Стэндапера, які зняў відэа праўладнага мітынгу ва Уруччы, асудзілі ўжо трэці раз. Агулам яму прысудзілі 45 сутак
31-гадовы стэндапер Цярэнцій Марыніч быў затрыманы яшчэ 27 красавіка. Тады яго асудзілі на 15 сутак, а 10 мая дадалі яшчэ 15. У гэты раз на хлопца склалі пратакол па арт. 19.1 КаАП за тое, што «будучы каля Першамайскага РУУСа, ён хапаў за рукі мінакоў і нецэнзурна лаяўся», распавядае «Вясна».
28 мая адбыўся ўжо трэці суд над мінчуком. Яго справу
разглядзеў суддзя Максім Трусевіч. На судзе Цярэнцій сцвярджаў, што ў час «правапарушэння» ён быў на Акрэсціна, адкуль яго яшчэ не выпусцілі
пасля папярэдніх «сутак». Цярэнцій павінен быў выйсці 27 мая ў
14:30. Яго брат пацвярджае, што хлопец з Акрэсціна не выходзіў з 13:00 да
20:30, бо сам сустракаў яго.
У матэрыялах справы няма ніводнага подпісу Марыніча, але
ўсюды напісана, што з матэрыяламі справы ён азнаёміўся, але ад подпісу
адмовіўся.
Суддзя Максім Трусевіч адхіліў хадайніцтва аб азнаямленні з
матэрыяламі справы і пратаколам, бо ў пратаколе напісана, што Марыніч ужо з імі
азнаёмлены.
Міліцыянт «Каваленка» сцвярджаў, што Цярэнція даставілі з Акрэсціна ў РУУС для
гутаркі, але там ён пачаў «хуліганіць». У матэрыялах справы таксама
ёсць заява, што камеры ў РУУСе ў гэты час не працавалі.
У выніку, суддзя Трусевіч
прысудзіў Марынічу чарговыя 15 сутак. Агулам Цярэнцій быў асуджаны на 45 сутак.