Гадавіна расстрэлаў Кавалёва і Канавалава

Прайшоў год з моманту выканання смяротнага прысуду Уладзіславу Кавалёву і Дзмітрыю Канавалаву. Да сёння ўлады не выдалі сваякам целы расстраляных, не паведамілі, дзе яны пахаваныя і калі былі пазбаўленыя жыцця.



str_61.jpg

Шок для родных

Магчыма, гэта адбылося 14 альбо 15 сакавіка 2012 года. Бо 17 сакавіка Любоў Кавалёва — маці на той момант двацацішасцігадовага Уладзіслава — атрымала па пошце ліст з Вярхоўнага суда Беларусі, датаваны 16 сакавіка, у якім казалася пра тое, што прысуд у дачыненні да яе сына прыведзены ў выкананне. А яшчэ раней, 14 сакавіка, кіраўнік дзяржавы паведаміў СМІ, што прыняў рашэнне пра непамілаванне Канавалава і Кавалёва. Для жанчыны гэта быў шок, як і для сястры пакаранага. І для многіх з тых, хто потым прыносіў кветкі ў пад’езд дома ў Віцебску, дзе жыў Улад, хто спрабаваў паставіць ягоны партрэт з чорнай стужкай ля знешняга ўваходу на станцыю метро «Кастрычніцкая».

Ні сваякі, ні тыя, хто ведаў Кавалёва, дагэтуль не вераць, што Улад меў дачыненне да выбуху ў метро, які каштаваў жыцця пятнаццаці чалавекам і здароўя яшчэ сотням. Не пераканалі ў гэтым многіх ні следства, ні довады абвінаваўцаў, ні сам ход судовага разбіральніцтва, падчас якога многія прысутныя, у тым ліку незалежныя юрысты і праваабаронцы, адзначалі шмат нестасовак і недакладнасцяў.

Кароткая перадгісторыя

Жудасны выбух на амаль заўсёды перапоўненай станцыі метро «Кастрычніцкая» прагучаў у «гадзіну пік» — каля шостай вечара 11 красавіка 2011 года. Чатырнаццаць чалавек загінулі амаль адразу, яшчэ адзін чалавек пазней памёр у шпіталі. Па розных звестках, да пяцісот чалавек атрымалі пашкоджанні рознай цяжкасці, некаторыя засталіся інвалідамі на ўсё жыццё. У пешыя суткі пасля трагедыі па горадзе распаўзаліся розныя чуткі пра нейкія новыя выбухі. Аднак усё гэта, на шчасце, аказалася лухтою.

Ужо праз менш як два дні з вуснаў самога кіраўніка дзяржавы прагучалі словы пра тое, што справа раскрытая, а злачынцы злоўленыя і ўжо далі прызнальныя паказанні. Прычым, паводле следства, аказалася, што абвінавачваемы Канавалаў спрычыніўся і да шэрагу выбухаў у Віцебску ў 2005 годзе, а таксама да выбуху ў Мінску ў ноч на 4 ліпеня 2008 года, падчас святкавання Дня Незалежнасці Беларусі (Дня Рэспублікі), у выніку чаго раненні атрымалі дзясяткі людзей. Суд быў нядоўгім, прысуд — смяротным. І Канавалаву, і Кавалёву. Дарэчы, Уладзіслаў яшчэ на судовых слуханнях заяўляў, што быў вымушаны агаварыць Дзмітрыя пад ціскам з боку следчых. Але ніякіх рашэнняў па праверцы словаў Кавалёва ні пракуратурай, ні судом зроблена не было. Як не браліся да ўвагі судом заявы адваката Кавалёва Станіслава Абразея пра тое, што меў месца мантаж відэастужак з метро, якія фігуравалі ў якасці доказаў з боку абвінавачання.

Маці не здаецца

Любоў Кавалёва вырашыла ісці да канца, каб, паводле яе словаў, вярнуць добрае імя яе сыну. «Зараз мы працягваем дабівацца хаця б таго, каб нам раскрылі месца пахавання Улада. То бок, у рашэнні Камітэта ААН па правах чалавека гаворыцца, каб дзяржава хаця б раскрыла месца пахавання майго сына. А ў далейшым, натуральна, будзем рабіць усё, каб вярнуць добрае імя Улада і Дзімы, таму што яны разам, яны ўдвух бязвінна асуджаныя, бязвінна расстраляныя, таму будзем рабіць усё, што ад нас залежыць», — паведаміла Любоў Кавалёва.

 

Чаму маўчаць сваякі Канавалава

Усе прысутныя на судзе адзначалі дзіўныя паводзіны галоўнага абвінавачваемага ў справе выбуху ў метро Дзмітрыя Канавалава. Маладзён практычна ўвесь час маўчаў, нічога не каментаваў, не даваў паказанні. Ён толькі неяк абыякава прызнаў сваю віну ў здзяй­сненні злачынства. Ні падчас судовага следства, ні нават пасля паведамлення аб прывядзенні смяротнага прысуду ў выкананне блізкія Дзмітрыя ніяк не рэагавалі. Чаму?

