Беларусы і ліберальныя расійскія СМІ: чаму трэба чытаць «сваё»?
Медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі на рэсурсе «MediaIQ» расказвае, як «добрыя рускія» СМІ фармуюць павестку для беларусаў і чым гэта пагражае нам.
Ёсць эмпірычныя даныя, заснаваныя на амерыканскім матэрыяле, пра тое, што павелічэнне даступнасці агульнанацыянальных СМІ ўплывае на скарачэнне спажывання іх аўдыторыяй мясцовых навін. Узнікае эфект, добра знаёмы беларусам, якія звыкліся ў савецкі час глядзець цэнтральнае тэлебачанне і чытаць цэнтральныя газеты: і пасля набыцця незалежнасці Беларуссю звычкі медыяспажывання занадта павольна мяняліся, многім было прасцей арыентавацца ў маскоўскай палітыцы, чым у беларускай.
Яшчэ адно наступства: калі дасведчанасць у мясцовых палітычных падзеях падае, разам з гэтым падае і ўдзел у гэтых падзеях. Розніца ў тым, што ў нашым выпадку гаворка ішла пра былую метраполію, а ў ЗША — пра СМІ федэральнага ўзроўню.
Для беларускіх дзеячаў доўгія гады было прэстыжна засвяціцца ў маскоўскіх СМІ, а аўдыторыя лічыла расійскія СМІ больш рэспектабельнымі і ўплывовымі, чым беларускія.
Уласна пра ролю «The New York Times»
Спецыяліст у эканоміцы медыйных рынкаў, старшая выкладчыца Хантэр-каледжа гарадскога ўніверсітэта Нью-Ёрка Ліза Джордж і навуковы супрацоўнік Нацыянальнага бюро эканамічных даследаванняў, прафесар Джоэл Вальдфогель, даследавалі наступствы распаўсюджання аўтарытэтнай газеты «The New York Times» у больш чым 100 гарадах ЗША ў 1994-2000 гадах і прыйшлі да высновы, што ўдзел у выбарах у Кангрэс ЗША ў гэтыя гады зніжаецца пры больш шырокім распаўсюдзе гэтага нацыянальнага выдання. Даследчыкі звязалі гэта з ростам агульнанацыянальных і зніжэннем колькасці мясцовых навін для аўдыторыі, якая пераключылася на нацыянальнае выданне.
Адзначым, што падзеі ў парламенцкай выбарчай акрузе — гэта якраз мясцовыя навіны. Як высветлілася, чытачы «The New York Times» горш ведалі кандыдатаў, чым тыя, хто спажываў мясцовыя СМІ: у нью-ёркскай газеце менш пісалі пра мясцовых прэтэндэнтаў у кангрэсмены.
Такім чынам, з'яўленне гэтага цэнтральнага выдання на мясцовых рынках зніжала палітычную актыўнасць яе мэтавай аўдыторыі. Паказальна, што 59% чытачоў газеты ў 2005-2006 гадах мелі вышэйшую адукацыю, у той час як у сярэднім па ЗША доля адукаваных людзей складала 24%. Такое размеркаванне аўдыторыі можа быць звязана з тым, што выданне факусуецца на якаснай журналістыцы, аналізе і шырокім асвятленні важных сусветных падзей, што прыцягвае больш адукаваных чытачоў. І менавіта адукаваныя людзі з прыходам да іх у рэгіён «The New York Times» станавіліся менш палітычна актыўнымі.
Даследчыкі таксама адзначылі, што эфект адцягнення ўвагі быў меншым на прэзідэнцкіх выбарах: тут выбарчай акругай з'яўляецца ўся краіна, і нацыянальнае выданне асвятляе перадвыбарчыя кампаніі кандыдатаў.
Ліза Джордж і Джоэл Вальдфогель канстатуюць: «Даступнасць знешніх СМІ спрыяе тым, чые густы не занадта добра прадстаўлены на мясцовых рынках. Пры гэтым тыя, каго прыцягваюць знешнія прадукты, спажываюць менш мясцовай інфармацыі».
«Добрыя рускія» СМІ і беларуская аўдыторыя
Аўтар гэтых радкоў у 2010 годзе браў інтэрв'ю ў аднаго з апазіцыйных кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі. У ходзе інтэрв'ю кандыдат нечакана паведаміў, што не чытае беларускіх газет, і ўсе навіны пра тое, што адбываецца ў нашай краіне, атрымлівае выключна з «The New York Times». Прызнанне не ўвайшло ў публікацыю, хоць кандыдат відавочна падкрэсліваў гэтым выказваннем сваю дыстанцыю ад канкурэнтаў, свой неместачковы характар.
Імкненне атрымліваць інфармацыю з замежных крыніц заслугоўвае хвалы, але гэта не павінна адбывацца за кошт ігнаравання айчынных СМІ. Такі адхілены погляд на Беларусь, што дае замежнае выданне, наўрад ці дазволіць разгледзець разнастайнасць мясцовых праблем і быць на адной хвалі са сваімі выбаршчыкамі, якія наўрад ці масава чытаюць «The New York Times».
