Маладзечанскі "мінёр" атрымаў 4 гады зняволення
Такі прысуд вынес суд Маладзечанскага раёна. 31-гадовага мужчыну прызналі вінаватым у заведама ілжывым паведамленні пра падрыхтоўку выбуху, якое стала прычынай стратаў у буйным памеры.
Таксама ў прысудзе гаворыцца, што жыхар Маладзечна атрымаў несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі. Чатыры гады зняволення ён правядзе ў папраўчай калоніі ва ўмовых узмоцненага рэжыму, паведамляе БЕЛТА.
Нагадаем, у верасні мінулага года 11 школаў Маладзечна атрымалі па пошце лісты з патрабаваннем перавесці 10 тысяч долараў на электронны рахунак. Аўтар пагражаў у выпадку невыканання патрабаванняў узарваць у школах бомбы. Была праведзеная эвакуацыя школьнікаў і настаўнікаў, з Мінска прыехалі сапёры і супрацоўнікі спецслужбаў, аднак нічога знойдзена не было.
Дарэчы, зламыснік-электрантажнік няўдала спрабаваў падставіць былога мужа каханай.