«Беларусь дрэмле ў кожным…»
Баскетбаліст, архітэктарка, супрацоўнік Акадэміі навук, дырэктарка хоспіса — уладальнікі такіх прафесій распавядаюць свае асабістыя гісторыі «беларускамоўнасці». Па-беларуску можа гаварыць абсалютна кожны.
Аляксандр Куль, баскетбаліст, Мінск
— Я нарадзіўся з беларускай мовай і жыў з ёю першыя 12 гадоў. Дома ў сям’і размаўлялі не на чыстай беларускай мове, але калі з’язджаў кожнае лета да бабулі, то там ужо былі тры месяцы выключна па-беларуску. Пасля таго, як пачаў займацца баскетболам, выправіўся ў спартовы інтэрнат у Віцебск, дзе ўсе размаўлялі толькі па-руску. Каб з мяне не кпілі, каб мяне не ўспрымалі як вясковага хлопчыка, давялося ад беларускай мовы адмовіцца. У 12 гадоў цяжка быць аб’ектам жартаў. Іх і так было дастаткова ў сувязі з маімі габарытамі (цяпер рост спартоўца — 213 см.), а калі пачаліся кпіны і пра маё паходжанне з вёскі... Падчас маёй вандроўкі ў ЗША, дзе я правёў 4 гады, навучання ва ўніверсітэце і гульні за баскетбольныя клубы ў розных еўрапейскіх краінах, цягам дзесяці гадоў беларускую мову амаль не ўжываў — толькі часам чытаў. Такім чынам, крышку на яе забыўся.
Але, калі пачаў займацца распрацоўкай беларускамоўнага брэнда баскетбольнага клуба «Цмокі-Мінск» і больш сустракацца з людзьмі, што размаўляюць на беларускай мове, яна пачала вяртацца ў маё жыццё. Праўда, у паўсядзённым жыцці карыстаюся ёй, толькі калі размаўляю ці пішу беларускамоўным людзям. Яшчэ не прыйшоў да таго, каб ужываць яе стала. Працаваць з беларускамоўным брэндам, яго развіваць, спрыяць станаўленню — гэта задавальненне. Ты не толькі прасоўваеш свой брэнд, але і папулярызуеш родную мову.
Аляксандра Баярына, архітэктарка, Мінск
— Беларуская мова ўвайшла ў маё жыццё нечакана. Шмат гадоў я была як усе, зарабляла грошы, хацела вандраваць па свеце. Аднойчы прыйшло жаданне стварыць у прафесіі нешта новае і вартае, а праца дызайнера і архітэктара сёння арганізавана так, каб наватарства выключыць. Матэрыялы замежныя, распрацаваныя іншымі дызайнерамі, тэхналогіі — таксама. Акрамя таго, матэрыялы ў большасці выпадкаў не ўнікальныя, серыйнай вытворчасці, і маюць абмежаваную колькасць варыянтаў формаўтварэння, — то бок дыктуюць архітэктару, што рабіць. Што вартае можна стварыць у такіх умовах?
Некалькі гадоў разважанняў на тэму «адкуль увогуле бярэцца новае і вартае» паказалі, што неабходна мець сваю, скажам так, рэгіянальную сістэму каардынат, адпавядаць месцу, ведаць сваю гісторыю, развіваць сябе на сваім шляху, што без мовы, відавочна, немагчыма. Карацей, быць ці не быць, працаваць у нацыянальнай культуры ці выконваць ролю хваста замежных культур?
Дома цяпер заўсёды карыстаюся беларускай мовай — перайшлі разам з мужам. Па тэлефоне з замоўцамі і будаўнікамі размаўляю па-руску, з сябрамі, з кім заўсёды на рускай размаўляла, на рускай і працягваю. Спрабую сабрацца з думкамі, каб перайсці на беларускую цалкам. Весела, калі трасянкай размаўляем. У нас можна пачуць і «я ў шоцы», муж весяліцца ад майго «коўту адзень», кажа, а «асфальт» у цябе будзе «асўальт»?
Уладзімір Шыпіла, супрацоўнік Нацыянальнай акадэміі навук, Наваполацк
— Беларуская мова была блізкая майму духоўнаму свету з дзяцінства. Мае абодва бацькі, Аляксандр Віктаравіч Шыпіла і Людміла Канстанцінаўна Фёдарава — паэты. Тата быў родам з Расіі, Тульскай вобласці, і пісаў на роднай яму рускай мове. А маці — з Міёршчыны, піша на беларускай і рускай мовах. Бацькі падтрымлівалі сяброўскія адносіны з такімі цудоўнымі паэтамі і пісьменнікамі полацкай зямлі, як Уладзімір Арлоў, Алег Мінкін, Вінцэсь Мудроў, Алесь Аркуш, Ірына Жарнасек, Юрась Касцюк, Анатоль Атрахімовіч, Змітрок Куніцкі і з шмат кім іншым.
