Ад ПЭН-цэнтра да абʼяднання літоўцаў «Віціс». Каля 20 арганізацый ліквідуюць праз суды (спіс)
У Мінскім гарадскім і ў Вярхоўным судах у бліжэйшыя дні запланавалі каля 20 працэсаў па ліквідацыі фондаў і грамадскіх аб’яднанняў, паведамляе «Радыё Свабода» са спасылкай на «БелаПАН».
Няўрадавыя арганізацыі, якія маюць статус устаноў, пасля заяў Лукашэнкі ліквідуюць адміністрацыйным чынам, а грамадскія арганізацыі — у судах.
У раскладзе Мінскага гарадскога суда на гэты тыдзень значыцца больш за дзясятак працэсаў аб ліквідацыі фондаў і грамадскіх аб’яднанняў. Пазоўнікам ва ўсіх выпадках выступае Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Мінгарвыканкама.
29 ліпеня будуць разглядаць пазовы ГУЮ Мінгарвыканкама аб ліквідацыі:
- інфармацыйна-асветніцкага фонду «Сетка развіцця бізнесу»;
- мясцовага фонду развіцця «Новая эканамічная стратэгія»;
- грамадскіх абʼяднанняў — «Зялёная эканоміка»;
- «Дыярыуш»;
- «Абарона правоў спажыўцоў "Садружнасць"».
30 ліпеня будуць разглядаць ліквідацыю:
- мясцовага экалагічнага фонду «Экалагічны транспарт»;
- абʼяднання літоўцаў «Віціс»;
- сацыяльнага фонду «Дабро»;
- мінскага гарадскога грамадскага абʼяднання «Сінтэз развіцця чалавека»;
- грамадскай арганізацыі «Моладзевы адукацыйны цэнтр „Фіальта“»;
- мінскага гарадскога культурна-асветніцкага грамадскага абʼяднання палякаў Беларусі «Паланічка».
- 30 ліпеня гарадскі суд разгледзіць пазоў аб прыпыненні дзейнасці моладзевага грамадскага абʼяднання «Моладзевая ініцыятыва».
- У Вярхоўным судзе 27 ліпеня будзе разгляд пазова Міністэрства юстыцыі да праваабаронча-асветніцкага грамадскага абʼяднання «Рух „За Свабоду“».
- На 30 ліпеня прызначана пасяджэнне аб пазове міністэрства да рэспубліканскага грамадскага абʼяднання «Прававая ініцыятыва».
Раней Міністэрства юстыцыі падало ў Вярхоўны суд пазовы аб ліквідацыі РГА «Беларускі ПЭН-цэнтр», якое ўзначальвае нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч, і ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў». Даты пасяджэнняў пакуль няма ў раскладзе суда.
14 ліпеня ў Мінску ды іншых гарадах падчас новай хвалі крымінальнага пераследу «трэцяга сектара» ўчынілі не менш за 30 ператрусаў у кватэрах і офісах прадстаўнікоў НДА, затрымалі больш за 10 чалавек, сярод якіх прадстаўнікі праваабарончай супольнасці, грамадскія актывісты. 19 ліпеня стала вядома пра арышт рахункаў Беларускага ПЭН-цэнтра і некаторых іншых НДА, дзе прайшлі ператрусы.
24 ліпеня стала вядома, што ўлады прынялі рашэнне ліквідаваць больш як 50 няўрадавых арганізацый. У іх ліку абʼяднанні, якія займаюцца дабрачыннасцю, экалогіяй, дапамогай людзям з інваліднасцю, пытаннямі культуры.
13 ліпеня Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Уладзімірам Пуціным у Санкт-Пецярбургу заявіў, што ў Беларусі вядзецца актыўная праца ў адачыненні да некамерцыйных арганізацые і «так званых заходніх СМІ».
«Якія тут дэмакратыю нам дарылі, а фактычна насаджалі, — дадаў ён. — І не дэмакратыю, а вось гэты вось тэрор. Вы павінны разумець, што мы проста ня можам інакш. Чым яны займаліся — зразумела, яны фінансаваліся звонку. А мы ўсё думалі: ну добра, гэта ж дэмакратыя, давайце будзем гаварыць, супрацоўнічаць. Вось і атрымалі адпаведныя вынікі».
Да тэмы Лукашэнка вярнуўся 22 ліпеня на нарадзе з кіраўніцтвам Савета міністраў.
«Мы часта кажам: ах, глядзіце, за мяжой Канстытуцыя такая, яшчэ штосьці. Вось нам трэба абавязкова ў гэтую „дэмакратыю“ бегчы і абавязкова ў гэтым кірунку рухацца. Потым праходзяць гады (я ж не першы год прэзідэнт), і выяўляецца, што мы дарма зрабілі гэтыя крокі, — сказаў ён. — Так і ўрад, і МЗС пабеглі за „дэмакратыяй“ і панастваралі ў нас (хай Макей зноў не ўспрыме на свой рахунак, гэта і да яго яшчэ было, яму гэта ў спадчыну дасталося, трэба зараз разграбаць), і мы атрымалі пад дзве тысячы на невялікую краіну НДА, НКА, бандытаў і замежных агентаў. Ну і што, дэмакратыю атрымалі? Цяпер азірнуліся: гэта ж шкода для дзяржавы! Ідзе зачыстка. Вы думаеце, гэта проста? Там ужо тысячы людзей працуюць, нашых людзей, і ў асноўным з павернутымі, прамытымі за чужыя грошы мазгамі».