Рэжым душыць, а мы ўсё адно расцём. Беларускія медыяпраекты, якія з'явіліся ў гэтым годзе

«Беларуская асацыяцыя журналістаў» сабрала падборку новых цікавых праектаў, ініцыятыў, выданняў і Youtube-каналаў, якія стварылі беларусы сёлета. 

media_logo.png

Не толькі арышты, «экстрэмізм» і блакіраванне сайтаў. У беларускай медыяпрасторы ёсць і пазітыўныя інфанагоды. Доказы? Дык вось жа яны — незалежныя праекты, якія запускаюцца нават у крызісныя для журналістыкі часы. БАЖ зрабіў падборку важных для сферы медыястартаў, пра якія было заяўлена ў 2023 годзе.

Plan B.

Былая галоўная рэдактарка палітыка-эканамічнага блока TUT.BY Вольга Лойка ў гэтым годзе вярнулася ў журналістыку.

Па-першае, яна зноў разам з Сяргеем Чалым вядзе аналітычную перадачу. Адрозненне толькі ў тым, што цяпер асноўныя эканамічныя падзеі яны аналізуюць на YouTube-канале «Беларускага расследавальніцкага цэнтра».

Па-другое, у чэрвені было абвешчана пра з’яўленне новага СМІ — «Plan B». Яго галоўнай рэдактаркай стала Вольга Лойка. «Аўтарскае медыя пра палітыку, эканоміку і сэнс жыцця па два бакі мяжы» — так анансавала праект каманда.

Цяпер там рэгулярна з’яўляюцца калонкі і меркаванні па найбольш рэзанансных падзеях і заявах чыноўнікаў. Часам артыкулы атрымліваюцца вельмі дыскусійнымі і выклікаюць спрэчкі.

На Telegram-канал выдання на момант публікацыі было падпісана больш за 4 тысячы чалавек.


Глядзіце таксама

Праект «Настоящее время. Беларусь»

У траўні было абвешчана пра старт праекта «Настоящее время. Беларусь». Акцэнт зроблены на візуальных фарматах. Каманда выпускае і доўгія, і кароткія відэа. Зараз на YouTube-канале больш за 40 відэа. Там каля тысячы падпісчыкаў.

Гэта ў першую чаргу анлайн-праект, а не тэлевізійная праграма ў класічным сэнсе, — расказваў дырэктар тэлеканала «Настоящее время» Павел Буторын. — Кантэнт будзе адрознівацца ад таго, што мы вырабляем для гледачоў ва Украіне і Расіі. Задача — паведамляць беларусам цікавую і карысную інфармацыю без цэнзуры і абмежаванняў. Расказваць пра актуальныя праблемы, перш за ўсё ўнутры краіны, але таксама і па-за яе межамі. Мы не будзем гнацца за навінамі дня, але засяродзім увагу на заканамернасцях, тэндэнцыях, аналітыцы.

Кантэнт таксама распаўсюджваецца ў Facebook, Instagram, Telegram, TikTok.

Праект «Беларусы могуць»

Актыўную прафесійную дзейнасць працягвае гродзенскі рэпарцёр Руслан Кулевіч, які цяпер жыве ў Беластоку. Шырока вядома анлайн-выданне «MOST», што заснаваў журналіст.

Але ж на гэтым ён не спыніўся і ў 2023-м годзе запусціў YouTube-праект «Беларусы могуць». Ролікі прысвечаны тым, хто пачаў сваю справу ў эміграцыі: нехта адкрыў фудтрак і гатуе бургеры, нехта здымае фільмы для дарослых, нехта вучыць яхтынгу. Усяго выйшла больш за дзесяць відэа.

— З аднаго боку, мы расказваем пра паспяховы прыклад беларусаў насуперак таму, што сцвярджае прапаганда, — расказваў у інтэрв’ю БАЖ Руслан Кулевіч. — З іншага, дапамагаем бізнесу. Пасля нашых ролікаў беларусы мэтанакіравана ідуць да суайчыннікаў па тую ж каву ці бургеры.

