Ад Швэцыі да Аўстраліі. Якой ежы не хапае беларускім эмігрантам

Сёньня кавалачкі беларушчыны можна знайсьці ва ўсім сьвеце, бо там жывуць беларусы. Сотні тысяч нашых суайчыньнікаў былі змушаныя пакінуць краіну. Але іх улюбёная ежа засталася на радзіме, адкуль нават вываз некаторых прадуктаў сутыкаецца з абмежаваньнямі. Гісторыі беларусаў аб іх кулінарнай настальгіі мы падрыхтавалі ў гэтым матэрыяле. 

Фота Паўла Хадзінскага

Фота Паўла Хадзінскага

Жэня. Жыве ў Аўстраліі. Даглядае за сталымі людзьмі

australija.jpg

Больш за ўсё не хапае звыклага тварагу. Чамусьцi ў Аўстралii яго вырабляюць толькi са значным дадаткам солi ды крухмалу. Тут хоць i нядрэнна разьвiтая малочная прамысловасьць, але не знойдзеш такую разнастайнасьць салодкiх тваражкоў кшталту смак «бiсквiт з макам», цi той жа «Сьняжок» з жэле, ёгурты маюць толькi клясычныя смакі, ну i, вядома няма нiякiх глазураваных сыркоў — гэта досыць мемны боль мiгрантаў у шматлікіх краiнах. Трэба адзначыць, што калi б я зараз прыехала у Беларусь, тады жаданьне зьесьцi гэты сырок цi тваражок не было б настолькi моцным, каб я забылася пачытаць, якiя малочныя прадпрыемствы больш зьвязаны з рэжымам, а якiя менш. Цi засталося на Радзiме дагэтуль штосьцi хоць крыху незалежнае?

Другi пункт самы беларускi — гэта бульба. Здаецца, дома можна было не вельмi да яе прыглядацца, бо любы гатунак ператвараўся ў смачную страву. А аўстралiйскую трэба ведаць, якую браць, каб не была вадзянiстая, цi вось яшчэ бывае, што варыш-варыш, паверхня ўжо распалася на шматкi, а cярэдзiна цьвёрдая.

Часам сумую па бабруйскім зэфiры, цукеркам вытворчасьці «Камунаркi» цi «Спартака». Ня тое, каб яны аб’ектыўна былi найсмачнейшыя ў сьвеце, проста зьела iх столькi за жыцьцё, што яны бадай у ДНК ужо ўбудавалiся. Да нас даязджае шмат «Roshen» i нейкiя расейскiя фабрыкi, а наладзiць iмпарт беларускiх цукерак магло б быць iдэяй для стартапа… у iншым жыцьцi.

Увогуле мы хутка прызвычаiлiся есьцi мясцовае. А праз тры гады сапраўды не хапае ўжо вялiкай сям’i, сяброў i прыроды. A калi бярэ настальгiя па ежы, тады ратуе прыгатаваць дранiкi з такой бульбы, якая ёсьць — галоўнае ўкласьцi душу.


Яна. Жыве ў ЗША. Фатографка

zsza_4.jpg

Першы час у Каларада мне падавалася, што магу абыходзіцца і без беларускай ежы. Нават не марнавала час на краму з усходне-эўрапейскімі прадуктамі, якая была ў гадзіне язды. Вядома, на першае пасьля пераезду падарожжа ў Беларусь у мяне былі вялізныя гастранамічныя пляны. Здавалася, што сумую нават па селядцы, які асабліва ніколі не ела. Прыляцела, набыла селядзец, чыпсы-пласьцінкамі, таматавы сок, крабавыя палачкі, мясныя падушачкі з ялавічынай і «Прынглз» з папрыкай (у амерыканскіх супермаркетах чыпсаў з папрыкай няма). Высьветлілася, што селядзец я ўсё ж не люблю і гэта быў «фантомны» боль. Астатняе са спісу зьела б хоць зараз.
А вось праз год у эміграцыі харчовая настальгія ўсё ж надышла. Тады мы з мужам паехалі ў рускую краму за тварагом «як у нас». З таго часу перыядычна ямо сырнікі на сьняданак па нядзелях. У мяне нават атрымалася накарміць імі амерыканска-іранскіх і карэйскіх калегаў мужа. Усім спадабалася.
Пару дзён таму сасьпеў першы ўраджай нашага community garden. І я панеслася за таркай, каб нарабіць аладак з цукіні. Часам такія флэшбэкі ў Беларусь і прабабулін агарод вельмі грэюць душу.
Яшчэ мы з сяброўкамі (яны з Беларусі, Украіны, Казахстана і Малдовы) вельмі любім зьбірацца на бранч і рабіць «нашыя» тоненькія блінцы. Нават ня ведаю, што можа быць больш душэўна.
Карацей, на Радзіме я амаль ня ела бліны, а зараз, падаецца, фанацею ад усіх іх варыяцый. Часам здаецца, што магла прадаць душу свайго сабакі, за блінчык #83 з «Дэпо».


