У Жэневе пачынаецца чарговы раўнд перамоў аб далучэнні Беларусі да СГА
Сёння ў Жэневе пачынаецца чарговы раўнд перамоў аб далучэнні Беларусі да Сусветнай гандлёвай арганізацыі (СГА). Заяўку на ўступленне ў СГА Беларусь падала яшчэ ў 1993 годзе.
Беларускую дэлегацыю ўзначальвае першы намеснік міністра замежных спраў Андрэй Еўдачэнка.
Паводле інфармацыі МЗС, у склад дэлегацыі ўвайшлі прадстаўнікі міністэрстваў замежных спраў, эканомікі, антыманапольнага рэгулявання і гандлю, фінансаў, сельскай гаспадаркі і харчавання, аховы здароўя, юстыцыі, а таксама Дзяржкамітэта па стандартызацыі, Дзяржаўнага мытнага камітэта, Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці і Нацбанка.
У межах візіту, які будзе доўжыцца па 26 студзеня, адбудзецца восьмае афіцыйнае пасяджэнне рабочай групы па далучэнні Беларусі да СГА з удзелам прадстаўнікоў 46 краін — членаў арганізацыі, а таксама пройдуць двухбаковыя перамовы беларускай дэлегацыі з дэлегацыямі больш як дзесяці краін.
Беларускі бок выкладзе ў Жэневе свой погляд на ўсе спрэчныя пытанні, паведаміў журналістам 20 студзеня міністр замежных спраў Уладзімір Макей. "Мы не чакаем, што адразу ж атрымаем зялёнае святло, але перамовы з'яўляюцца вельмі важнымі. Яны важныя для высвятлення пазіцый бакоў, удакладнення падыходаў адпаведных дзяржаў і давядзення нашай пазіцыі па спрэчных пытаннях, якія яшчэ пакуль застаюцца", — сказаў ён.
Заяўку на ўступленне ў СГА Беларусь падала яшчэ ў 1993 годзе. У чэрвені 2009-га Беларусь, Казахстан і Расія раптоўна абвясцілі, што прыпыняюць двухбаковыя перамовы аб уступленні ў СГА і будуць весці кансультацыі на прадмет ўступлення ў арганізацыю адзінай мытнай тэрыторыяй. Аднак праз некалькі месяцаў тры краіны аднавілі двухбаковыя перамовы аб далучэнні да СГА паасобку. У выніку Расія стала членам СГА ў жніўні 2012 года, Казахстан — у лістападзе 2015 года.
У кастрычніку 2012 года Аляксандр Лукашэнка заявіў, што вострая неабходнасць уступлення Беларусі ў СГА знікла пасля ўступлення туды Расіі. "Мы фактычна працаваць будзем у межах Сусветнай гандлёвай арганізацыі, асабліва маю на ўвазе, што Расія — наш асноўны партнёр. Таму, магчыма, нават і лепш, што мы паступова прывыкнем да гэтых нормаў Сусветнай гандлёвай арганізацыі", — сказаў ён. Тады ж Лукашэнка звярнуў увагу на палітычны аспект праблемы: "Мы правялі перамовы, але натрапілі на палітычны плот. Нам кажуць, што гэта чыста гандлёвая, эканамічная арганізацыя — Сусветная гандлёвая арганізацыя. Нічога падобнага. Палітыка тут пераважае. І палітычны плот гэты выбудавалі перад намі Еўрасаюз і Злучаныя Штаты Амерыкі з-за вядомых вам прычын: у нас няма правоў чалавека, у нас апошні аплот дыктатуры там і гэтак далей і да таго падобнае".
Вясной 2013 года Беларусь аднавіла перамовы аб уступленні ў СГА.
29 сакавіка 2016 года Лукашэнка правёў нараду аб узаемадзеянні краіны з СГА, на якой даручыў актывізаваць перамоўны працэс. Неўзабаве пасля гэтага ўказам прэзідэнта быў абноўлены склад міжведамаснай камісіі па пытаннях далучэння Беларусі да СГА, якую ўзначаліў першы віцэ-прэм'ер Васіль Мацюшэўскі.
Шэраг экспертаў лічаць, што Беларусь сур'ёзна запазнілася з уступленнем у СГА. Так, адзначаюць яны, за мінулыя 20 гадоў працэс далучэння да арганізацыі істотна ўскладніўся. Акрамя таго, аналітыкі паказваюць на такія выпушчаныя выгады ад членства ў СГА, як паляпшэнне доступу на рынкі краін-партнёраў за кошт зніжэння шэрагу гандлёвых бар'ераў, магчымасць выкарыстання механізму вырашэння спрэчак, скарачэнне антыдэмпінгавых расследаванняў.
Беларусь — адзіная дзяржава Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС), якая не з'яўляецца членам СГА.
БелаПАН