Асуджаны заснавальнік "Платформы" Міхаіл Жамчужны зноў дасылае лісты на волю
Ён піша, што 30 сутак знаходзіўся ў карцэры віцебскага СІЗА-2, што на працягу 6 месяцаў яму не дазвалялі сустрэч са сваякамі, і толькі 12 жніўня адбылося першае за ўвесь тэрмін яго знаходжання пад арыштам спатканне са стрыечнай сястрой.
Віцебская каардынатарка аргкамітэту па стварэнні партыі БХД Таццяна Севярынец атрымала адразу два лісты ад Міхаіла Жамчужнага. Першы быў напісаны 3-га, а другі — 10 жніўня, гаворыць спадарыня Таццяна:
"Абодва лісты прыйшлі да мяне ў адзін дзень. Ліст ад 10 жніўня быў зусім кароткі — Міхаіл напісаў, што знарок шмат не паведамляе, каб лісты не спыніла цэнзура. Ліст ад 3-га жніўня больш змястоўны.Міхаіл піша, што пасля прысуду, вынесенага Віцебскім абласным судом, ён накіраваў 6 лістоў, якія цэнзура не дазволіла адправіць адрасатам. Таксама ён згадвае, што ягоная крымінальная справа тычыцца яго аднаго, і гэта цешыць — бо іншыя людзі не былі ўцягнутыя пад падазрэнні і пакаранні. Дае зразумець, што да ягонай справы мае дачыненне КДБ — піша, што за ім сачылі тры гады, і што ягоны арышт і прысуд — гэта "спроба апраўдаць свае заробкі і вынікі сачэння".
Заснавальнік "Платформ інавэйшн", жыхар Віцебска Міхаіл Жамчужны быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. Ён быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), п.5 арт. 16, 375 (частка 1) і 431 (часткі 1 і 2): незаконным набыцці з мэтай збыту сродкаў для атрымання інфармацыі, наўмысным раскрыцці звестак, якія складаюць службовую таямніцу, даванні хабару і падбухтованні да злачынства.
Пракурор прасіў для Жамчужнага пакарання ў выглядзе 7 гадоў пазбаўлення волі, суд абмежаваўся 6. Пазней пракурор вынес пратэст, палічыўшы гэткі прысуд занадта мяккім, і цяпер Міхаіл Жамчужны складае пярэчанні на пратэст пракурора, паведамляе сайт "Віцебская вясна". Тамсама гаворыцца, што "пасля абвяшчэння выраку ён накіраваў восем лістоў сваім паплечнікам, у якіх паведамляў пра пакаранне, вынесенае судом. Аднак гэтыя лісты цэнзурай былі канфіскаваныя і да адрасатаў не дайшлі. Толькі пасля адмысловага рашэння Віцебскага абласнога суда ад 11 жніўня, які аднавіў яго права на ліставанне, Міхаіл змог даслаць сваю карэспандэнцыю". І што "практычна ўсе рэчавыя перадачы з волі былі блакаваныя, пасылкі вярталі адрасатам, а пасля ён быў вымушаны адмовіцца ад перадач і пасылак, бо яго абвінавачвалі ў іх фінансаванні спецслужбамі з-за мяжы".
Паводле лістоў ад Міхаіла, дасланых віцебскім праваабаронцам, толькі 12 жніўня адбылося ягонае спатканне са стрыечнай сястрой — першае за ўвесь тэрмін яго знаходжання пад арыштам са жніўня 2014 года. Яна паведаміла яму, што "з боку дзяржавы быў аказаны ціск практычна на ўсіх яго сваякоў, уключаючы тых, якія яшчэ падчас фашысцкай акупацыі былі малалетнімі вязнямі".
Для праваабаронцаў па-ранейшаму застаюцца нявысветленымі абставіны крымінальнага пераследу Міхаіла Жамчужнага. Суд над ім праходзіў у закрытым рэжыме, і ён не можа паведаміць у перапісцы тых звестак, якія б праяснілі сутнасць справы. Адвакат таксама не мае права раскрыць абставіны гэтай справы. Тым не менш, лёс Міхаіла Жамчужнага знаходзіцца пад увагай праваабарончай супольнасці.