Нямецкі футбольны клуб «Кёльн» заклікаў УЕФА выключыць беларускія клубы з еўракубкаў

Адпаведная заява была накіраваная кіраўніку арганізацыі Аляксандру Чэферыну і ў Нямецкі футбольны саюз, паведамляе прэс-служба «Кёльна».

wp4397531.jpg


Як зазначаецца ў паведамленні, «Кёльн» згуляе ў кваліфікацыі Лігі канферэнцый, дзе можа патэнцыйна сустрэцца з клубамі з Беларусі, тэрыторыя якой выкарыстоўваецца Расіяй для агрэсіі супраць Украіны.

«Барысаўскі БАТЭ, гомельскі “Гомель”, салігорскі “Шахцёр” і мінскае “Дынама” па-ранейшаму ўдзельнічаюць у спаборніцтвах. Улічваючы палітычную сітуацыю і падтрымку Расіі з боку беларускага ўрада ва ўварванні ва Украіну, ФК “Кёльн” просіць УЕФА прыняць рашучыя меры і адхіліць каманды ад удзелу ў спаборніцтвах», — гаворыцца ў лісце.

У заяве клуба падкрэсліваецца, што ФК «Кёльн» «выступае за лібералізм, разнастайнасць і мірнае суіснаванне адзін з адным. Таму Савет дырэктараў і Кіраўнікі дырэктара рашуча асуджаюць адкрыта заяўленую блізкасць беларускага ўраду да Расіі, а таксама паводзіны, звязаныя з вайной ва Украіне. Велізарная падтрымка расійскага ўварвання ва Украіну праз Беларусь ідзе не толькі насуперак з каштоўнасцямі ФК “Кёльн”, але і супраць усяго спорту», — адзначаецца ў заяве.

ФК «Кёльн» падкрэслівае, што расійскія футбольныя клубы адхіленыя ад турніраў пад эгідай УЕФА, аналагічна, на думку нямецкага клубу, варта паступіць і з беларускімі клубамі. Тым больш, што такія былі і рэкамендацыі Міжнароднага алімпійскага камітэта.

Беларускія клубы, у адрозненне ад расійскіх, не выключылі з еўрапейскіх турніраў, але хатнія матчы яны вымушаныя праводзіць на нейтральных палях і без заўзятараў.