YouTube-канал Аляксандры Ханевіч

Яшчэ адзін праект, які пачаўся з лёгкай рукі Руслана Кулевіча, — гэта праект вядомай бабулі з фільма Юрыя Дудзя Аляксандры Ханевіч. У 71 год беларуска вымушана была выехаць у Польшчу, дзе будуе новае жыццё і расказвае пра гэта ў відэа.

На дадзены момант на YouTube-канал падпісаны больш за дзве тысячы чалавек. Там каля двух дзясяткаў ролікаў, у якіх вядучая расказвае пра сустрэчы са знакамітымі беларусамі, паездкі і побыт у суседняй краіне.

— Я часта бывала ў рэдакцыі «MOST» — завітвала да Руслана і яго хлопцаў. А аднойчы наўпрост спытала: як зрабіць свой YouTube-канал? Бо калі я буду расказваць і тлумачыць людзям свайго пакалення, напрыклад, пра сітуацыю ў Польшчы, то яны хутчэй прыслухаюцца да мяне. Пакуль жа яны глядзяць бэтэшныя перадачы, пераконваць іх складана, — расказвала Аляксандра Ханевіч пра тое, як узнікла ідэя.


Глядзіце таксама

YouTube-шоу «Галоўнае ў Беларусі»

Вядомая журналістка і праграмная дырэктарка «Маланка Медыя» Кацярына Пытлева абвясціла пра ўласнае YouTube-шоу, якое плануе рабіць з мужам Аляксеем Каўганавым (ён, відаць, будзе выступаць у якасці мантажора).

— Цяпер, пасля рэмісіі па раку, стала лягчэй са здароўем, ёсць сілы працаваць і ёсць ідэі — самы час рабіць тое, чаго хоча душа, — прызналася ў размове з «Нашай Нівай» тэлевядучая. — Зразумела, што ў рамкі «Маланкі» гэтыя ідэі не надта ўпісваюцца, бо «Маланка» прыдбала больш медыйны фармат. Мне хочацца недзе пахуліганіць, недзе паіранізаваць і ўплесці жартачкі, а гэта ўжо не зусім яе фармат.

Паводле планаў, выпускі «Галоўнага ў Беларусі» павінны выходзіць штодзень. Цяпер на канале пяць ролікаў. Колькасць падпісчыкаў — крыху болей за 300 чалавек.

Умею і люблю коратка расказваць, абагульняць, прыводзіць меркаванне аналітыкаў, — анансавала свой праект журналістка. — Мне здаецца, гэта вельмі актуальна ў наш спешны час, калі настолькі шмат інфармацыйных плыней. Сутнасць у тым, каб людзі, якія ўжо стаміліся ад навін і не жадаюць сачыць за імі штодзень, маглі зайсці раз на тыдзень на ютуб і быць у курсе галоўнага.

Сайт пра літаратуру bellit.info

Пачаў працаваць сайт bellit.info, заснаваны «Міжнародным саюзам беларускіх пісьменнікаў». Арганізацыя паўстала з ініцыятывы журналіста і літаратара Дзмітрыя Плакса.

Заснавальнікі сайта паведамляюць пра навінкі выдавецтваў і акумулююць інфармацыю пра беларускіх літаратараў без увагі на ўзрост і час нараджэння, мову і стыль пісьма.

Таксама на bellit.info размяшчаюцца звесткі пра літаратурную перыёдыку, выдавецтвы, анлайн-праекты, у тым ліку аўдыёвізуальныя, і база экранізацый літаратурных твораў.

«Медыя Хаб» у Батумі

У красавіку ў гэтым грузінскім горадзе адкрыўся «Медыя Хаб», ідэя стварэння якога належыць беларускім журналістам Алесю Залеўскаму і Антону Сурапіну. Рэалізацыя праекта заняла амаль год.

