Берагчы, дык берагчы!

Год беражлівасці», абвешчаны сёлета, значна ўскладніць працу ўсялякім блогерам, якія вышукваюць у Беларусі ўсё дрэннае. Раней зласліўцы маглі папросту зайсці на сайт дзяржзакупак і пабачыць там, прыкладам, аб’яву на куплю аўтамабіля для дзяржарганізацыі за 70–80 тысяч долараў. Альбо зацікавіцца, колькі каштуюць гадзіннікі чальцоў ураду. Зараз гэтаму прыходзіць канец.



b5cafe0dcb1dc994db90b5296e0f5af2.jpg

Аляксандр Лукашэнка 12 сакавіка падпісаў указ №119 «Аб упарадкаваннi набыцця службовых легкавых аўтамабіляў». «У мэтах рацыянальнага выкарыстання сродкаў, захавання плацежнай дысцыпліны» нормамі ўказа ўстанаўліваюцца абмежаванні на набыццё службовых легкавых аўтамабіляў юрыдычнымі асобамі, якія маюць пратэрмінаваную запазычанасць, а таксама абмежаванні па яго кошце. Кошт службовага легкавога аўтамабіля, набытага дзяржаўнымі органамі, дзяржаўнымі юрыдычнымі асобамі, гаспадарчымі таварыствамі, у статутных фондах якіх больш за 50% акцый знаходзіцца ва ўласнасці дзяржавы або яе адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, а таксама сельскагаспадарчымі арганізацыямі з доляй дзяржавы ў статутным фондзе, не павінна перавышаць суму, эквівалентную 25 тысячам еўра з улікам мытных плацяжоў.

 

За перавышэнне ўстаноўленага заканадаўствам кошту набытага службовага легкавога аўтамабіля, а таксама за яго набыццё пры наяўнасці пратэрмінаванай запазычанасці прадугледжваецца накладанне на кіраўніка дзяржоргана або юрыдычнай асобы штрафу ў памеры ад 600 да 1 000 базавых велічынь.

 

Ці стрымае гэты ўказ пакупнікоў задарагіх аўто? Можа, і не вельмі. За 25 тысяч еўра можна набыць прыймальную машыну эканом-класа, але на большае ўжо не разгонішся. Але што тым, хто «разагнаўся», штраф каля 9 тысяч еўра, калі машыну яны набываюць за 60–70 тысяч? Пэўна, зараз ва ўмовы тэндэра і вартасць машыны будуць адразу закладацца грошы на выплату штрафу. Вось і ўсе справы.

 

Беражлівасць дасягае ўсіх. І простых, і няпростых грамадзян. Простым абрэзалі павышэнне заробку. Мінімальная заработная плата (МЗП) за люты 2013 года індэксавацца не будзе, бо індэкс спажывецкіх цэн за люты да студзеня гэтага года не перавысіў пяціпрацэнтны парог. Пра гэта паведамілі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны Беларусі.

 

Так што тым, хто разлічваў на падвышэнне заробку ў сувязі з інфляцыяй, пакуль давядзецца пацярпець. Да тых часоў, пакуль інфляцыя не перавысіць 5%. Не ведаеш, плакаць ці смяяцца з такой арыфметыкі Міністэрства працы.

 

А мінскі метрапалітэн пачынае эканоміць на жэтончыках. Гэта ўстанова рыхтуецца да ўвядзення электроннага праязнога білета. Як паведаміў журналістам галоўны рэвізор па бяспецы руху КУП «Мінскі метрапалітэн» Аляксандр Салей, цяпер распрацоўваецца сістэма адзінага праязнога білета для наземнага і падземнага транспарту. Ідзе размова аб пераходзе на бескантактную або аналагічную картку для аплаты праезду ў метро.

 

Плануецца, што гэтая картка будзе шматразовай, і будзе папаўняцца. Так што хутка мы будзем плаціць за праезд у банку — як за мабільную сувязь.

 

Праўда, тэрміны рэалізацыі праекта Салей не назваў, таксама пакуль не вызначана, як будзе аплачвацца праезд, на які тэрмін будуць выдавацца праязныя. А таксама, напэўна, не разглядаецца пытанне, як у такім выпадку правяраць аплату за праезд. Надаць кантралёрам адмысловыя электронныя лічыльнікі? Дык каштаваць яны будуць больш, чым уся старая сістэма аплаты разам узятая.

 

«Першыя лэдзі» Беларусі таксама не цураюцца эканоміі. Жонка міністра замежных спраў Беларусі Вера Палякова-Макей 11 сакавіка правяла сустрэчу з жонкамі кіраўнікоў дыпламатычных місій і прадстаўніцтваў міжнародных арганізацый з нагоды Дня жанчын. Але замест фуршэтаў і падарункаў яна вырашыла прэзентаваць саму сябе. Яна сыграла для жонак кіраўнікоў дыпмісій у дэтэктыве.

 

Мерапрыемства адбылося ў Тэатры-студыі кінаакцёра. На сцэне быў прадстаўлены спектакль «Сродак Макропуласа», у якім грае Вера Палякова-Макей. Дэтэктыў у дзвюх дзеях пастаўлены паводле п’есы чэшскага драматурга Карэла Чапека.

 

Як паведамілі беларускія тэлеканалы, спектакль быў «вельмі цёпла» сустрэты глядачкамі. Наталля Сухавецкая (Украіна) адзначыла, што захопленая майстэрствам акцёраў. Салім Мэйсам Хадзі Салім (Ірак) сказала, што з захапленнем знаёміцца з беларускім мастацтвам і была рада пабываць на такой цікавай сустрэчы. Нгуен Тхі Ха (В’етнам) падкрэсліла, што ёй спадабалася сустракаць 8 сакавіка ў Мінску. Сама ж Вера Палякова-Макей зазначыла, многія з замежных дам даўно прасілі запрасіць на адзін з яе спектакляў, таму яна вырашыла паклікаць усіх на гэтую пастаноўку.

 

Ці жонкі прадстаўнікоў замежных дыпмісій не могуць купіць квіток у тэатр? Альбо яны таксама эканомяць, па прыкладу беларусаў, на ўсялякіх забаўках?

 

Але бывае такая эканомія, якая выходзіць бокам. Гарадскія ўлады Мінска падлічылі, што 72% сем’яў мінчан маюць толькі адно дзіця. «Перад горадам стаіць праблема стымулявання нараджальнасці другіх і наступных дзяцей», — адзначыла старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Жанна Рамановіч.

 

Гарадскі цэнтр сацыяльнага абслугоўвання сям’і і дзяцей правёў анкетаванне, каб высветліць, чаго не хапае бацькам для нараджэння наступных дзяцей. «Мы мяркуем, што, акрамя матэрыяльных мер стымулявання, павінны быць створаны пэўныя ўмовы для прыняцця такога рашэння, — лічыць Рамановіч. — Гэта і арганізацыя працы сямейных псіхолагаў, і пытанні паляпшэння жыллёвых умоў, працаўладкавання, зручнага рэжыму працы дзіцячых дашкольных устаноў».

 

Адказ тут просты. Можа, некаторыя сем’і і хацелі б завесці другое і трэцяе дзіця, але рабіць дзяцей ім проста няма дзе. Сярэдні кошт новабудоўлі ў Мінску — 1 450 долараў за квадратны метр. Сярэдні кошт двухпакаёўкі — 78 000 долараў. За таннейшы кошт можна знайсці аналагічную кватэру ў Берліне! А ў Сафіі дык і ўвогуле — кошты ўдвая ніжэй.

 

Так што лепш зэканоміць на псіхолагах, а знізіць кошты на кватэры.