Беларусаў абтэлефаноўваюць з пытаннем пра наяўнасць працы

А таксама цікавяцца, што ім перашкаджае нарадзіць яшчэ адно дзіця?

telefon_30.jpg

З незвычайным сацапытаннем сутыкнулася жыхарка сталіцы.
Мінчанцы Ірыне патэлефанавалі на хатні тэлефон з нумара (17) 217-18-34 і, прадставіўшыся сацыялагічнай службай, прапанавалі адказаць на шэраг пытанняў.
— Мне заявілі, што высвятляюць меркаванне аб праблемах, якія хвалююць насельніцтва, — распавяла жанчына. — Ніякага падвоху я не адчула, таму пагадзілася адказаць.
Між тым пытанні парадкам здзівілі Ірыну.
— Пыталіся літаральна пра ўсё: пра ЖКГ, сартаванне смецця, дэмаграфічную сітуацыю і нават пра тое, ці давяраю я насельніцтву Беларусі, — прыгадвае Ірына. — Напрыклад, з нагоды камунальных паслуг спрабавалі высветліць, якая частка майго даходу сыходзіць на аплату і ці гатовая я асабіста ўдзельнічаць ва ўборцы тэрыторыі двара.
Здзівілі і пытанні з нагоды нараджальнасці.
— У мяне пацікавіліся, ці дастаткова эфектыўна дзяржава стымулюе нараджальнасць, колькі ў мяне дзяцей і што перашкаджае мне нарадзіць яшчэ адно дзіця? — распавядае суразмоўца.
Але больш за ўсё Ірыну насцярожылі пытанні з нагоды працаўладкавання.
— Пасля агульных пытанняў аб тым, як я ацэньваю сітуацыю з занятасцю ў маім горадзе і дзе хацела б працаваць — у дзяржустанове або прыватнай арганізацыі, у мяне сталі высвятляць, ці працую я наогул, як даўно і ці з'яўляецца для мяне мая праца спосабам паляпшэння дабрабыту, — узгадвае Ірына. — Шчыра кажучы, адказваць зусім не хацелася. Неяк гэта больш было падобна не на сацапытанне, а на справаздачу для падатковай. Хто ведае, куды потым пойдуць гэтыя дадзеныя ў святле дэкрэта №3 і свежых выказванняў прэзідэнта?
Не дзіўна, што на апошняе пытанне аб тым, ці давярае жанчына беларусам і ці бачыць у іх жаданне прыйсці на дапамогу ў цяжкую хвіліну, Ірына адказала адмоўна.
— Пасля такога «разводу» па тэлефоне, шчыра кажучы, увогуле складана камусьці давяраць, — сказала на заканчэнне суразмоўца.
Нагадаем, беларусы і раней скардзіліся з нагоды дзіўных сацапытанняў па тэлефоне, якія праводзіць невядомая служба. Так, у сакавіку чытачка «Салідарнасці» распавядала пра тое, як у яе такім жа чынам і па тым жа тэлефону спрабавалі высветліць, ці глядзіць яна ролікі з маршаў ндармаедаў і на якіх сайтах?
Характэрна, што вынікі такіх апытанняў здабыткам грамадскасці так і не сталі. Ці патрэбныя гэтыя дадзеныя для ўнутранага карыстання — каб тыя, хто знаходзіцца ва ўладзе, прадстаўляў сапраўднае становішча спраў у краіне, ці ж яны выкарыстоўваюцца з мэтай выяўлення нядобранадзейных грамадзян, застаецца загадкай.
Паводле gazetaby.com