Пуцін зноў шантажуе Еўропу газам, каб запусціць «Паўночны паток-2»

Пастаўкі газу ў Еўропу праз газаправод «Паўночны паток» могуць быць скарочаныя ўжо ў ліпені. Аб гэтым заявіў прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін. Кампенсаваць гэта ён прапанаваў запускам газаправоду «Паўночны паток-2», гэты праект быў спынены з прычыны ўварвання Расіі ва Украіну.

6d5b7d35_1897_44dd_83d3_a457c2215444_w1023_r1_s.jpg


Паводле Пуціна, на наступным тыдні расійскі газавы манапаліст «Газпром» адправіць на рамонт агрэгат, які перапампоўвае газ, пасля чаго магутнасць «Паўночнага патоку» знізіцца да 30 мільёнаў кубаметраў за суткі. Гэта 1/5 ад яго праектнай магутнасці. Расійскі прэзідэнт заявіў, што пастаўкі можна будзе ўтрымліваць на большым узроўні, калі Германія перадасць Расіі турбіну, што затрымлівалася Канадай з прычыны санкцый.

Пры гэтым у некаторыя перыяды трубаправод перапампоўваў больш газу, чым праектная магутнасць. Пасля пачатку вайны «Газпром» скараціў аб'ём прапампоўкі праз газаправод спачатку да 100 мільёнаў кубаметраў са 167, а потым – да 67 мільёнаў кубаметраў. Пасля гэтага ён быў спынены на рамонт, прапампоўка газу павінна аднавіцца 21 ліпеня.

Пуцін прапанаваў кампенсаваць пастаўкі з дапамогай газаправоду «Паўночны паток – 2», праект быў спынены перад запускам праз уварванне Расіі ва Украіну. «ПП-2» не сертыфікаваны нямецкімі ўладамі. Супраць узнаўлення праекту выступаюць і кіроўныя партыі Германіі, і большасць апазіцыі.

Эканоміка найбуйнейшай краіны Еўрасаюза Германіі і яшчэ некалькіх краін ЕС у значнай меры залежыць ад паставак газу з Расіі. Нямецкія палітыкі абвінавачваюць Маскву ў тым, што Крэмль выкарыстоўвае пастаўкі ў якасці зброі для ціску на еўрапейскія краіны.

Расійскія пастаўкі забяспечвалі прыблізна да 40 % газу ЕС, яго складана замяніць у кароткатэрміновай перспектыве. Нямецкая прамысловасць папярэджвае, што дэфіцыт паліва, які набліжаецца, прывядзе да рэцэсіі.

Краіны ЕС шукаюць спосабы кампенсаваць пастаўкі – як за кошт пакупак газу ў іншых пастаўшчыкоў, так і за кошт пошуку альтэрнатыўных крыніц паліва. Апроч таго, Еўрапейскі Саюз разглядае магчымасць добраахвотнага скарачэння на 15% спажывання прыроднага газу краінамі-членамі ўжо з наступнага месяца.