Андрэй Бастунец: «Дзіўна і смешна, што пратаколы за парушэнне заканадаўства аб СМІ складаюць міліцыянты»
Намеснік старшыні ГА «БАЖ», юрыст Андрэй Бастунец пракаментаваў апошнюю хвалю адміністратыўных спраў супраць журналістаў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ.
А. Бастунец. Фота "Радыё Свабода"
— Не думаю, што гэта нейкім чынам звязана з хакейным чэмпіянатам. Бо праблемы узнікаюць не ў Мінску, дзе гэты чэмпіянат праходзіць, а ў іншых гарадах краіны. Гэта і выпадкі з Аленай Сцяпанавай і Святланай Сцяпанавай у Віцебску, з Алесем Дзянісавым, Андрэем Мялешкам і, верагодна, Алесем Залеўскім на Гродзеншчыне...
Не ведаю, у чым прычына такіх дзеянняў, ці каардынуюцца яны з нейкага цэнтру альбо з’яўляюцца недарэчнай “рэгіянальнай ініцыятывай”.
Журналістаў звінавачваюць у парушэнні аднаго і таго ж артыкулу 22.9 ч.2 КаАП (“незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”). І тут я бачу як мінімум дзве сур’ёзныя праблемы.
Першая — дастаткова дзіўна і смешна выглядае тое, што пратаколы за парушэнне заканадаўства аб СМІ складаюць міліцыянты. Большасць з якіх, я перакананы, гэтага закона і ў вочы не бачылі.
Другая праблема — незалежнасць нашых судоў пры разглядзе зваротаў міліцыі і веданне імі таго ж заканадаўства аб СМІ.
Я ўпэўнены, што ў выпадку з Дзянісавым (тут судовая пастанова ўжо ўступіла ў законную сілу) і суд першай інстанцыі, і касацыйная інстанцыявынеслі рашэнні, не разабраўшыся ў тэрміналогіі закона і нават не ўзгадваючы пра Канстытуцыю. На жаль, яе нашы суды не разглядаюць як Асноўны Закон, пра што сведчыць хаця б поўная адсутнасць спробаў з боку судовай улады паставіць перад Канстытуцыйным судом пытанне пра адпаведнасць таго ці іншага прававога акта Канстытуцыі.
Праваахоўнікі і суды фактычна прыроўніваюць журналістаў да рэдакцый СМІ, звінавачваючы іх у “незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ”. Але ж прадукцыю СМІ журналісты не вырабляюць! Прадукцыя — гэта наклад друкаванага выдання, тэле- альбо радыёпраграма цалкам і г.д. Паводле закона “Аб СМІ”, журналісты рыхтуюць матэрыялы, паведамленні для СМІ, на аснове якіх рэдакцыі якраз і вырабляюць “прадукцыю СМІ”. Прасцей кажучы, прадукцыяй журналіста з’яўляецца артыкул, сюжэт, матэрыял, а вось ужо з іх рэдакцыя СМІ і робіць прадукцыю СМІ. Адпаведна, толькі рэдакцыя і можа быць прыцягнута да адказнасці па гэтым артыкуле, а ніяк не журналіст.
Я яшчэ магу зразумець, што службовыя асобы ў міліцыі не ведаюць закона аб СМІ. І што не ўсе суды падрыхтаваныя да падобных спраў (а механізм выпраўлення памылак у выглядзе касацыі і нагляду ў Беларусі працуе ў межах статыстычнай памылкі). Але ж як патлумачыць тое, што органы, якія вядуць адміністратыўны працэс, не толькі памыляюцца ў прымяненні матэрыяльнага права, але ж ігнаруюць і працэсуальнае? А яго нормы мусяць і ў праваахоўнікаў, і ў судоў, як кажуць, ад зубоў адскокваць!
Напрыклад, у выпадку з Алесем Залеўскім, наколькі мне вядома, міліцыя нават не выклікала яго павесткай для складання пратакола. І не адаслала пратакол па пошце ў трохдзённы тэрмін, як таго патрабуе Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністратыўных правапарушэннях. А суд, замест таго, каб указаць міліцыі на парушэнне і адправіць пратакол на дапрацоўку, прыняў яго да разгляду і сам працягнуў дзейнічаць у тым жа стылі: выклікаў Алеся не павесткай, а праз тэлефанаванне.
Нагадаем, што суд над штатным супрацоўнікам тэлеканала “Белсат”, які зʼяўляецца часткай TVP (Telewizja Polska S.A.), першапачаткова быў запланаваны на 20 мая. Алесь заявіў хадайніцтва аб пераносе працэсу, пасля чаго слуханні прызначылі на 28 мая.