2012 — Непераадолены бар’ер
Калі развітваліся з 2010 годам, было горка за няспраўджаныя спадзяванні і страшна за будучыню. Провады 2011-га — як пераправа праз бурлівую раку: пасля мусіць быць лягчэй. Напрыканцы
2012-га зразумела, што ўсё — і адмоўнае, і пазітыўнае — яшчэ наперадзе.
Пачыналі гэты год на хвалі эмоцый ад раптоўнага эканамічнага абвалу. І, хаця эксперты канстатуюць, што насельніцтва Беларусі збяднела, напрыканцы снежня стала вядома, што ў сярэднім па краіне атрымалася вярнуць заробкі на ўзровень канца 2010 года.
Так, міністр працы і сацыяльнай абароны Беларусі Марыяна Шчоткіна на днях заявіла, што ў рэспубліцы па выніках года сярэдняя заработная плата дасягне вызначанага Лукашэнкам узроўню ў 500 долараў у
эквіваленце. Мантра «па пяцьсот», як бачым, працуе. Канешне, не трэба забывацца пра сярэднюю тэмпературу па бальніцы. Тым больш, гэта пацвярджае вывучэнне патэнцыйных заробкаў з
базы вакансій — прапановы заробку да 2,5 мільёнаў беларускіх рублёў для рэгіянальных гарадоў надзвычай пашыраныя, і ад запаветных «усім па пяцьсот» гэта далёка.
На наступны ж год падрыхтаванае новае заклінанне: не так даўно міністр эканомікі Беларусі Мікалай Снапкоў заявіў, што ў новым 2013 сярэдняя зарплата беларусаў дарасце да 700 долараў. Кіраўнік
Мінэканомікі выказаў упэўненасць, што заяўлены ў якасці прагнознага параметра ў 2013 годзе рост сярэдняй зарплаты па краіне да 700 долараў у эквіваленце будзе выкананы, рэзервы для гэтага ёсць.
Асабліва цікава гэтая гонка за лічбамі выглядае на фоне прыгоннага Дэкрэта №9 і запужваючых візітаў «справядлівага цара» на прадпрыемствы рэальнага сектару эканомікі.
Апроч эканамічных тэмаў, якія, безумоўна, краналі розум і душу большасці насельніцтва, цягам года ў Беларусі былі падзеі, цікавыя больш вузкай аўдыторыі. На жаль. Так, у сакавіку былі прыведзеныя ў
выкананне смяротныя прысуды Дзмітрыю Канавалаву і Уладзіславу Кавалёву, якіх Вярхоўны суд прызнаў вінаватымі ў арганізацыі выбуху ў мінскім метро ў красавіку 2010 года. Справа была неадназначнай,
назіральнікі апелявалі да шматлікіх нестасовак, супярэчнасцяў у доказнай базе. Тым не менш прысуд быў выкананы, і рэакцыя на яго была такой жа: адны ўхвалілі пакаранне, другія неслі партрэты Улада
Кавалёва да мемарыяла побач з уваходам у метрапалітэн.
Напрыканцы года беларускія праваабарончыя арганізацыі назвалі праваабаронцам года Любоў Кавалёву — маці Уладзіслава, якая ўвесь гэты час змагалася за свайго сына, і працягвае гэта
рабіць цяпер. Толькі ўжо ў спробах аднавіць яго добрае імя. Негатыўнай была рэакцыі і з боку Еўрапейскага саюза, адкуль прыйшло паведамленне, што «смяротнае пакаранне ў любых абставінах
разглядаецца як жорсткае і бесчалавечнае пакаранне, якое перастае быць сродкам стрымлівання і ўяўляе сабой недапушчальнае адмаўленне чалавечай годнасці і недатыкальнасці».
На канец года ў Беларусі, паводле ацэнак праваабаронцаў, ёсць 12 палітзняволеных. Сярод іх і былы кандыдат на пасаду прэзідэнта Мікалай Статкевіч. «19 снежня 2010 года — дзень
выбараў прэзідэнта — дата, якая стала кропкай незвароту, калі масавыя затрыманні, катаванні ў турмах і бяспраўе з боку сілавікоў стала ўвайшлі ў жыццё беларусаў», —
эмацыйна пішуць праваабаронцы ў другую гадавіну падзей у дзень выбараў. Усе пералічаныя аспекты ўвайшлі ў жыццё беларусаў, але беларусы ў адказ на гэта пастараліся максімальна сысці ў свой свет,
абстрагаваны ад палітыкі. Дом, сям’я, праца, пошук сродкаў на жыццё, эміграцыя (палітычная і эканамічная) — 2012 год стаўся годам абывацеля, калі на першы план выступілі патрэбы і
зацікаўленасці з першых прыступак знакамітай піраміды Маслоў.
О, спорт! Ты — мір! З дзяцінства ў нас выхоўваюцца адносіны да спорту як да здаровага і выключна пацыфічнага занятку. Але ў Беларусі цяпер, што ні дзейнасць, то бітва — з ахвярамі і
стратамі. Пасля Алімпіяды–2012 на галовы нашых атлетаў абрынулася мора знявагаў, абвінавачванняў у сабатажы. І не ад калег па мячу ці штанзе, а ад чыноўнікаў, якім невыкананы перад
Лукашэнкам план па медалях папсаваў кар’еру.
«Па асобных спартсменах маецца непацверджаная інфармацыя аб магчымым сабатажы спаборніцтваў, калі атлеты свядома не паказвалі высокія вынікі. Прычыны гэтага цяпер высвятляюцца. Я як міністр
падзяляю адказнасць за правал на Алімпіядзе. Але яе са мной павінны дзяліць і кіраўнікі на месцах. Часам даводзілася літаральна ўпрошваць спартсменаў паказаць на Алімпіядзе свой лепшы
вынік», — заявіў постфактум цяпер ужо былы міністр спорту і турызму Алег Качан.
Да скандалу з невыкананнем плану па медалях (але варта прызнаць, што беларуская зборная выступіла ўсё ж годна: 13 медалёў у 7 відах спорту; з іх 3 залатыя, 5 сярэбраных і 5 бронзавых) крыху
пазней дадалося расчараванне ў сувязі з ануляваннем перамогі штурхальніцы ядра Надзеі Астапчук — яе абвінавацілі ў прымяненні допінгу і забралі залаты медаль.
Тым не менш напрыканцы года ў беларусаў была нагода для гонару: ФК «БАТЭ» стаў чэмпіёнам у дзявяты раз і сёмы запар. Акрамя таго, у гэтым годзе БАТЭ выключна выступіў у Лізе
чэмпіёнаў — каманда Віктара Ганчарэнкі атрымала перамогі над французскім ФК «Ліль» і нямецкай «Баварыяй». Гэта той выпадак, калі без загадаў зверху
прадстаўнікі Беларусі дасягаюць поспеху. Застаецца верыць, што не за гарамі дзень, калі добрая воля і адчуванне ўласнай свабоды, а не пагрозы адправіцца на нары за нявыкананыя разнарадкі зверху,
будуць падштурхоўваць нашых суайчыннікаў да перамог і трыумфаў ва ўсіх сферах, і на тэрыторыі сваёй дзяржавы.