У дзяцінстве мая маці часта брала мяне на літаратурныя імпрэзы, у хаце было багата беларускамоўных выданняў, некаторы час матуля працавала ў школе настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. Таму ўжо з дзяцінства сфармавалася добрае стаўленне да беларускай мовы і культуры. Дзесьці з 9 да 14 гадоў у маім жыцці адбыўся перапынак, выкліканы «агульнарускім» — заходнерусісцкім уплывам — праз школу, царкву і нядзельную школу, дзе аніякай беларускасці не было. Значным для мяне было знаёмства ў 2004 годзе, у дзявятым класе, з Андрэем Мікалаевым, кіраўніком рыцарскага клуба «Жалезны воўк». Менавіта там я даведаўся пра нашае славутае мінулае і ачысціў свой розум ад напластаванняў заходнерусізму. Праз гэта з’явілася жаданне самому ствараць штосьці на роднай мове.
Былі ў маім жыцці і творчыя эксперыменты: з 15–16 гадоў пачаў пісаць вершы — першыя спробы былі страхалюдныя. Пасля «спяваў» у метал-гурце, наіўна верыў, што беларускамоўны метал уратуе Беларусь. Больш стала я пачаў размаўляць на чацвёртым курсе ўніверсітэта. З цягам часу навучыўся пісаць неблагія вершы…
Я з’яўляюся малодшым супрацоўнікам Інстытута гісторыі НАН Беларусі, таму натуральна, што кожны дзень на працы я размаўляю па-беларуску. Лічу, што супрацоўнікі ВНУ як ніхто іншы мусяць карыстацца нашай роднай мовай. Беларуская мова для мне асалода, я магу на ёй звяртацца да Бога і каханай, да бацькоў, блізкіх і сяброў.
Дзіўна мне было ў школе, калі з-за некалькіх выказванняў па-беларуску мне задалі пытанне: «Ці не ўступіў ты ў БНФ?» Смешна было, калі ў Львове мяне прымалі за паляка, і дзяўчаты-прадавачкі пасміхаліся з маіх няўдалых спроб перайсці з беларускай на ўкраінскую. Смешна, што калі пісаў вершы па-руску, мне казалі, што не зразумела, хто пісаў: хлопец ці дзяўчына. Калі паказваў вершы, напісаныя па-беларуску, адзначалі: «Нармальны такі хлапечы верш».
Вольга Шульга, дырэктарка хоспіса, Гродна
— За маё жыццё шмат людзей пыталі мяне, чаму я размаўляю па-беларуску і як я прыйшла да гэтага. Але родная мова была для мяне першай. Я нарадзілася ў сям’і, дзе больш размаўлялі па-беларуску, чым па-руску. Калі збіралася ўся вялікая сям’я за сталом, усе дзеці чулі беларускую мову. З самога дзяцінства мы слухалі радыё «Свабода». Мой дзядуля мог змайстраваць радыё, і ў 90-я гады мы прачыналіся і засыналі пад «Свабоду». Дзядуля добра недачуваў, таму радыё гучала на ўсю хату, нягледзячы на заўвагі бабулі: «Уся вёска чуе, дзеці заснуць не змогуць». Сёння, калі мяне пытаюць, чаму я размаўляю па-беларуску, я наўпрост адказваю: «Гэта мовы маёй прабабулі, якая спявала мне ў дзяцінстве, гэта мова майго дзядулі, які кожны дзень размаўляў са мной, гэта мова, якую я хачу, каб кожны дзень чулі мае дзеці».
Складана размаўляць па-беларуску кожны дзень, калі 99 працэнтаў твайго асяроддзя ўжываюць рускую мову. Але я імкнуся казаць на роднай мове, дзе гэта толькі магчыма. Усе мерапрыемствы, якія ладзіць Гродзенскі дзіцячы хоспіс, пачынаюцца маёй прамовай па-беларуску. Для людзей гэта дзіўна і цікава адначасова. Вельмі стараюся, каб мае дзеці чулі родную мову. Калі дачцэ было тры гады, шмат чаго яна не разумела і ўдакладняла, пра што я кажу. Зараз, пасля летніх вакацый у вёсцы, яна разумее і часамі ўжывае толькі беларускія словы, якія чуе ўжо ад сваёй бабулі.
Мой бацька нарадзіўся ў Полацку, беларускую мову ведае дрэнна, хоць і жыве на Гродзеншчыне больш за трыццаць гадоў. Аднойчы мы з сям’ёй гулялі ў настольную гульню «Разам». Якое было наша здзіўленне, калі наш бацька здолеў не толькі перакласці складаныя словы, але атрымаў велізарную асалоду ад гульні. Такіх выпадкаў у маім жыцці было шмат. І кожны раз яны сведчаць толькі пра адно — Беларусь дрэмле ў кожным. А наша мова — шлях да разумення сябе і свайго месцаў жыцці.