Амністыя праводзіцца, каб вызваліць месцы ў турмах
Не шукайце схаваныя сэнсы ў амністыі, раіць Дзмітрый Лаеўскі — адвакат, які бараніў Віктара Бабарыку — і разважае, нашто ўлады анансавалі амністыю, пад якую могуць трапіць больш за 8 000 чалавек.

Генпракурор абяцае, што шмат хто будзе вызвалены з месцаў пазбаўлення волі. У сувязі з навіной пра амністыю гучаць розныя меркаванні. Ёсць і тыя, хто кажа пра «стрыманы аптымізм» ці нават бачыць прыкметы «лібералізацыі», адзначаюць у тэлеграме палітыка-палітвязня Віктара Бабарыкі.
Безумоўна, можна вітаць тое, што нейкія людзі будуць вызваленыя. Але грамадскіх лідараў і найбольш прыкметных удзельнікаў падзей 2020 года гэта не закране.
Не шукайце схаваныя сэнсы. Амністыя праводзіцца, каб вызваліць месцы ў турмах. Каб на гэтыя месцы змясціць іншых людзей. Так што ніякіх намёкаў на лібералізацыю.
Прыкметы лібералізацыі можна будзе канстатаваць тады, калі без усялякіх анонсаў вызваляць Эдуарда Бабарыку, які рэкордны тэрмін — вось ужо больш за два гады, хоць і не здзейсніў злачынства — утрымліваецца пад вартай без прысуду суда, і адваката Максіма Знака, пра абавязак неадкладна вызваліць якога даўно ёсць рашэнне спецыяльнай працэдуры.