У хабе ёсць прафесійная аўдыя- і відэастудыя, каворкінг, канферэнц-зала, два колбоксы.

— Для беларусаў, звязаных з беларускім медыясектарам, «Медыя Хаб» прапаноўвае звышвыгодныя ўмовы карыстання. Напрыклад, пра каворкінг: для беларускіх медыйшчыкаў працоўнае месца будзе каштаваць у шэсць разоў танней, чым у сярэднім на такія паслугі ў Батумі. А канферэнц-залай можна будзе скарыстацца ў тым ліку і бясплатна. Напрыклад, калі да нас прыйдзе калектыў нейкай рэдакцыі і захоча правесці тут, скажам, унутраную сустрэчу з мэтай цімбілдзінгу, мы можам прапанаваць памяшканне бясплатна на ўвесь дзень некалькі разоў на месяц, — расказваў Антон Сурапін.

Новае прадстаўніцтва тэлеканала «Белсат» у Кіеве

Нягледзячы на вайну, ва Украіне адкрылася новае прадстаўніцтва тэлеканала «Белсат». Яно працавала і раней, але цяперашні офіс істотна большы.

— Гэта звязана з тым, што ў нас павялічылася колькасць журналістаў, якія працуюць у Кіеве для «Белсата». А гэта, у сваю чаргу, адбываецца таму, што тэлеканал павялічвае колькасць перадач і агулам надае больш часу асвятленню падзей ва Украіне, — паведаміў кіраўнік украінскага офіса Ілля Суздалеў.


Глядзіце таксама

«Наша Ніва» на лацініцы

Да Дня роднай мовы, які адзначаецца ў канцы лютага, выданне «Наша Ніва» зрабіла прыгожы жэст — распрацавала версію на беларускай лацініцы.

— Як чорт крыжа, так чарнасоценцы баяцца беларускай культуры і асабліва беларускай лацінкі. На сёння тэма пераходу на лацінку несвоечасовая: не тое галоўнае. Але беларусам важна захаваць і гэтую частку нашай традыцыі і перадаць яе наступным пакаленням, — так аргументавалі журналісты гэты крок.

Яны нагадваюць, што так было да 1912 года, пасля з фінансавых і практычных меркаванняў перайшлі на адзіны, кірылічны варыянт. Але лацінка, разам з кірыліцай і арабіцай — традыцыйны беларускі правапіс. Беларусы актыўна выкарыстоўвалі лацінку з XVII стагоддзя. На ёй выдавалася «Мужыцкая праўда» Кастуся Каліноўскага, а таксама нейкі час «Наша Доля» і «Наша Ніва».

Аўдыёпадкаст «Теперь понятно»

Журналісты Таццяна Ашуркевіч і Глеб Лапейка штотыдзень аналізуюць падзеі ў свеце, якія могуць тычыцца кожнага з нас. Пратэсты ў Францыі, сыход міністра абароны Велікабрытаніі, выбары ў Іспаніі — усё гэта абмяркоўваюць у аўдыёпадкасце «Теперь понятно».

Паводле слоў аўтараў, пра ўнутраныя беларускія падзеі пішуць усе, а яны хочуць даць аўдыторыі ўнікальны кантэнт, які можа аказваць уплыў і на іх жыццё. 

— Зразумець навіну з іншай часткі свету — гэта добра, але не менш важна разабрацца, як гэта ўплывае на нас, — тлумачаць журналісты.

Падкаст распаўсюджвацца на папулярных стрымінгавых платформах і ў Telegram. Размяшчэнне 15-20-хвілінных ролікаў таксама плануецца ў YouTube і Google Podcast.

Часопіс «Politzek Times»

Каманда праекта Politzek.me абвясціла, што запускае часопіс «Politzek Times». Там расказваюцца гісторыі палітвязняў, іх досвед знаходжання ў месцах несвабоды і асаблівасці адаптацыі пасля выхаду з турмы.

