Асуджанаму на «хімію» вязню пагражае турма за «ляжанне на ложку, незасланую пасцель і адмову працаваць»
У Круглым за «ўхіленне ад адбывання пакарання ў папраўчай установе адкрытага тыпу» (415 арт. КК) судзяць праваабаронцу і аднаго з лідараў леташніх пратэстаў у Магілёве Валадара Цурпанава. Яму пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.
Падставай для крымінальнай справы супраць актывіста, асуджанага на тры гады «хіміі», стала, як адзначана ў абвінавачанні, парушэнне правілаў унутранага распарадку ва ўстанове. Падсудны сваёй віны не прызнае і заяўляе, што «следзтва ў ягонай справе не было», распавядае «Свабода».
Як Цурпанаў трапіў на «хімію» і што яму інкрымінуюць цяпер
У папраўчую ўстанову адкрытага тыпу № 46, што ў райцэнтры Круглае, Валадар Цурпанаў трапіў за абразу дзвюх магілёўскіх суддзяў — Вікторыі Паляковай і Вольгі Краўчанкі. Ён рэзка выказаўся пра іх падчас разгляду адміністрацыйных справаў. Вырак суддзі Магілёўскага раённага суду Аляксандра Халадцова праваабаронцы палічылі палітычна матываваным і звязаным з мірнай рэалізацыяй права на выказваньне грамадзянінам сваіх думак.
На «хіміі» ў Круглым Цурпанаў прабыў з 5 лютага па 10
сакавіка 2021 году. Калі распачалі крымінальную справу, яго вывезлі з
спецкамендатуры ў магілёўскую турму № 4. У ёй актывіст знаходзіўся да суду.
На працэсе ў Круглянскім судзе старшынюе суддзя Дзмітрый Сасноўскі. Дзяржаўнае абвінавачваньне прадстаўляе пракурор Міхаіл Андросенка.
Падсудны бароніць сябе сам. На пачатку суду зварот абвінавачанага, каб з ім
гаварылі па-беларуску, пакінулі без задавальнення. Пракурор і суддзя
аргументавалі адмову тым, што ў Беларусі дзве дзяржаўныя мовы. Большасць
хадайніцтваў абвінавачанага, тым не менш, суддзя падтрымаў. Сярод іх допыт
начальніка спецкамендатуры.
Паводле абвінавачваньня, крымінальную справу на Цурпанава завялі таму, што за час знаходжаньня ў папраўчай установе яе супрацоўнікі не аднойчы заспявалі яго, калі ён сядзеў і ляжаў на ложку ў недазволены час, сваё спальнае месца ён не засцілаў належным чынам, а на ім і на тумбачцы трымаў асабістыя рэчы.
У абвінавачванні адзначана, што Цурпанаў адмовіўся
працаўладкоўвацца на вызначанае адміністрацыяй папраўчай установы
прадпрыемства. Згодна з нормамі заканадаўства асуджаны абавязаны працаваць там,
куды яго накіроўваюць.
За ўсе гэтыя парушэнні на асуджанага спачатку накладалі
спагнанні, а потым распачалі крымінальную справу за ўхіленне ад адбывання ім
пакараньня. Супрацоўнікі папраўчай установы адзначалі, што асуджаны непаважліва
гаварыў з імі, на заўвагі не звяртаў увагі, даваць тлумачэнні адмаўляўся.
Што кажа Цурпанаў
Сваёй пазіцыі адносна крымінальнага пераследу Валадар Цурпанаў пакуль не выказваў. Ён лічыць, што «следзтва ў ягонай справе не было», а адмову ў просьбе вызваліць яго з-пад варты, з якой ён звяртаўся да працэсу, разглядае як перадузятасць суду да сваёй асобы.
Цурпанаў казаў, што адмовіўся ад працы, вызначанай яму
адміністрацыяй папраўчай установы, бо там не маглі гарантаваць яму «ідэальных»
умоваў ды заробку ў межах 900 рублёў. Акрамя таго, даводзіў ён, зрок не
дазваляе яму рабіць зваршчыкам. Па словах асуджанага, кіраўнік прадпрыемства
пагадзіўся, што такі работнік ім не патрэбны. Калі ж суд дапытваў кіраўніка,
той не згадаў, ці ішла гаворка пра здароўе Цурпанава.
У ранейшых сваіх каментарах зняволены актывіст тлумачыў,
што не выконваў загадаў супрацоўнікаў спецкамендатуры, бо яны, настойваў ён,
парушаюць чалавечы гонар і годнасць асуджанага. Патрабаванне сядзець толькі
на зэдліку — гэта, паводле Цурпанава, катаванне. Свае дзеянні ён называў
«грамадзкім непадпарадкаваннем». Яго абурала, што супрацоўнікі не ведаюць
беларускай мовы. На відэаматэрыялах зафіксавана, як ён просіць гаварыць з ім
па-беларуску, а супрацоўнікі адказваюць, што ён разумее расійскую.
На допыце ў судзе адзін з супрацоўнікаў адзначыў, што
Цурпанаў адмаўляўся падпісваць пастановы аб накладанні спагнанняў, бо яны
аформленыя не на беларускай мове. Складаць іх па-беларуску, прызнаўся
міліцыянт, ва ўстанове не маглі, бо справаводзтва ў іх расійскамоўнае. На такое
тлумачэнне Цурпанаў адрэагаваў пытаннем, ці ўсведамляе сведка, што ў такім
разе парушаюцца ягоныя правы.
Між судовымі пасяджэннямі падсуднага трымалі ў Круглянскім
ізалятары часовага ўтрымання. Цурпанаў заявіў у судзе, што там сутыкнуўся з
«катаваннем». Паводле абвінавачанага, у камеры было холадна. Ён быў пазбаўлены
магчымасці рыхтавацца да працэсу, бо яму далі абмежаваную колькасць паперы.
Двойчы за ноч супрацоўнікі падымалі яго і патрабавалі назваць імя і прозвішча.
Акрамя таго, пасцельную бялізну выдалі толькі на ноч, а, відэаназіранне,
настойваў ён, захоплівала нават прыбіральню, у якой да таго ж быў няспраўны
механізм змыву. Цурпанаў прасіў суд вынесці прыватнае вызначэнне кіраўніцтву
ізалятара.
Працэс працягнецца 31 траўня.
Хто такі Цурпанаў
Валадар Цурпанаў — актывіст апазіцыі з канца 1980-х гадоў. Кіраваў абласной арганізацыяй Партыі БНФ. У 1997-м галадаў 10 дзён у ізалятары. У жніўні 2020-га дамогся сустрэчы пратэстоўцаў з кіраўнікамі гарадзкой і абласной выканаўчай улады Магілёва.
1 верасня 2020-га прыйшоў на ўрачыстую лінейку ў 43-ю
магілёўскую школу і заклікаў педагогаў, якія працавалі ва ўчастковых камісіях,
пакаяцца за фальсіфікацыю выбараў. Яго затрымалі і асудзілі на 20 дзён
адміністрацыйнага арышту. Агулам за чатыры месяцы пратэстаў правёў у няволі 43
дні. 10 дзён трымаў сухую галадоўку, пратэстуючы супраць незаконнага зняволення.
Быў шпіталізаваны. Да зняволення рабіў мантажнікам у прыватнай арганізацыі.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі
БелаПАН.