Ганна Шадрына: Чаго хоча жанчына? Версія беларускіх СМІ

Вачамі тых людзей, якія малююць партрэт сучасніцы ў СМІ, яна выглядае як жанчына, якая заклапочаная тым, каб утрымаць у сваім жыцці мужчыну. Каб яго ўтрымаць, трэба пахудзець і навучыцца не скардзіцца.



109434_or.jpg

І тут узгадваецца амерыканскае кіно, дзе “плей-бой” з Чыкага (так яго акрэсліваюць стваральнікі фільма — ролю грае Мел Гібсан) пасля паражэння элекрычнасцю надзелены дарам — чытаць думкі жанчын. Нам паказваюць свет жанчыны праз мужчынскі погляд. У рэальным свеце прасцей: думкі жанчын транслююць медыя, — і менавіта журналісты і журналісткі ведаюць, што жанчынам прапанаваць. Ці гэта сапраўды так? Некаторыя артыкулы пра жанчын і для жанчын "Радыё Рацыя" аналізуе з журналісткай, гендарнай даследніцай Ганнай Шадрынай.

— Ёсць дзве асноўныя тэмы, якія кідаюцца мне ў вочы. Да іх часта звяртаюцца, напрыклад, партал TUT.BY. Там ёсць спецыялізаваны раздзел для жанчын, яны пішуць пра тое, як жанчыне арганізаваць сваё прыватнае жыццё, каб яна была шчаслівай. Вельмі часта яны даюць простыя рэцэпты манімулятарскага характару, што трэба падыграць мужчыне, што мужчына — галоўны. Нават нягледзячы на тое, што гэты мужчына не апраўдвае ролі лідара ў сям’і ці ў саюзе, то ўсё адно яму трэба падыграць, бо мужчыны так уладкаваны, калі ім маніпуляваць — ён паспрыяе арганізацыі шчасця ў асабістым жыцці гэтай жанчыны, — заўважае гендарная даследніца Ганна Шадрына.

Паводле яе, у беларускіх медыя таксама часта пачалі казаць пра мацярынства. «Апошні артыкул, якія я прачытала, даволі моцна мяне насцярожыў, бо там гаворка ішла пра матак, якія працуюць, і больш за тое пра жанчын у бізнесе, у якіх ёсць дзеці, — кажа гендерная даследніца. — Сутнасць гэтага артыкула зводзілася да таго, што ніякіх праблем насамрэч няма. Калі вы насамрэч добрая жанчына, добрая маці і добрая спецыялістка, то вы знойдзіце выйсце — арганізуйце сваё жыццё і будзеце атрымліваць задавальненне ад сваёй працы ў прафесіі і ад мацярынства.

Трэцяя тэма, якую таксама часта падымаюць на партале TUT.BY, а таксама ў папулярных выданнях, напрыклад, “Камсамольская праўда” — пахудзенне.

Вачамі тых людзей, якія малююць партрэт сучасніцы, яна выглядае як жанчына, якая заклапочаная тым, каб утрымаць у сваім жыцці мужчыну. Каб яго ўтрымаць, трэба пахудзець і навучыцца не скардзіцца, бо, у прынцыпе, ёсць нагода для скаргаў. Як вядома, мужчыны не вельмі актыўна прымаюць удзел у дамашняй ды сямейнай працы. Многія жанчыны перагружаныя, бо яны вельмі моцна занятыя на працы, а з-за таго, што асноўная праца па дому ляжыць на іх. Гэтыя тэксты даюць парады, што не трэба скардзіцца, бо калі вы будзеце скардзіцца, то мужчына ад вас сыдзе.

А як там, за мяжой?

І калі асноўныя «жаночыя» тэмы ў беларускіх выданнях скіраваныя на парады, як заваяваць ды ўтрымаць мужчыну, а для гэтага трэба ведаць пэўныя «фішкі» ды добра выглядаць, то ў замежных выданнях вядзецца дыскусія зусім іншага парадку.

— Такія крыніцы, як The Guardian, The New York Times, Lady, The Huffington Post. Калі ў нашых беларускіх медыя жанчыны часта тлумачаць, чаму я не феміністка, то ў англамоўных тэкстах жанчыны кажуць, чаму яны феміністкі, — падкрэслівае гендарная даследніца Ганна Шадрына.

У замежных выданнях вядзецца дыскусія пра тое, наколькі шкодны ўплыў глянцавых стандартаў, наколькі ён нас закабаляе, наколькі ніхто з нас не адпавядае ўяўленню пра тое, якой павінна быць жанчына, якім павінен быць мужчына з пункту гледжання сучасных глянцавых стандартаў.

