Асобная думка. Сузор’е рака

Чарговы дзень, які чамусьці прысвечаны. Кожны дзень за штосьці адказвае — ці то за хатніх гадаванцаў, ці то за жывёлак, але беспрытульных, а то і ўвогуле за бліны ці бульбяныя шарыкі. 4 лютага — Сусветны дзень барацьбы супраць рака. Так у 2005 годзе вырашыў Міжнародны саюз барацьбы з ракам, але што з гэтай навалай рабіць, невядома і дагэтуль. 

Ілюстрацыйная выява

Ілюстрацыйная выява

Адразу адзначу, што рак ракам называюць хіба ў выключных выпадках, бо, магчыма, «анкалагічнае захворванне» гучыць неяк лепей. Але сутнасць не змяняецца, хоць ты яго мандарынкавым сіндромам назаві. Тым не менш, жахлівы прысуд штогод разбівае жыцці тысячаў беларусаў і не толькі. Хвароба не зважае ўвагу на нацыянальнасць, месца жыхарства, палітычныя погляды і рэпосты ў сацсетках. Яна клапатліва і няспынна збірае свае чорныя падаткі. 

Я не буду зараз прыводзіць розныя графікі ці параўнанні. Бо гэта толькі лічбы, за якімі стаяць сотні тысячаў пакалечаных лёсаў і няспраўджаных мараў. За імі безліч бяссонных начэй і дэкалітры слёз, мільёны кіламетраў надзеі і гігатонны спадзеваў на цуд. Калі вы, ці ваш сваяк альбо сябар чуеце страшныя словы ад лекара, які ўжо не хавае позірк, бо прызвычаіўся да гэтага жудаснага канвееру, то для вас менавіта ў гэтую хвіліну адчыняецца партал у новы сусвет. Але гэты сусвет будзе не дзіўным і прыгожым, у ім не будзе аднарогаў з дзьмухаўцамі і ружовых поні з сочывам (хаця пасля некаторых працэдураў можна ўбачыць і такое). У ім будзе толькі боль. Ваш. Вашых сваякоў. Найбліжэйшых сяброў. Усіх тых, для каго вы насамрэч вельмі дарагі чалавек.

Не, дзякуй багам, я пакуль не належу да людзей, якія пачулі такое, але за апошні год досыць шмат каму з вельмі блізкіх мне людзей давялося быць агаломшанымі такімі словамі. Пасля гэтага жыццё мяняецца незваротна. Зусім! І гэта трэба цвяроза асэнсаваць і прыняць як непазбежнае. Адгэтуль пачынаецца барацьба за жыццё дарагога вам чалавека, але трэба ясна і дакладна сабе ўявіць, што гэта будзе зусім не тое жыццё, што было раней — з лецішчам, рыбалкай і шашлыкамі. Гэта будзе штодзённая цяжкая праца са стратамі і амаль без добрых навінаў. Рэмісія — вось тое самае слова, якое будзе выклікаць у вас адчуванне агульнага свята, а хутка вы навучыцеся адрозніваць яе віды і сімптомы. 

Магчыма, вам падасца занадта песімістычным гэты тэкст. Я вам вельмі раю хвілін 30 пастаяць каля новага корпусу № 5 Мінскага гарадскога клінічнага анкалагічнага цэнтра. Насупраць дому 13 па вуліцы Акадэмічнай ёсць пешаходны пераход да крамы «Суседзі», якая як раз у гэтым будынку. Паглядзіце на колькасць машын, якія стаяць абапал дарогі. Паглядзіце на людзей, якія павольна пераходзяць дарогу. Паглядзіце, колькі людзей наведваюць сваякоў ды сяброў. Гэта іншы сусвет, у якім няма месца анічому — толькі каб менавіта гэты адзіны чалавек ачомаўся і вярнуўся ў такую далікатна-парцалянавую сваю сям’ю, дзе яго так чакаюць і шчыра жадаюць яму здароўя.

А можаце яшчэ наведаць аўтастаянкі ля рэспубліканскай клінікі ў Бараўлянах. Гадзінкі 2-3 назірання дасведчанаму чалавеку хопіць, каб пайсці да псіхолага. Вы ўбачыце шмат машын з усёй краіны — там, бывае па некалькі дзён, жывуць людзі, якія прывезлі сваякоў на аперацыю, «хімію», яшчэ штосьці... Харчуюцца побач у крамах, па фізіялагічных патрэбах ходзяць у лес ля стаянкі. ХХІ стагоддзе, ядзерная ды касмічная дзяржава, можна і патрываць. 

Самае гідкае ды мярзотнае, што агульнага рэцэпту ўвогуле няма. Кожны выпадак асобны, і кожны чалавек шчыра спадзяецца, што менавіта ягоны будзе непадобным на іншыя, і менавіта ён будзе тым, каму ўсё дапаможа, і менавіта ён выйдзе здаровым і здольным працягваць жыць так, «як і было».  А так, на жаль, не бывае. 

Можна яшчэ працягваць і распавядаць аб складанасцях «хімій» (як цікава, што прысуды на абмежаванне свабоды і лекаванне ад анкалогіі гучаць аднолькава!), але не бачу ў гэтым сэнсу. Як не бачу сэнсу і ў чарговым «пратакольным» дне барацьбы з чым бы то ні было. Барацьба складаецца з учынкаў, а не з рысачак у календары. 

Што вы можаце зрабіць? Проста дапамагчы людзям, якіх закранула гэтае гора. Пагаварыць — бо простая шчырая размова бывае больш каштоўная за ахвяраванне. Прапанаваць транспартную дапамогу — гэта можа вельмі спрасціць жыццё людзям, якія патрапілі ў бяду. Можа камусьці будзе патрэбна пару гадзін пасядзець з хворым чалавекам, пакуль гаспадыня сходзіць у краму. Ды мала што яшчэ...

Проста размаўляйце з людзьмі, якія побач з вамі. Там абавязкова будуць тыя, каму патрэбная ваша дапамога. І калі, не дай божа, здарыцца так, што вы самі патрапіце ў бяду, то не саромейцеся — вакол шмат добрых і шчырых людзей. Толькі так. А лозунгі і заклікі ў інтэрнэце мы пакінем на іншых. Яны не ў гэтым сузор’і.