Анастасія. Жыве ў Грузіі. Рэдактарка

 

Грузінскі Батумі даў прытулак многім беларусам

Грузінскі Батумі даў прытулак многім беларусам

Мне здаецца, Грузія ня тая краіна, якая прымусіць вас моцна сумаваць па нейкай ежы. Тут ёсьць амаль усё, да чаго мы прызвычаіліся дома. А чаго няма — навучыліся замяняць мясцовымі прадуктамі, напрыклад, той жа грэцкі ёгурт — мацоні. Хіба бракуе нейкіх каўбасных вырабаў, кшталту, дзіцячых сасісак «Алфавітак», якія сын любіў у Беларусі. Але з улікам таго, што гэта ня вельмі карысная ежа, то ня шмат чаго і згубілі. Яшчэ сапраўдным мемам у мясцовых тэлеграм-чатах тых, хто прыехаў, стаў «жоўты сыр». Маўляў, не знайсьці яго тут, толькі белы рассольны грузінскі прадаецца. Але мне здаецца, гэта штучная тэма, ёсьць у крамах і «жоўты» сыр, трэба толькі пашукаць.

Затое шмат садавіны і гародніны, таннай і смачнай. Яна прадаецца ў невялічкіх крамках ледзь не праз кожныя 100 мэтраў. Сын, вялікі аматар трускаўкі, мог ёю ласавацца яшчэ ў сакавіку.

Сапраўдным адкрыцьцём і палачкай-выратавалачкай стала «курыца на вуліцы» — куры грыль, якія тут шмат дзе робяць. Дома мы такое ня бралі, бо баяліся атруціцца, а тут цалкам годны прадукт. Хіба ўлетку якасьць крыху зьмянілася, але гэта выдаткі, як кажуць, «сэзону».

А яшчэ свой унёсак у харчовую праграму робяць тыя, хто прыязджае з Беларусі, Украіны. Дзякуючы ім, тут зьяўляюцца вельмі смачныя пяльмені і сырнікі, дранікі, хатнія каўбаскі, паляндвіца і нават фаршыраваная курка. Усё гэта можна замовіць і табе яшчэ да хаты прывязуць.

Так што нельга сказаць, што мы сумуем па нейкай ежы. Моцна не хапае некаторых асабістых рэчаў: торт, які мама традыцыйна пячэ на ўсе сямейныя сьвяты, «падсмажаныя» да чорнай скарыначкі шашлыкі на бацькавым лецішчы (шашлыкі мы гатуем так сабе), кубачак какавы ў кавярні на нашай вуліцы — вось гэтага ўсяго, што зьвязвае нас з домам і блізкімі.


Валерыя. Жыве ў Інданэзіі. PR мэнэджэрка

indanezija.jpg

Я ўжо пяты месяц знаходжуся ў Інданэзіі на выспе Балі, а на эміграцыі гэта мой сёмы месяц. Павінна сказаць, што на Балі з прадуктамі і стравамі ўсходне-эўрапейскай кухні ўсё вельмі добра. Тут ёсьць і прадукты, і дастаўкі замарожанай і хатняй ежы, і кавярні з ухілам у кухню нашага рэгіёна — усё дастаткова смачнае. Па чым я сумую, дык гэта па коштах на такія прадукты і стравы — гэтае задавальненьне на Балі каштуе ў 3-5 разоў даражэй. Гэта значыць, сумую па тым, каб зайсьці ў краму і на 10 эўра накупіць цэлы кошык глазураваных сыркоў і любых ёгуртаў, а не адзін тваражок і тры сыркі.

