Што можна і што нельга былым палітвязням на волі?
Юрыст Павел Сапелка распавядае "Радыё Рацыя", якім чынам будзе дзейнічаць прафілактычнае назіранне за былымі палітзняволенымі.
![sapelko.jpg sapelko.jpg](/img/v1/news/full/sapelko.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Органы правааховы ўстанавілі кантроль практычна за ўсімі былымі палітвязнямі, якія былі вызвалены 22 жніўня. Напрыклад, над актывістам анархісцкага руху Ігарам Аліневічам прафілактычнае назіранне будзе доўжыцца 5 гадоў. Такая ж мера прыменена да Яўгена Васьковіча. На два гады ўстаноўлена прафілактычнае назіранне на грамадскім актывістам з Гомеля Юрыем Рубцовым, а ў адносінах экс-кандыдата на пасаду прэзідэнты ў 2010 Мікалая Статкевіча гэтая ж мера кантролю ўстаноўлена аж на восем гадоў.
Павел Сапелка: Мера прафілактычнага назірання прымяняецца практычна да ўсіх, хто выйшаў з месцаў пазбаўлення волі. Гэта мінімальнае абмежаванне, якое звязана з абавязкам паведамляць, што змяняеш месца жыхарства, па патрабаванні супрацоўнікаў міліцыі трэба з’яўляцца да іх і распавядаць пра свой вобраз жыцця… Але прафілактычнае назіранне можа трансфармавацца ў прэвентыўны нагляд. Напрыклад, калі назбіраецца тры адміністрацыйныя правапарушэнні цягам года.
РР: Прэвентыўны нагляд – гэта ўжо больш жорсткая мера?
Павел Сапелка: Так. Па ступені абмежавання волі прэвентыўны нагляд ідзе як крымінальнае пакаранне. Напрыклад, чалавек не зможа некуды ездзіць па-за межы месца жыхарства, павінен знаходзіцца дома з 20 да 8 раніцы. Наяўнасць прафілактычнага нагляду азначае, што судзімасць застаецца непагашанай. Але, паўтаруся, само прафілактычнае назіранне на накладае вялікіх абавязкаў на тых, хто выйшаў на волю.
РР: Адным словам, былым палітвязням трэба быць асцярожнымі, каб не патрапіць пад адміністрацыйныя справы?
Павел Сапелка: Так, у гэтым плане іх актыўнасць у нейкім сэнсе будзе скавана.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя