Ператварэнне ў шэрасць. Як гібее некалі лепшы футбольны клуб Беларусі
У 2012 годзе БАТЭ перамагаў мюнхенскую «Баварыю» ў Лізе чэмпіёнаў, і аб тым гаварыла ўся футбольнай Еўропа. У 2015-м у тым жа найпрэстыжным турніры барысаўцы нішчылі італьянскую «Рому», і на тое глядзелі перапоўненыя трыбуны ў Пячах. У 2022-м колішні клуб-флагман прайграе ў першынстве Беларусі сціпламу дзяржынскаму «Арсеналу» — і зусім не ведае, што будзе далей.
Ад росквіту да заняпаду — гэта шлях заняў у барысаўскага БАТЭ нейкіх гадоў пяць. Прыгожая карэта ператварылася ў гарбуз.
Чаму так здарылася — справа занадта вядомая, каб яе ўзгадваць у падрабязнасцях. Пагоршыліся вынікі ў еўракубках — а яны толькі і сілкавалі БАТЭ грашыма. Памёр заснавальнік і натхняльнік праекта Анатоль Капскі. Адужэлі канкурэнты, якія даўно марылі перахапіць сцяг і самі сустракацца з «Барселонамі» ды «Чэлсі». Дый наогул футбол беларускі знясілеў, дэградаваў. А калі ўвесь агарод парос пустазеллем, то на ім наўрад ці захаваецца адно сакавітае каліва.
Але зараз не пра гэта — не пра шлях асобна ўзятага клуба ад зорак да церняў. Зараз — пра сённяшні стан барысаўскай каманды, якая вось-вось распачне чарговую еўракубкавую кампанію. Шанцаў на нейкія поспехі на міжнароднай арэне, паводле большасці прагнозаў, у барысаўцаў няма.
Малады і недасведчаны трэнер
У сёлетнім сезоне камандай кіруе 37-гадовы Аляксандр Міхайлаў. Трэнер, у якога няма старонкі ў вікіпедыі. Магчыма, палітзняволены вікіпедыст Марк Бернштэйн як раз на «хатняй хіміі» зробіць артыкул пра сённяшняга правадыра БАТЭ, але ці паспее да таго, як героя публікацыі з пасады звольняць?
Можа не паспець, бо справы ў барысаўцаў ідуць дрэнна. На пачатку сезона каманда выглядала бадзёра і адразу заняла першае месца ў табліцы чэмпіяната. Але стартавая хуткасць — не паказчык на доўгай дыстанцыі, таму не дзіва, што на падыходзе да сярэдзіны сезона БАТЭ страціў моц і хуткасць. Цяпер ён больш ачкоў аддае, чым набірае. У шасці апошніх гульнях вышэйшай лігі «жоўта-сінія» перамаглі толькі аднойчы, і, зразумела, іх пазіцыі пахіснуліся.
БАТЭ дагэтуль першы ў турнірным рэестры, аднак гэтае месца ўмоўнае. Бо па так званых страчаных ачках Барысаў толькі чацвёрты. То бок па-за межамі тройкі прызёраў, дзе апошні раз клуб фінішаваў ажно ў 2005 годзе.
У доўгай і яркай гісторыі БАТЭ было шмат маладых трэнераў. Уласна, маладыя — перад усім, вядома, Віктар Ганчарэнка — і прынеслі камандзе еўрапейскую славу. Але пакуль непадобна на тое, што мала каму вядомы Міхайлаў, які раней усяго год узначальваў дубліруючы склад клуба, стане новым Гары Потэрам барысаўскага футбола.
Тым больш і водгукі аб яго працы даволі супярэчлівыя. Прынамсі шчыльнага і даверлівага кантакту з футбалістамі малады трэнер, кажуць, не мае, а без той самай «хіміі» ў калектыве вялікіх поспехаў дасягнуць складана.
Ёсць меркаванне, што менавіта еўракубкі стануць лакмусавай паперкай для Міхайлава, і калі каманда тут гучна ляснецца, то лейцы аддадуць некаму іншаму. Пакуль гэта толькі чуткі, але ўзніклі яны яўна не на пустым месцы.
Склад здрабнеў, чэмпіёнаў амаль не засталося
Калі ў беларускім футболе кажуць пра эпоху БАТЭ, то маюць на ўвазе велізарны пласт часу — ад 2006 года да 2018-га. Усе гэтыя трынаццаць сезонаў Барысаў дамінаваў і быў сапраўдным манархам вышэйшай лігі. Перафразуючы вядомую прыказку: можна было зайсці на трэніровачную базу клуба ў Дудзінцы, заплюшчыць вочы і плюнуць — і абавязкова папасці ў чэмпіёна краіны.