Калі прытрымлівацца ідэяў, якія можна ўзяць з абгортак глянцавых часопісаў і з рэкламы, то цела чалавека — гэта цела без органаў. Калі мы бачым, што недзе ёсць нейкая няроўная паверхня, калі мы неяк выдаем сваё цела як жывы біялагічны арганізм, калі мы паказваем, што яно патнее ці кашляе, калі яно неяк паказвае сваю біялагічную існасць, то гэта характарызуе нас як некультурнага чалавека. Мы павінны ўсю сваю біялагічную прыроду хаваць — гэта ўсё вядзе да бясконцай фрустрацыі.

Калі вы зойдзеце ў любую краму, паглядзіце на паліцу, дзе стаіць крэм, то там на кожнай крэме будзе напісана — anty-age. Пры тым, што мы ўсе бясконца старэем. Калі мы ўвесь час узвышаем худабу, калі мы ўсвесь час узвышаем і ўзмацняем культ маладосці, але пры гэтым мы ўвесь час старэем. Дзе месца для нас рэальных у тым свеце прыдуманых людзей без унутраных органаў? Такія дыскусіі пра цялеснасць, напрыклад, ідуць цяпер ў замежных выданнях.

Даследніца Ганна Шадрына выдзеляе некалькі праблемаў, якія можна зараз адшукаць у замежных СМІ. Адна з галоўных тэм — гэта праблема сумяшчэння кар’еры і мацярынства для сучаснай жанчыны. Усё таму, што стандарты рынка працы ўвесь час павялічваюцца. Каб займаць нейкую прафесійную ролю, трэба ўвесь час павялічваць сваю кампетэнцыю, трэба ўвесь час вучыцца. Калі такая жанчына сыходзіць у дэкрэтны адпачынак і вяртаецца праз тры гады, у адпаведнасці з нашым ці расейскім заканадаўствам, то дзе яна апынецца праз тры гады, калі гаворка ідзе пра нейкую галіну, якая актыўна развіваецца? Многія жанчыны хочуць клапаціцца пра дзяцей, хочуць быць паспяховымі прафесіяналамі. Як арганізаваць сваё жыццё, каб адно не перашкаджала іншаму, як зрабіць так, каб жанчына не абірала ці адно, ці другое? Гэта галоўная дыскусія ў сучасным свеце, гэта тое, пра што кажуць феміністкі, а зусім не пра тое, як пахудзець ці ўтрымаць мужчыну.

РР: Жанчына, якая хоча ўтрымаць мужчыну. Ці гэты вобраз, які малююць нам СМІ, крыўдзіць беларускую жанчыну? 

— У гэтым напэўна няма нічога крыўднага, але гэты вобраз не ўлічвае ўсёй рэальнай карціны, — адказвае Ганна Шадрына. — Па-першае, не ўсе жанчыны зацікаўлены ў партнёрстве з мужчынамі. Па-другое, розныя жанчыны па-рознаму бачаць партнёрства. Такі цэнтральны стэрэатып пра жанчыну, дамашнюю гаспадыню, якая больш павёрнута да сям’і і да таго, каб абслугоўваць усіх чальцоў сям’і. Той мужчына, якога мы ўяўляем як так званага сапраўднага мужчыну, які з’яўляецца здабытчыкам, які прадстаўляе сям’ю ў знешнім асяроддзі.

Паводле сацыёлагаў і даследніка, гэтая карцінка сёння адпавядае вельмі малой колькасці сем’яў. Звычайна працуюць абодва партнёры. Калі мы паглядзім на статыстыку, то палова дарослага насельніцтва жыве не ў шлюбе. Пры гэтым дынамічна развіваецца такая арганізацыя прыватнага жыцця, як адзіночнае пражыванне. Вялікая частка тых людзей, напрыклад, якія жывуць асобна — гэта ўвогуле жанчыны пенсійнага ўзросту. Як вядома, у нас вялікі разрыў у працягласці жыцця паміж мужчынамі і жанчынамі. Калі мужчыны паміраюць на дзесяць гадоў раней, то адпаведна вялікая частка жанчын пенсійнага ўзросту жывуць неяк за межамі традыцыйнай сям’і. Калі мы ўяўляем сабе сям’ю, заснаваную выключна на галівудскіх фільмах 50-х гадоў, жанчыну як дамашнюю гаспадыню ў пышнай сукенцы, а мужчыну — у капелюшы, то гэта не ўлічвае таго, як мы сёння жывем.

