не ідзе і размовы пра каранцінную 20-кіламетровую зону на мяжы з Украінай.
Старэйшына вёскі Стаўры Аршанскага раёна Ігар Грышанаў распавядае: «Мне тэлефануе старшыня сельсавету, кажа: «Да вас прыедуць забіраць свіней». Я кажу яму: «На якой падставе? Дайце мне ўказ, дайце мне адпаведны дакумент». Мне ў адказ: «Ніякіх дакументаў мы не даем». А потым да нас прыехалі праверыць, забілі свіней альбо не. Без гаспадароў, цынічна, старшыня сельсавету з участковым хадзілі па дварах, уламваліся ў хлявы, глядзелі, ці ёсць свінні. З гэтай нагоды я нават скаргу ў пракуратуру напісаў. Адказу няма».
Тое ж самае ў барацьбе і з дзікімі свіннямі, якія могуць разносіць заразу. На Гарадзеншчыне, па словах Баўсюка, нічога не робіцца для знішчэння дзікоў. Яны труцца аб плот свінакомплексаў, і можа атрымацца так, што ў людзей выражуць свіней, а дзікі пазаносяць заразу на прадпрыемствы.
А вось у Віцебскай вобласці паляўнічыя не спяць ужо два месяцы. Мясцовыя егеры заклікаюць, ледзьве не ўпрошваюць паляўнічых з’ездзіць да іх у гаспадарку, каб адстраліць як мага больш кабаноў. Але развялі кабаноў столькі, што зараз іх вынішчыць — вялікая праблема.
Такое ўражанне, што ўлады ў барацьбе з АЧС дзейнічаюць не па дакладна распрацаваным плане, а «хто ў лес, хто па дровы».
Так трэба ўладзе!
Высновы фермераў з усіх гэтых супрацьлеглых дзеянняў улады — дзяржава пад прыкрыццём барацьбы з АЧС вынішчае прыватную гаспадарку. Усё пачалося яшчэ ўвесну, калі прыватнікам забаранілі забіваць свіней на сваім падворку, а патрабавалі везці іх для забою на мясакамбінаты. АЧС проста стала вельмі добрай нагодай, каб працягнуць знішчэнне дробных гаспадарак. На свінакомплексах — перавытворчасць мяса, і за мяжу яно не прадаецца. Каб дзяржава магла прадаць сваё мяса, патрэбная манаполія. Ахвярай сталі прыватныя свінні.
Зараз фермеры выказваюць занепакоенасць, што за свіннямі прыйдзе чарга кароваў. Бо ўжо ходзяць чуткі, што з-за перавытворчасці малака не будуць закупляць малако з прыватных гаспадарак.
Фермеры пачнуць партызаніць?
Ігар Грышанаў распавядае, што старыя людзі ўжо ўзгадваюць, як яны ратавалі жывёлу падчас Сталіна і Хрушчова: заводзілі кароў і свіней у лес, стваралі там адмысловыя дзялянкі, па чарзе пасвілі, была свая ахова, таямніча калолі свіней. Гэты досвед нікуды не знік.
Па словах ветэрынара, дэпутата Асіповіцкага райсавета Аляксея Цюлькова, ужо ёсць сігналы пра тое, што людзі са сваіх гаспадарак вывозяць свіней за межы пяцікіламетровых зонаў каранціну ў іншыя раёны. «Мы маем сітуацыю, калі людзям нічога не кажуць, і яны перавозяць свіней з аднаго рэгіёну ў іншы, хаваюць свіней, прымаюць нашы любімыя партызанскія захады, каб зберагчы жывёлу — гэта толькі спрыяе распаўсюду чумы. І на выхадзе мы маем тое, што маем», — кажа Цюлькоў.
А ўсяго фермерам толькі і патрэбныя, што дакладная інфармацыя пра захады, якія дзяржава прымае ў барацьбе з чумой. Пакуль што гэтым будзе займацца грамадскі штаб па барацьбе з АЧС. Калі б людзі ведалі, якія захады прымае дзяржава ў барацьбе з эпідэміяй, яны б з разуменнем паставіліся да гэтых мераў. Але калі дзяржава такіх звестак не дае, то і бараніцца ад чумы прыйдзецца самастойна. Хто як можа.