Арцём Шрайбман: Улады цяпер жывуць у адчуванні таго, што іх зноў паспрабуюць разгойдваць

Палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман — аб гучных прысудах і іх магчымых наступствах.

photo_2021_12_14_17_34_01.jpg

Адыходзячы тыдзень запомніцца жорсткімі прысудамі па «справе Ціханоўскага», а таксама вынікам працэсу над блогерам Эдуардам Пальчысам, якога асудзілі на 13 гадоў калоніі.

Па просьбе «Филина» палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман ацаніў рэакцыю на вердыкты судоў, а таксама іх магчымыя наступствы.

На думку эксперта, выносячы такія суровыя прысуды, улады маглі пераследаваць некалькі мэтаў:

— Гэта помста канкрэтна гэтым людзям, Ціханоўскаму ў прыватнасці. Таму што ўлада лічыць, што ён і яго каманда першымі запусцілі не толькі хвалю пратэстаў, але і працэс дэсакралізацыі Лукашэнкі.

Яшчэ адна мэта — прэвентыўная, лічыць Арцём Шрайбман. Запалохванне грамадства ў цэлым, запалохванне блогераў, бо большасць з асуджаных — блогеры. Застрашванне, каб такое не паўтарылася зноў.

— Бо ўлады цяпер жывуць у адчуванні таго, што іх зноў паспрабуюць разгойдваць.

Акрамя таго, гэта можа быць сігналам, пасланым сваім прыхільнікам:

 Глядзіце, якія тэрміны мы даем. Мы ўпэўненыя, што мы будзем правіць менавіта столькі. Як мінімум 10-15 гадоў мы будзем на гэтым месцы.

Гаворачы аб рэакцыі грамадства на апошнія навіны з судоў, эксперт адзначыў:

— Мне здаецца, што ўсе больш-менш прывыклі да жорсткіх тэрмінаў палітычным лідарам і ключавым блогерам. Не ўпэўнены, што гэта новая якасць шоку для беларусаў, але для людзей, якія сімпатызуюць пратэстам, гэта былі вельмі дэпрэсіўныя дні.

Арцём Шрайбман нагадаў, што пра прысуд Ціханоўскаму выказаліся не толькі на Захадзе, але і ў Расіі, у тым ліку і прапаганда.

Палітычны аглядальнік не ўпэўнены, што прысуды па «справе Ціханоўскага», а таксама 13-гадовы тэрмін Пальчысу стануць прычынай для ўвядзення санкцый:

— Санкцыі зараз выклікаюцца дзеяннямі Мінска на знешняй арэне, дэстабілізуючымі крокамі. Правы чалавека ідуць у санкцыйных рэзалюцыях хутчэй прычэпамі. Спецыяльна з-за прысудаў санкцыі ніхто не ўводзіць. Можа быць, гэтая практыка зменіцца ў будучыні, але пакуль яна такая.

Як гэтыя суды могуць паўплываць на беларускае грамадства?

— Я не думаю, што гэта акажа нейкі новы ўплыў на беларусаў за межамі таго, што і так робяць рэпрэсіі з грамадствам. Страх — гэта падаўленне волі, апатыя. Яны наступалі і да гэтага прысуду, і працягнуць наступаць і далей, калі ўлады працягнуць рабіць тое, што робяць.

Не думаю, што хтосьці памяняе свой пункт гледжання пасля такога хай і брутальнага прысуду.