Качанава зрабіла «прарасійскі камінг-аўт»: прызналася, што для яе галоўнае — не падвесці Пуціна

Старшыня Савета Рэспублікі дала інтэрв'ю дзяржаўнай прапагандзе, у якой нагаварыла таго, чаго раней не гучала.

1021526556_0_113_3000_1998_1920x0_80_0_0_f65c678676fef0dfac92854271e98602.jpg


«Я шчыра лічу, што беларусам і расіянам неймаверна пашанцавала, што на чале нашых дзяржаў такія мудрыя кіраўнікі — Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін. Гэта выключныя палітыкі, якімі наўрад ці можна стаць, а трэба нарадзіцца, — бязмерна любяць сваю Айчыну, свой народ, цалкам і без рэшты прысвячаюць сябе служэнню дзяржаўным інтарэсам», — сказала яна.

«У сваю чаргу наш абавязак і маральны доўг як адказных асоб, грамадскіх дзеячаў і шараговых грамадзян — не падвесці беларускага і расійскага лідараў.

Мы павінны вучыцца ў іх таму, як выбудоўваць узаемапаважлівае раўнапраўнае партнёрства і проста чалавечае сяброўства, цаніць і берагчы гэтыя адносіны, забяспечваць іх пераемнасць з пакалення ў пакаленне», — сказала Качанава.

61-гадовая Наталля Качанава ўзляцела ў вышэйшы эшалон беларускага істэблішэменту пасля таго, як у 2014 годзе яе перавялі з пасады старшыні Наваполацкага гарвыканкама ў Мінску віцэ-прэм'еркай. У 2016 годзе яе прызначылі кіраўніцай Адміністрацыі прэзідэнта. Робячы ўражанне бясконца адданай Аляксандру Лукашэнку, Качанава сфарміравала магутную сетку верных сабе кадраў у самых розных сферах, прасоўваючы людзей не толькі з Полаччыны.

У 2020 годзе менавіта Качанава была вызначальнай постаццю ў часе фатальнай прэзідэнцкай кампаніі.

Згодна са злітымі ў Сеціва матэрыяламі сацыялагічнага даследавання, праведзенага расійскімі сацыёлагамі, Качанава — самая непапулярная фігура ў атачэнні Аляксандра Лукашэнкі.

У той жа час некаторыя назіральнікі лічаць менавіта яе патэнцыйнай пераемніцай Аляксандра Лукашэнкі або чалавекам, на якога Масква можа замяніць цяперашняга кіраўніка мінскай адміністрацыі.