Цяпер пляваць амаль няма ў каго. За тры гады, цягам якіх верхнюю прыступку п’едэстала займаюць іншыя, уладальнікаў залатых медалёў у Барысаве засталося ўсяго нічога. Гэта Станіслаў Драгун, якому 34 гады, Максім Бардачоў, якому 36, ды 26-гадовы варатар Дзяніс Шчарбіцкі. Ёсць яшчэ абаронца Максім Валадзько, але той ужо, кажуць, каманду пакідае і пераязджае ў Казахстан.
Увогуле гэтае лета спусташальнае для барысаўскага клуба ў сэнсе страт гульцоў. За кароткі тэрмін клуба пакінулі чацвёра важных футбалістаў, і гэта страты, якія цяжка кампенсаваць. Раней перад еўракубамі БАТЭ, наадварот, узмацняў, дакамплектоваў абойму, але цяпер аб тым застаецца толькі марыць.
Вядома, гэта ўсё ўплывае на якасць гульні Барысава. А гульня тая разрозненая, не яркая і мала змястоўная. На полі зашмат мітуслівай моладзі і замала разумнай разважлівасці. У выніку — кепскія вынікі і адпаведныя настроі ў калектыве. І зацярушаныя перспектывы на другую частку сезона.
Бюджэт малы і няма дзе браць грошы
Можна сказаць, што з БАТЭ сыходзяць футбалісты, а можна — што БАТЭ футбалістаў прадае. Прадае вымушана, каб закрыць дзіркі ў бюджэце.
Гэта звычайная справа ў футболе, дзе гульцы — і актыў, і тавар. Скажам, за пераход сербскага абаронцы Аляксандра Філіпавіча ў белградскі «Партызан», паводле неафіцыйнай інфармацыі, БАТЭ атрымаў калі 300 тысяч еўра.
Але ў выпадку барысаўскага клуба звычайная справа не зусім звычайная. Паўторымся: з футбалістамі кіраўніцтва растаецца фактычна ад безвыходнасці. Дый і тыя самі разумеюць, што чым далей гібець у дэкадэнцкім БАТЭ, лепей паспытаць нешта іншае, больш перспектыўнае і заможнае.
Некалі Барысаў зарабляў еўракубкамі і пачуваўся вельмі самавіта. Пры гэтым адчувальнай іншай крыніцы фінансавання каманда з простага раённага цэнтру не мела. Не мае і цяпер, за выключэннем невялікай дзяржпадтрымкі і неастранамічных спонсарскіх кантрактаў. Па такой з дазволу сказаць бізнес-мадэлі ў беларускім футболе маюцца ў лепшым выпадку сераднякі, да якіх памалу і немінуча скочваецца былы флагман. І не бачна чынніка, які можа прыпыніць ці нават развярнуць гэты працэс.
Зрэшты, у іншых справы не сказаць, каб лепей. Спонсар салігорскага «Шахцёра» калійны камбінат «Белкалій» знаходзіцца пад санкцыямі і мае праблемы са збытам прадукцыі. Самая дзяржаўніцкая каманда мінскае «Дынама» напаўняе бюджэт дзе прыйдзецца і за кошт адміністрацыйнага рэсурсу, які не можа быць вечным. Брэсцкае «Дынама» пасля зыходу лукашэнкаўскага бізнесоўца Аляксандра Зайцава зводзіць канцы з канцамі. І далей па спісе — скрозь тыя самыя сераднякі, у якіх зародкі з кожным кодам усё больш сціплыя.
Вось як у гэтыя шэрагі і рухаецца БАТЭ, які некалі гуляў пад сафітамі ў Барселоне, Мадрыдзе, Турыне, Рыме, Мілане… Так бы мовіць, у лепшых гарадах Еўропы, з якой Беларусь пры дзеючым рэжыме не мае амаль анічога агульнага.
P.S. І кароткі анонс бліжэйшых матчаў беларускіх клубаў у Лізе канферэнцый. Сёння, 21 ліпеня БАТЭ згуляе ў Турцыі з тамтэйшым «Коньяспорам» (пачатак а 22.00 па беларускім часе), мінскае «Дынама» ў Ізраілі сустрэнецца з «Хапаэлем» з Беэр-Шэвы (20.30), а «Гомель» у Салоніках выйдзе супраць грэчаскага «Арыса» (21.00).