Ад «залатога веку» да найноўшых часоў

Да 500-годдзя Жана Кальвіна, аднаго з выбітных хрысціянскіх багасловаў, Евангелічная Рэфармацкая царква зладзіла шэраг святочных мерапрыемстваў. Акрамя таго, прыхільнікі Евангелічнай Рэфармацкай царквы звярнуліся ў Мінгарвыканкам з прапановай ушанаваць у тапаніміцы сталіцы дзеячаў Рэфармацыі. (На выяве: Жан Кальвін)



d240e3d38a8882ecad8633c8f9c78c9b.jpg

Да 500-годдзя Жана Кальвіна, аднаго з выбітных хрысціянскіх багасловаў, Евангелічная Рэфармацкая царква зладзіла шэраг святочных мерапрыемстваў. Акрамя таго, прыхільнікі Евангелічнай Рэфармацкай царквы звярнуліся ў Мінгарвыканкам з прапановай ушанаваць у тапаніміцы сталіцы дзеячаў Рэфармацыі.

(На выяве: Жан Кальвін)


У 2003 годзе споўнілася 450 год Рэфармацыі ў Беларусі, у 2008-м — 450 год з заснавання Кальвінскага Збору — сабору Евангелічна-Рэфармацкай царквы ў Мінску на вуліцы, якая і атрымала адпаведную назву ды насіла яе некалькі стагоддзяў: «Вялікая Зборавая». XVI стагоддзе сталася пераломным у грамадска-палітычным, сацыяльным і ідэйным жыцці народаў Еўропы. Большасць еўрапейскіх краін ад пачатку XVI стагоддзя была ахоплена шырокім рухам, накіраваным на рэфармаванне пануючай на той час у грамадстве Рымска-каталіцкай царквы. Гэты рух атрымаў назву Рэфармацыі, яго іншая назва — пратэстантызм.
Калі гаварыць пра Рэфармацыю ў Беларусі, то найбольш вядомым яе прадстаўніком з’яўляецца магнат, канцлер і ваявода Віленскі Мікалай Радзівіл Чорны. У 1553 годзе ён абвясціў, што з’яўляецца пратэстантам, прыхільнікам Жана Кальвіна, французскага прапаведніка, які перасяліўся ў Жэневу. Адразу ж у Беларусі і Літве пачалі стварацца пратэстанцкія царкоўныя суполкі. Пры рэфармацкіх абшчынах будаваліся храмы, школы, шпіталі, друкарні, прытулкі для інвалідаў. Рэфармацыя адыграла ў гісторыі Еўропы, у тым ліку і ў Беларусі, прагрэсіўную ролю. Яна актывізавала значныя пласты грамадства — манархаў, магнатаў, шляхту і гараджан — у іх грамадска-палітычнай дзейнасці. У 1625 годзе кальвіністы заснавалі ў Вільні гімназію, якая лічыцца найстарэйшай навучальнай установай Беларусі.
На працягу 300 гадоў свайго існавання Слуцкая гімназія дала Беларусі цэлы шэраг навукоўцаў, даследнікаў, грамадскіх і царкоўных дзеячаў. Сярод іх вынаходнік сучаснага кірылічнага шрыфту Ілля Капіевіч, філосаф і паэт Ян Белабоцкі, пісьменнікі Альгерд Абуховіч, Антон Пяткевіч, славяназнаўца Зарыян Даленга-Хадакоўскі, медык Антон Красоўскі, астраном Вітольд Цэраскі, палітык і мецэнат Эдвард Вайніловіч і іншыя. Да кальвінісцкай царквы належалі вядомыя асветнікі XVI стагоддзя Сымон Будны і Васіль Цяпінскі. Часы Рэфармацыі ў Беларусі прынята называць «залатым векам».
Рэфармацыя прынесла з сабой новае мысленне, новую культуру, шырокае распаўсюджванне Бібліі на нацыянальных мовах (замест напісанай толькі лацінскай і царкоўнаславянскай, як было раней). Яна дала штуршок для развіцця нацыянальных культур у розных краінах, развіцця навуковых ведаў. У эканамічных дачыненнях Рэфармацыя адчыніла шлях да прадпрымальніцтва, развіцця прамысловасці, гандлю і фінансаў, пахіснула феадальны лад у Еўропе. Гістарычны перыяд распаўсюджвання Рэфармацыі супаў з перыядам Адраджэння ў Еўропе, у тым ліку ў Беларусі. У свой час Максім Багдановіч увёў тэрмін «беларускае Адра­джэнне», якое пачалося ў XVI стагоддзі. Беларускае грамадска-палітычнае Адраджэнне было абумоўленае беларускай дзяржаўнасцю, культурнымі сувязямі з Заходняй Еўропай, гуманістычным светапоглядам. Рэфармацыйны рух аказаў значны ўплыў на грамадскую думку і меў на мэце прымірэнне людзей розных поглядаў, паходжання і веравызнання на глебе служэння вышэйшым ідэалам.
Сёння па ўсім свеце кальвінісцкая царква (яна завецца таксама евангельска-рэфармаванай) налічвае каля 60 мільёнаў вернікаў. Рэфармацкая царква ў Беларусі пачала адраджэнне, калі краіна набыла незалежнасць. У 2001 годзе яна была афіцыйна зарэгістраваная ў Беларусі. Цяпер па краіне налічваецца каля дзесятка парафій, вернікамі царквы з’яўляюцца блізу сотні чалавек. «Большасць людзей матывуе свой зварот да Евангелічнай Рэфармацкай царквы найбольш адпаведнай Бібліі дактрынай, гэта — хрысціянства ў чыстым выглядзе, без пазнейшых дадаткаў, бо царква рэфармавалася паводле Евангелля, — расказвае прэсвітэр Аляксей Фралоў. — Людзі паглыбляюцца ў Пісанне, бачаць прастату літургіі. Некаторыя ў Мінску прыходзілі з-за беларускай мовы. Магчыма, некаторыя прыйшлі дзеля гістарычнай, культурнай традыцыі».
У сувязі юбілейнымі датамі вернікі царквы звярнуліся да старшыні Мінгарвыканкама з шэрагам прапаноў і просьбаў. У прыватнасці, вярнуць гістарычную назву вуліцы, дзе з XVI стагоддзя стаяў будынак нашай царквы — Кальвінскі Збор: «Вялікая Зборавая» (сёння гэта вуліца «Інтэрнацыянальная»). Прапануецца таксама адкрыць сёлета Мемарыяльную шыльду ў гонар Рэфармацыі ў Беларусі, памяць Жана Кальвіна і Кальвінскага Збору ў Мінску, стварыць асобны раздзел, прысвечаны Рэфармацыі ў пастаяннай экспазіцыі Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі, надаць новым вуліцам Мінска імёны дзеячаў гісторыі, культуры і духоўнасці Беларусі эпохі Рэнесансу і Рэфармацыі: Мікалая Радзівіла Чорнага, Сымона Буднага, Цыпрыяна Базыліка, Еўстафія Валовіча ды іншых.