Краіна хакея і судоў
Каму хакей, а каму краты. 19 мая на 15 сутак у Цэнтр ізаляцыі паравапарушальнікаў на Акрэсціна ў Мінску адправіўся грамадскі актывіст Алесь Курэц. Так вырашыў суд Партызанскага раёна сталіцы.
У мінулую суботу маладзён і яшчэ некалькі ягоных паплечнікаў у скверы Сімона Балівара праводзілі чарговую акцыю “Ежа замест бомбаў”. Яны раздавалі бяздомным суграмадзянам харчы. Раздавалі бясплатна. Без усялякіх палітычных лозунгаў і агітацыі. Проста дапамагалі тым, хто насамрэч мае ў гэтым патрэбу.
Тады міліцыянты затрымалі чатырох чалавек. Трох адпусцілі праз тры гадзіны, а Курца пакінулі за кратамі на ўсе выходныя. Да суда. І суд прайшоў, пацвердзіўшы прагнозы і меркаванні, што гэта за суд. Блытаніна ў паказаннях міліцыянтаў Партызанскана РУУС ніяк не паўплывала на рашэнне суда, які адправіў маладзёна ў вязніцу. Думаю, чытач здагадаўся, па якім абвінавачанні. Ну, натуральна, за “лаянку ў грамадскім месцы”.
Расійскіх булдосаў, апранутых у атрыбутыку ўсходняй суседкі, якія часам паводзяць сябе, мякка кажучы, нахабна, прычым далёка не ў цвярозым стане і лаюцца так, што хоць святых вынасі, тутэйшыя “абаронцы” не кранаюць і пальцам. Прынамсі, у пераважнай большасці выпадкаў. А вось за тое, што ты дапамагаеш галоднаму, — “добро пожаловать” на Акрэсціна! Вось яна, мараль сённяшняй улады!
Увогуле, складваецца такое ўражанне, што дзяржаўная машына ў выглядзе асобаў у мантыях ды “пракурорскіх”, набрала такія абароты, што не ў стане спыніцца. Ад паведамленняў пра затрыманні і арышты тых жа карупцыянераў ужо хочацца ванітаваць. Пытанне: чаму той, хто прыйшоў да ўлады на хвалі барацьбы з карупцыяй, за дваццаць год адзінааасобнага панавання ў краіне не пазбавіў яе ад гэтай гнілой з’явы? І нават складваецца ўражанне, што напладзіў гэтай брыдоты яшчэ больш.
Дарэчы, як непрыемна было днямі чуць ад адной высокапастаўленай асобы з МУС, што больш за трыццаць затрыманых напярэдадні хакейнага чэмпіянату і асуджаных на вялікія адміністратыўныя тэрміны актывістаў дэмакратычных арганізацыяў пагалоў лаяліся матам альбо спраўлялі малую патрэбу ў грамадскіх месцах! Казаў ён гэта, ведаючы, што хлусіць. Хлусіць нахабна і непрыхавана, трымаючы людзей, у тым ліку і журналістаў, за ідыётаў.
Тым часам, за кратамі застаюцца восем беларускіх палітзняволеных. Кволыя спадзяванні на тое, што ўлады іх адпусцяць да хакейнага першынства ці падчас яго, не спраўдзіліся.
Хакейны чмур хутка скончыцца, бедныя выкінутыя з інтэрнатаў перад летняй сэсіяй ці падчас яе студэнты, магчыма, вернуцца ў інтэрнаты, адкуль іх павыкідалі дзеля “гасцей” у “год гасціннасці”, знікне сімволіка чэмпіяната, чынавенства пачне зводзіць “дэбет з крэдытам”. І Беларусь зноў зажыве сваім звычайным жыццём. З арыштамі чыноўнікаў і апазіцыянераў, з карупцыйнымі скандаламі, з чуханнем патыліцы, дзе ўзяць грошы. Нічога новага.