«З саюзнага бюджэту пампануць грошай». Пуцін прапанаваў даць Беларусі крэдыт на робакласы
Уладзімір Пуцін падтрымаў ідэю выдаць Беларусі крэдыт у 10 млрд рублёў на абсталяванне класаў робататэхнікі. Ён лічыць, што грошы можа выдаць ВЭБ.РФ або іх можна «пампануць» з бюджэту Саюзнай дзяржавы. Пра гэта Пуцін заявіў на форуме агенцтва стратэгічных ініцыятыў «Моцныя ідэі для новага часу».
Сузаснавальнік Пецярбургскай кампаніі «Робба» Павел Фралоў, паскардзіўся, што Беларусі цяжка закупляць абсталяванне ягонай кампаніі для інжынерных класаў без крэдытаў Сусветнага банка, і прапанаваў, каб закупкі крэдытавала Расія, паведамляе REFORM.by.
«Летась Беларусь закупляла нашы робакласы за крэдыты Сусветнага банка. Атрымалася абсталяваць 170 школ. А цяпер ім такія крэдыты не даюць. Каб абсталяваць усе школы Беларусі, патрабуецца дзяржаўны крэдыт 9 млрд рублёў і патрэбныя гарантыі ўрада», — сказаў Фралоў.
Пуцін падтрымаў ідэю і выказаў здагадку, што неабходную суму можа знайсці кіраўнік ВЭБ.РФ Ігар Шувалаў.
«Ігар Іванавіч, што такое дзевяць мільярдаў? У Ігара Іванавіча актывы банка 4 трыльёны 600 мільярдаў рублёў. Няўжо вы дзясятку не знойдзеце? Пра што мы гаворым», — сказаў Пуцін, звяртаючыся да Шувалава.
Расійскі прэзідэнт мяркуе, што Беларусі трэба абавязкова дапамагчы, магчыма, за кошт бюджэту Саюзнай дзяржавы.
«І беларусам трэба абавязкова дапамагчы, таму што гэта блізкая нам саюзная дзяржава. Можна пагаварыць, абавязкова з калегамі пагавару, з саюзнага бюджэту трошкі пампануць грошай», — дадаў ён.