Жаночы гумар: жорсткі і беспрынцыповы, створаны мужчынам

Ствараючы асобную прастору для «спецыфічна жаночага» гумару, вытворцы прадукту падтрымліваюць патрыярхальны парадак, дзе жанчыны паказаныя як непаўнавартасная група, прызначэнне якіх звязваецца з жаночай функцыяй абслугоўваць сям’ю. Так, у артыкуле “Над чым смяюцца жанчыны, альбо Сям'я і гвалт у гумарыстычным шоу «Comedy Woman»” для аднаго з інтэрнэт-СМІ напісала Ганна Шадрына пра гумарыстычнае шоу на адным з расейскіх каналаў. 

— Нам прапанавана смяяцца над тымі сюжэтамі з гвалтам, дзе людзі адзін аднога абражаюць, прыніжаюць і крыўдзяць. Увогуле, часта гаворка ідзе пра фактычныя злачынствы, над якімі нам прапанавана смяяцца. Перадача “Comedy Woman” прадстаўлена як жаночы гумар. Калі зайсці на сайт Wikipedia і паглядзець, хто з’яўляецца сцэнарыстамі гэтай перадачы, то я думаю, што гэта не зусім можна назваць жаночым гумарам таму, што, як я зразумела, у асноўным пішуць мужчыны.

Зразумела, што такая асаблівая сітуацыя ў тым сэнсе, што мужчыны там прадстаўлены ў больш выгодным святле, чым жанчыны. Фактычна жынчыны, якія на сцэне разыгрываюць разнастайныя сітуацыі, выглядаюць нашмат больш недарэчнымі. Смяяцца прапануюць часцей над імі, чым над мужчынамі — гэта зразумела, бо мужчыны пішуць.

Гвалт не рэдка сустракаецца ў медыятэкстах, лічыць Ганна Шадрына, і гэта не толькі відавочная агрэсія.

Гвалт — гэта такая пазіцыя, пры якой адзін чалавек узвышаецца за кошт прыніжэння іншага чалавека. Калі разглядаць любую перадачу ці любы медыятэкст з гэтага пункту гледжання, то можна заўважыць, як журналіст ці журналістка ставяцца да сваіх суразмоўцаў. Паважлівае стаўленне выклікаюць менавіта тыя медыйныя тэксты, у якім прадстаўлена паважлівае стаўленне і роўныя пазіцыі паміж суразмоўцамі. Калі кагосьці сістэматычна прыніжаюць — гэта непрыемна глядзець, але не заўсёды магчыма адрозніць гвалт таму, што калі ў нас ёсць сітуацыя гвалту, якая завяршаецца закадравым смехам, часамі цяжка зразумець, ці насамрэч я магу давяраць сваім адчуванням, што кагосьці прынізілі на маіх вачах. Калі па тэлевізары, то можа быць так і трэба.

Імкненне да самакрытыкі — выйсце?

РР: Ці можам мы прасачыць, як ствараюцца такія рэчы? Альбо гэта імкненне ўгадзіць спажыўцу кантэнта, альбо нешта іншае?

— Абапіраючыся толькі на свой досвед, то магу меркаваць, што гэта ўсё пачынаецца, напэўна, з адукацыі, — кажа Ганна Шадрына. — У мяне ёсць досвед навучання ў старых традыцыях і ў новых. У старых традыцыях, як раней вучылі журналістаў, напрыклад, нас не вельмі вучылі крытычнаму мысленню. Мы ўяўлялі, што ёсць нейкая адзіная карціна свету, што калі інфармацыя прыходзіць з нейкай верхняй крыніцы, то ў ёй нельга сумнявацца. Уласна не было нейкіх інструментаў для крытычнага аналізу. Калі крыніца адна, у вас адсутнічае крытычная думка, ці насамрэч усё так, як нам тлумачаць.

Калі гэтыя інструменты не развіваюцца, то людзі, якія працуюць у медыя, часта проста цытуюць нейкія агульныя ўяўленні пра нешта. Гэтыя агульныя ўяўленні фармуюцца ў пэўную эпоху, эпохі змяняюцца, а нормы застаюцца. На шчасце, у наш час з’яўляюцца магчымасці вучыцца крытычным тэорыям. Я пасля свайго традыцыйнага навучання на журфаку ў 90-я гады, пасля атрымала добрую адукацыю ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце, дзе мяне навучылі адрозніваць працу ўлады. Паступова я прыйшла да таго, што я цяпер гэта бачу і для мяне важнай з’яўляецца крытычная пазіцыя ў дачыненні да сябе.

І менавіта гэта важнае адчуванне дапаможа нам ствараць сапраўды ўзважаныя тэксты — перакананая наша першая госця, журналістка і гендарная даследніца Ганна Шадрына.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя