Улады ставяць рэгіёны ў фінансавую залежнасць ад цэнтра. Рэспубліканскі бюджэт забірае амаль увесь ПДВ

Напаўненне бюджэту залежыць ад шырокага пераліку крыніц, якіх можна падзяліць на падатковыя, непадатковыя і бязвыплатныя паступленні, тлумачыць тэлеграм-канал «Нашы грошы». Але падатковыя паступленні граюць асноўную ролю. У структуры даходаў кансалідаванага бюджэту (гэта значыць рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў разам) іх доля складае да 90%.

maxresdefault__1__17.jpg


Асновай падатковых паступленняў, у сваю чаргу, з'яўляецца падатак на дабаўленую вартасць. ПДВ — гэта траціна падатковых паступленняў у кансалідаваны бюджэт. Другі па значнасці падатак — падаходны — папаўняе казну значна менш, каля 18% ад падатковых паступленняў.

ПДВ — падатак ускосны. Ён уключаецца ў цэны тавараў і паслуг, і з-за ён гэтага менш прыкметны для шараговага грамадзяніна, які ў сваім разліковым лістку бачыць толькі падаходны падатак, а пры наяўнасці ўласнасці плаціць падаткі на кватэру і машыну. Разам з тым ПДВ уяўляе сабой нацэнку да 20% да кошту большасці тавараў і паслуг, і таму вельмі адчувальны для любога сямейнага бюджэту.

У 2023 годзе ўрад плануе сабраць за кошт ПДВ парадку 18 млрд рублёў. Гэта прыкладна па 2000 рублёў з кожнага жыхара краіны, — уключаючы дзяцей і старых.

Паступленні ад ПДВ для казны вельмі важныя не толькі сваімі значнымі аб'ёмамі, але яшчэ і тым, што з'яўляюцца больш устойлівымі і пастаяннымі, чым, да прыкладу, паступленні ад падаткаў на прыбытак, якія ў перыяд крызісаў могуць істотна прасядаць.

У 2023 годзе 75% усіх паступленняў ад ПДВ забярэ сабе рэспубліканскі бюджэт, а астатняя частка будзе падзелена паміж бюджэтамі абласцей — ад 3,39% сабранага ПДВ для Магілёўскай вобласці да 4,96% для Мінскай. А ў бюджэт сталіцы такіх паступленняў не пералічваецца з 2018 года. Гэтая доля адышла рэспубліканскаму бюджэту, хоць раней Мінск атрымліваў больш за 6% сумарных паступленняў ПДВ.

У наяўнасці тэндэнцыя да цэнтралізацыі паступленняў ад ПДВ у рэспубліканскім бюджэце. Пры гэтым мясцовыя бюджэты адчуваюць хранічны дэфіцыт сродкаў. Сярэдні па краіне ўзровень «самазабеспячэння» мясцовых бюджэтаў базавага ўзроўню — каля 75%, астатнія грошы паступаюць у выглядзе падтрымкі з рэспубліканскага бюджэту.

Калі б ПДВ, сабраны ў рэгіёнах, накіроўваўся ў іх жа мясцовыя бюджэты, праблема хранічнага дэфіцыту сродкаў на мясцовым узроўні была бы вырашаная. Аднак існуючы падыход — калі «бедныя рэгіёны» вымушаныя прасіць падтрымкі ў рэспубліканскага бюджэту — ставіць рэгіёны ў моцную залежнасць ад цэнтра і пазбаўляе ўсялякай самастойнасці. Відавочна, такое становішча рэчаў выгадна ўладам.