Адраджэнне батлейкі

У мінулыя часы на Беларусі ў гарадах і мястэчках ладзіліся кірмашы, на якія збіралася шмат людзей з навакольных вёсак. Асабліва папулярнымі былі кірмашы на Каляды. Акрамя гандляроў і пакупнікоў, іх наведвалі валачобнікі, жанглёры, а са Смаргоні, дзе існавала “мядзведжая акадэмія, са сваімі калматымі “артыстамі прыязджалі і дрэсіроўшчыкі мядзведзяў. Не абыходзіліся кірмашы і без старадаўняга тэатра — батлейкі.



3d36c07721a0a5a96436d6c536a132ec.jpg

У мінулыя часы на Беларусі ў гарадах і мястэчках ладзіліся кірмашы, на якія збіралася шмат людзей з навакольных вёсак. Асабліва папулярнымі былі кірмашы на Каляды. Акрамя гандляроў і пакупнікоў, іх наведвалі валачобнікі, жанглёры, а са Смаргоні, дзе існавала “мядзведжая акадэмія, са сваімі калматымі “артыстамі прыязджалі і дрэсіроўшчыкі мядзведзяў. Не абыходзіліся кірмашы і без старадаўняга тэатра — батлейкі.

Шумеў, гудзеў святочны кірмаш: “Купіце свежыя абаранкі!, “А вось каралі, пярсцёнкі для прыгожых паненак! — гучалі заклікі гандляроў. Але з прыездам батлейшчыкаў на іх мала звярталі ўвагу, усе ціснуліся да вандроўнікаў — артыстаў, якія ўсталёўвалі сваю “машыну часу, цудадзейную скрынку — батлейку.

Такія захапляльныя, цікавыя кірмашы ладзіліся калісьці і ў старажытным мястэчку Койданава. Летапісец Дзяржыншчыны, гісторык, краязнаўца Анатоль Валахановіч адзначаў, што ў дзяцінстве койданаўскі кірмаш любіў наведваць адзін з заснавальнікаў беларускага прафесійнага тэатра, акцёр, рэжысёр Уладзімір Крыловіч, ураджэнец вёскі Крыловічы, што на Койданаўшчыне (Дзяржыншчыне). Магчыма, захапленне батлейкай паспрыяла выбару ім акцёрскай прафесіі.

На тэрыторыі Беларусі батлеечны тэатр існаваў з ХVІ і да пачатку ХХ стагоддзя, калі да ўлады прыйшлі бальшавікі, што забаранілі гэты сапраўды беларускі народны від мастацтва.

Пасля працяглага перапынку батлейка зноў вярнулася на Дзяржыншчыну. Колькі гадоў таму батлейка на Койданаўшчыне была адроджана ў вёсцы Дворышча, ініцыятарам стварэння батлейкі, яе рэжысёрам і сцэнарыстам была настаўніца мясцовай сярэдняй школы Таццяна Мацкевіч. Дзеючымі асобамі ў батлейцы выступалі вучні гэтай жа школы. Праіснаваў тэатр недзе 5–6 гадоў. А ў 2010 годзе, напярэдадні каталіцкага Ражаства, у вёсцы Вялікае Сяло адбылася прэм’ера старадаўняй біблейскай драмы “Цар Ірад, якой адкрыўся батлеечны тэатр. Выканаўцамі роляў былі вучні 2–7 класаў вялікасельскай сярэдняй школы, а працу рэжысёра-пастаноўшчыка выконвала вопытны педагог, аматар тэатра, краязнаўца Тамара Заблоцкая.
 
На Беларусі і далёка за яе межамі добра ведаюць выдатнага адмыслоўца па вырабу драўляных, без адзінай металічнай дэталі, гадзіннікаў Андрэя Мартынюка. Менавіта яго ўмелымі рукамі была створана прыгожая, аздобленая арнаментам, двухпавярховая скрынка, у якой адбываецца дзеянне спектакля. Лялькі для спектакля з вялікім майстэрствам вырабілі дырэктар Дома народнай творчасці, педагог, кераміст, мастак Наталля Ермаловіч разам са сваёй былой вучаніцай, цяпер вядомай майстрыхай Вольгай Мешчараковай. Пастаноўка выконвалася па-беларуску, а пераклад тэксту з рускай мовы зрабіла Інэса Хвалей, карэктар Дзяржынскай раённай газеты “Узвышша.

Трэба было бачыць, з якім задавальненнем, як шчыра, з гарачымі апладысментамі сустракалі і артыстаў, і арганізатараў тэатра гледачы — дарослыя і дзеці. Гэта быў сапраўдны трыумф!

За год існавання батлейкі юныя артысты паставілі 33 спектаклі “Цара Ірада ў розных куточках Дзяржыншчыны, а напярэдадні Новага 2012 года сваім майстэрствам яны парадавалі таксама жыхароў Мінска. Да сёлетніх калядных святаў артысты падрыхтавалі новы спектакль пад назвай “Віфлеемская ноч, дзе распавядаецца пра нараджэнне Ісуса Хрыста і пра ўсё звязанае з гэтай падзеяй. Як і ранейшы “Цар Ірад, пераклад тэксту з рускай на беларускую мову зрабіла Інэса Хвалей. Прэм’ера спектакля адбылася ва ўтульным прыгожым зале новага Дома культуры вёскі Дворышча — у вёсцы, з якой батлейшчыкі Вялікага Сяла перанялі эстафету ў адраджэнні батлейкі. У спектаклі былі задзейнічаны вучні вялікасельскай сярэдняй школы. Я быў у захапленні, назіраючы, з якой цікавасцю і непасрэднасцю ўспрынялі спектакль гледачы, вучні малодшых класаў мясцовай школы. Спектакль праходзіў у рамантычнай атмасферы, пры свечках. Сапраўды, самыя лепшыя гледачы — гэта дзеці.

Добры калядны падарунак зрабілі артысты батлейкі дзецям Дворышча. Хто ведае, мо з цягам часу нехта з гэтых юных артыстаў стане такім выдатным артыстам, як іх зямляк Уладзімір Крыловіч. У любым выпадку, у іх памяці ўдзел у батлейцы застанецца на ўсё жыццё, і, магчыма, на беларускай мове яны пачнуць размаўляць не толькі на сцэне, але і ў паўсядзённым жыцці.
 
 Шмат новых прыемных сюрпрызаў чакае гледачоў батлейкі і ў будучым. Юныя артысты ўжо падрыхтавалі да пастаноўкі новыя спектаклі — “Калабок і “Пчолка і шэршань. Дарэчы, у апошнім спектаклі будуць задзейнічаны саламяныя лялькі, якія з вялікім майстэрствам і любоўю вырабіла майстрыца Вольга Мешчаракова. Для самых жа маленькіх гледачоў рыхтуецца да пастаноўкі спектакль “Церамок. Усе пастаноўкі будуць ажыццяўляцца толькі на беларускай мове, аб чым добра паклапаціліся арганізатары батлейкі.