Рэжым Лукашэнкі рэтранслюе айчынным тэлегледачам расійскія каналы (хоць і трымае на ўсялякі выпадак руку на рубільніку), што прыводзіць да індактрынацыі насельніцтва крамлёўскімі наратывамі і станоўчага ўспрымання часткай беларускай аўдыторыі «рускага свету».
Для апанентаў кіруючага рэжыму аддушынай могуць стаць расійскія ліберальныя СМІ — там ёсць вядомыя медыябрэнды, зорныя імёны, многія праекты робяць кантэнт высокай якасці. З дапамогай такіх СМІ можна, сярод іншага, сачыць і за падзеямі ў Беларусі, але фокус іх усё-ткі настроены ў асноўным на расійскі парадак дня. Беларускія навіны прабіваюцца ў такія выданні толькі тады, калі рэдакцыя палічыць іх асабліва значнымі. Тут не да дэталяў.
Паводле звестак сацыялагічнай групы беларускага «Прэс-клуба», прыкладна ў паўтара раза больш беларусаў карыстаюцца кантэнтам ад беларускіх незалежных СМІ, чым расійскіх ліберальных СМІ. Цікава, што большасць людзей, якія спажываюць расійскія ліберальныя СМІ, таксама сочаць за навінамі і з беларускіх незалежных СМІ. Гэта значыць, у гэтай галіне яны нібы і не выступаюць сапраўднымі канкурэнтамі.
Пры гэтым, калі спытаць беларускіх рэспандэнтаў, хто з публічных асоб часцей за ўсё выступаюць як эксперты і каментатары грамадска-палітычных навін, а таксама, хто з блогераў на YouTube ім падабаецца больш за ўсё, то ў спісе найбольш папулярных аказваюцца расійскія дзеячы. У цэлым, паводле даных сацапытанняў можна зрабіць выснову, што YouTube з'яўляецца асноўным каналам дыстрыбуцыі кантэнту, дзе беларусы выбіраюць расійскую карцінку замест беларускай.
Можна разважаць пра матывы перавагі расійскіх «гаворачых галоваў» над беларускімі, але факт, што яны пры каментаванні падзей для беларускай аўдыторыі выкарыстоўваюць у лепшым выпадку оптыку «добрых рускіх», а часам нават тыражуюць імперскія стэрэатыпы. Гэта можа сказіць погляд на рэальныя падзеі і прывесці да няправільнага ўспрымання грамадска-палітычнай сітуацыі ў Беларусі, зрабіць беларускую аўдыторыю ўразлівай да расійскай прапаганды.
Высновы
У цэлым беларускія незалежныя медыя адыгрываюць істотную ролю ў фармаванні светапогляду сваёй аўдыторыі і прадастаўляюць альтэрнатыўныя пункты гледжання на бягучыя падзеі і працэсы. Яны аказваюць уплыў на ўспрыманне грамадска-палітычнай сітуацыі ў Беларусі, раскрываюць аспекты, якія могуць быць ігнараваныя ці скажоныя ў афіцыйных або расійскіх крыніцах.
Пры гэтым беларускім незалежным медыя можа не хапаць пэўных элементаў для ўзмацнення свайго ўплыву, што, аднак, папраўна.
Разнастайнасць вядомых і аўтарытэтных галасоў у беларускіх медыя можа быць свядома павялічана з дапамогай праектаў, якія «ствараюць зорак» (патрабуюць інвестыцый, могуць стаць будучымі зоркамі, але таксама могуць сутыкнуцца з няўдачамі).
Развіццё вузкаспецыялізаваных абласцей, у якіх медыяперсоны маглі б выступаць экспертамі, можа прыцягнуць увагу і падыме аўтарытэт выданняў. Напрыклад, эксперты ў галіне новых тэхналогій, медыцыны, сацыяльных навук і іншых прадметных абласцей могуць быць запатрабаваныя ў якасці каментатараў.
Важна адмовіцца ад выкарыстання расійскіх СМІ як «вокнаў у свет» для сусветных падзей, навукі і тэхналогій і г. д., а рабіць гэта без пасярэднікаў, вырошчваць уласных каментатараў у дадзеных абласцях. Такія каментатары могуць пасля ператварыцца ў «дойных кароў» для прыцягнення трафіку, калі аўдыторыя паверыць у іх экспертнасць і запомніць іх у якасці медыяперсон.
Агульны рост экспертнасці і развіццё беларускіх незалежных медыя могуць дапамагчы ўзмацніць іх уплыў на грамадскую думку і зрабіць іх важнай крыніцай інфармацыі і аналізу для аўдыторыі, а таксама больш жыццяздольнымі канкурэнтамі для замежных СМІ.