Калі казаць аб прадуктах — вельмі сумую па селядцы. У мясцовых суполках можна знайсьці пакунак нашага беларускага селядца — 250 грамаў, але па кошце 30 эўра. Таму, калі рабіць салату «селядзец пад футрам», атрымаецца яна вельмі дарагой.

Яшчэ я вельмі люблю халадзец і заліўное. Іх можна замовіць у дастаўцы хатняй ежы, але я пакуль не спрабавала. Таму што 200 гр халадца каштуюць як 2 кг сьвежавылаўленых крэветак.

У нашым меню штотыдзень ёсьць варэнікі з бульбай, пяльмені, сырнікі, блінцы з рознымі начыньнямі. Праўда, 500 мл сьмятаны да гэтых далікатэсаў каштуе 7 эўра, але што рабіць. Дранікі з мясцовай бульбы атрымліваюцца добрыя, дужыя. Квашаную капусту можна зрабіць лёгка і хутка самастойна.

А яшчэ я вельмі сумую па смаку страваў, якія гатуе мама. Гэты смак асаблівы і яго нідзе ў сьвеце няма, толькі ў мамы дома.

Крысціна. Жыве на Кіпры. Працуе ў гатэльнай сфэры

kipr.jpg

Чаго мне не хапае за мяжой? Я зараз на Кіпры, уся ежа адрозьніваецца, іншы смак. Заўседы і ўсюды не хапае дранікаў! Жыву ў гатэлі, няма магчымасьці самой гатаваць ежу. Мару, як буду есьці іх дома! Калі вярталася з-за мяжы, мама заўсёды рабіла дранікі ці смажыла картоплю. І беларуская сьмятанка! Такой няма нідзе. Яшчэ буракі — тут яны ў марынадзе, не магу ўявіць, як іх есьці. Ня тое што нашыя, салодкія ды з часнычком! Ммм!

Сумую па кошычкам і трубачкам са згушчонкай у Цэнтральнай краме на Кастрычніцкай плошчы. Стаіш, смакуеш і глядзіш на Менск за вакном… І па сырках, вядома! Усіх: ванільных, шакаладных, з пандай на абгортцы, з дзяўчынкай. Тут наогул няма падобнага.

Не хапае і беларускага шакаладу. Той смак і пах, што нагадвае дзяцінства, лепей чым «Нэстле» ці «Мілка». «Камунарка» — вось мой выбар. Захоўваю ў заплечніку адну плітку «Аленкі», што мама дасылала яшчэ паўгады таму. Адкрыю, калі зусім засумую па радзіме. 

Вікта. Жыве ў Швайцарыі. Блогерка

szvajcaryja.jpg

Вы будзеце сьмяяцца, але сярод швайцарскіх «Мілак» я больш за ўсё сумую па «беларускай малочцы». Цяпер лета — сэзон халаднікоў, а любы разумны чалавек вам скажа, што найсмачнейшы халаднік гатуецца на кефіры. Але з кефірам тут праблема, ніколі не сустракала яго ў звычайных крамах.
Другое, па чым сумую, — гэта тварог. Яго я знаходзіла толькі зярнёным. А мне для ранішніх сырнікаў патрэбны звычайны беларускі.
І нарэшце — глазураваныя сыркі. Не так часта я іх набывала, але ж цяпер вельмі хочацца паласавацца. Пэўна, яшчэ мацней праз тое, што іх тут не знайсьці.
Што тычыцца малака, сьмятаны, сыроў — яны ў Швайцарыі смачныя. Грэчка месьціцца на палічках здаровага харчаваньня, а Лідзкі квас мне замяняе модная камбуча.

 

Воля. Жыве ў Швэцыі. Моўшн-дызайнэрка

szvecyja.jpg

Нам у Швэцыі вельмі не хапае варэнікаў, хаця яны ёсьць у расейскай краме, але не такія, як родненькія. Таксама не хапае сырнікаў, бо тут не такі тварог, як у Беларусі, і таму нават зрабіць падобныя не атрымліваецца. Сумуем па халадніку. Ёсьць некаторыя месцы, дзе яго робяць, але гэта рэдкасьць.