— Мы хочам рыхтаваць рэпартажы, гісторыі, магчыма, нават інтэрв'ю з палітвязнямі, — расказвалі ў гутарцы з БАЖ прадстаўнікі каманды. — Лічым, усё, што звязана з палітвязнямі, варта глыбокага разумення і пільнай увагі.

Як падкрэслівалі суразмоўцы, героі — гэта не толькі палітвязні, але таксама іх сем'і, сябры, калегі, якія перажываюць не менш моцныя эмоцыі. Бо жыццё кожнага палітвязня закранае цэлы пласт людзей, і яны таксама пацярпелыя ў гэтай драме.

Таксама супрацоўнікі часопіса імкнуцца паказаць, што не трэба баяцца гэтай тэмы і прыйшоў час зрабіць крок да больш глыбокага асэнсавання таго, што адбываецца.

YouTube-канал «Міністэрства сепультуры»

«Сёння я запускаю свой YouTube-канал «Міністэрства сепультуры», — паведаміў у сакавіку журналіст Аляксандр Чарнуха. — У ім будзе багата ўсяго пра беларускую музыку і не толькі. План — штотыдзень рабіць новыя выпускі. Ну і буду вельмі рады, калі вы падзеліцеся сваім меркаваннем. Што спадабалася, а што — не вельмі. Дзякуй вам, сябры!»

З таго часу на канале было размешчана 20 відэа. Выпускі прысвечаны розным музычным тэмам — «бязлітаснаму» шоу-бізнесу 90-х, Аляксандру Саладуху і, канешне, «N.R.M.». На дадзены момант на «Міністэрства сепультуры» падпісана больш за 6 тысяч чалавек.


Глядзіце таксама

«Не сёння, не заўтра, не ўчора»

«Праект прысвечаны правам чалавека, уразлівым групам людзей, інклюзіі, гендарным пытанням ды іншым вострым тэмам», — так пазіцыянуе сябе новае медыя, створанае камандай з Беларусі. Пра яго запуск у лютым у сацсетках паведаміла кінематаграфістка і журналістка Марта Дар’я Клінава.

Як падкрэслівае каманда рэсурсу, мэта медыя — барацьба са стыгмамі і дапамога тым, хто знаходзіцца ў няпростай сітуацыі, сутыкнуўся з дыскрымінацыяй ці непаразуменнем з боку грамадства.

— Мы расказваем гісторыі людзей, якія аказаліся ў незвычайным становішчы, — кажуць стваральнікі. — «Не сёння, не заўтра, не ўчора» — гэта пляцоўка, дзе можна падзяліцца сваім досведам ды атрымаць падтрымку.

YouTube-шоу «Зёлкі-Шоу»

Забаўляльнае і адукацыйнае шоу — так пазіцыянуюць сябе аўтары YouTube-канала «Зёлкі-Шоу», якія прапануюць разам вывучаць беларускую мову.

На працягу выпуску два ўдзельнікі адказваюць на пытанні, якія тычацца беларускай мовы. «Памылка ці не: бляха, шторы і марозіва?» — напрыклад, такое пытанне было ў апошнім відэа, дзе ўдзельнічалі тэлевядоўца і рэдактарка «Маланкі» Кацярына Ерусалімская і Алесь Чахоўскі.

На канале размешчаны два ролікі. Колькасць праглядаў — больш за 10 тысяч у кожнага.

YouTube-канал «Яна/Ёй»

А гэта зусім новы праект для YouTube. Каманда «Яна/Ёй» прасоўвае гендарную роўнасць і дапамагае беларускам. Вядучыя разам з гасцямі размаўляюць на тэмы, якія часта замоўчваюцца: сексізм, розніца ў заробках, гендарныя квоты.

Удзельніцамі першых выпускаў сталі Вольга Кавалькова, Надзея Гарадніцкая і Леся Руднік.