Сапраўдная мара — слойкі са шпінатам з «Кароны».

І, вядома, марозіва — «Капрыз», «Каштан» і марозіва ў вафельным кубачку, кшталту «ТОП».
Сыркі глазураваныя таксама тут ёсьць у расейскіх крамах, але яны нейкія нямецкія, іх смак зусім ня той.

Сумуем па смаку барадзінскага хлеба і сьмятаньнікаў. Яшчэ не хапае салатаў з кулінарыі кшталту «аліўе» ці «селядца пад футрам». Ну і таксама мара — гэта торт «Графскія разваліны» і ўвогуле амаль усе торты са звычайнай менскай крамы, бо ў Швэцыі маюцца смачныя булачкі, але торты — не, да таго яшчэ і выбар маленькі.

Ганна. Жыве ў Гішпаніі. Журналістка

hiszpanija2.jpg

У Менску мы жылі каля Камароўкі, таму ўсе беларускія прысмакі былі ў крокавай дасяжнасьці. Асаблівай радасьцю было набыць усялякай зеляніны-агародніны, нарубіць дома ўсемагчымых салатаў (напрыклад, з памідораў, базыліку, цыбулі і алею — асалода!) і есьці іх упрыкуску з маст-хэвам наведвальнікаў Камароўкі — тандырнай ляпёшкай.

Зараз я жыву на Канарскай выспе — Тэнэрыфэ. З памідорамі тут сітуацыя ня вельмі: па адэкватным кошце можна набыць чэры, а вялікія памідоры дарагія і непрыгожыя. Пра гуркі на выспе ўвогуле лепш забыць. Аднойчы мы езьдзілі на мясцовы «Агра-кірмаш» — там, калі пашанцуе, можна знайсьці фэрмерскую гародніну, але гэта даволі далёка, нават кожны тыдзень не наезьдзішся. Але на замену старой-добрай салаце з радыскай, гуркамі і сьмятанай прыйшла салата з авакада, крэветкамі, рукалай. Таму не скардзімся! Толькі крыху.

Пра сьмятану і твораг — сапраўдныя нашы далікатэсы — тут увогуле не чулі. І калі першую цалкам можна замяніць грэцкім ёгуртам, дык тваражок не заменіш нічым. Я спрабавала прыгатаваць сырнікі з дапамогай рыкоты («рыкотнікі»), але атрымліваецца нейкая падробка. Вось чаго мы не чакалі сустрэць на Канарах — згушчанага малака, якога аднойчы вельмі пажадалася. Знайшлі, набылі адразу літр! Нічым ня горш за «Глыбоцкае». Зараз вельмі не хапае каляровых вафельных каржоў для торта са згушчаным малаком, як у дзяцінстве. Спадзяюся, родныя правязуць іх праз мяжу ў якасьці сувэніраў з Радзімы.

Яшчэ адзін недаацэнены беларускі скарб — кашы. Я чула, што ў Эўропе грэчку можна набыць толькі ў некаторых аптэках, у разьдзеле супер-здаровага харчаваньня. Але я і ў аптэках, на жаль, не сустрэла. Вельмі сумую па аўсянцы «Лідкон» на сьняданак, да яе мяне з дзяцінства прывучыла мама. Але і ў Беларусі «Лідкон» зараз ня часта сустрэнеш. На выспе мы знайшлі аўсянку толькі ў адной краме, зноў жа з пазнакамі «бія–веган–эка-натураль», за тры эўра. Больш падобная да той, што ў Беларусі прадаецца ў шэрых пакунках з пазнакай «экстра», вось яна мне ніколі не падабалася. Але самым маім улюбёным беларускім сьняданкам былі варэнікі «Бабуля Ганна» з чарніцамі, палітыя распаленым маслам. Тут ні варэнікаў, ні чарніцаў.

А вось мой хлопец страшэнна сумуе па шматочку сала са сьцяблінкай зялёнай цыбулі, хоць і ў Менску мы частаваліся падобным раз на год. Нават самы смачны хамон не задавальняе гэтую ягоную патрэбу. Мне ж, у сваю чаргу, не хапае мядовай азэрбайджанскай дынькі з Камароўкі. Тут ёсьць, але ня вельмі смачныя. Даводзіцца «давіцца» папаяй (сьмяецца).