«Вы самі ўявіце, у якой сітуацыі апынулася сям’я Канавалавых. З першага дня арыштоўваюць поўнасцю сям’ю, то бок у закладніках апынулася ўся сям’я, — адзначае Любоў Кавалёва. — Сама маці Дзімы мне пра гэта не казала, але я размаўляла з тымі людзьмі, з якімі яна працуе. На адрас сямейнікаў Канавалава былі пагрозы, каб яны маўчалі, таму што могуць пасадзіць і мужа, і старэйшага сына. Іх ахоўвалі да канца мая. У судзе, калі іх прывялі ў залу быццам бы для дачы паказанняў, якімі насамрэч сведкамі маглі з’яўляцца бацькі Дзімы? Ніякімі. Іх прывялі пад канвоем, вывелі пад канвоем, гэта была дэманстрацыя, каб Дзіма памятаў пра гэта і маўчаў, маўляў, з тваімі блізкімі можа адбыцца ўсё што заўгодна. А зараз ягоная маці кажа: які сэнс пра нешта казаць, калі дзяцей забілі?»

Сама Любоў Кавалёва вядзе вельмі актыўную кампанію дзеля таго, каб у Беларусі адмянілі смяротнае пакаранне. Падчас сустрэчаў на міжнародным узроўні, з замежнымі палітыкамі і праваабаронцамі, яна заклікае рабіць усё, каб дабіцца ад беларускіх уладаў адмены расстрэльных прысудаў.

«Тое, праз што я прайшла, што я перажыла, што перажыў мой сын, — гэта вельмі балюча і страшна. Я не хачу, каб якая-небудзь маці яшчэ раз прайшла той шлях, які прайшла я, які прайшлі тыя маці, чые дзеці былі расстраляныя да нашых хлапчукоў, — кажа Любоў Кавалёва. — У дзяржаве, дзе няма справядлівага суда, дзе следства вядзе крымінальную справу «па званку», наяўнасць смяротнага пакарання з’яўляецца недапушчальнай. Такія працэсы, як над Дзімам і Уладам, з расстрэльнымі прысудамі, праводзяцца дзеля запалохвання людзей».

Не прыслухаліся да ААН

Варта нагадаць, што яшчэ 14 снежня 2011 года ў Камітэт ААН па правах чалавека быў накіраваны зварот, зарэгістраваны на наступны ж дзень. У рэкордныя тэрміны, менш як за год, справа Кавалёва была разгледжана, хоць на той момант маладзёна ўжо не было сярод жывых. Апроч таго, Уладзіслаў Кавалёў і ягоны адвакат накіроўвалі скаргу ў той жа Камітэт ААН адразу пасля таго, як быў вынесены смяротны прысуд. ААНаўская структура прасіла ўрад Беларусі не прыводзіць прысуд у выкананне да таго часу, як скарга будзе разгледжаная.

Да таго ж, у інтэрнэце была разгорнута шырокая кампанія дзеля захавання жыцця асуджаным на смерць. Пад заклікам не расстрэльваць хлопцаў падпісаліся больш за 50 тысяч чалавек. Таксама і прадстаўнікі праваабарончай арганізацыі «Міжнародная амністыя» прывезлі ў Беларусь сотні тысяч подпісаў з заклікам спыніць выкананне расстрэльных прысудаў і ўвогуле адмяніць смяротнае пакаранне ў Беларусі. Тым не менш, кіраўнік дзяржавы адмовіўся памілаваць асуджаных (Кавалёў звяртаўся да Аляксандра Лукашэнкі з такой просьбаю, а Канавалаў — не), і ў хуткім часе ў Пішчалаўскім замку на вуліцы Валадарскага ў Мінску, дзе месціцца СІЗА МУС №1 і дзе прыводзяцца ў выкананне смяротныя пакаранні, прагучалі стрэлы. 29 кастрычніка 2012 года Камітэт ААН па правах чалавека прызнаў парушэнне беларускімі ўладамі права Ула­дзіслава Кавалёва на жыццё.

P.S.:Беларусь з’яўляецца адзінай краінай на кантыненце, дзе смяротнае пакаранне не адмененае, таму ёй не знайшлося пакуль месца ў Савеце Еўропы — таксама адзінай краіне на кантыненце. Але можна асцярожна меркаваць, што ўлады ўсё ж могуць пайсці на тое, каб больш не было расстрэльных прысудаў. У 2012 годзе былі расстраляныя тры чалавекі, асуджаныя на смерць раней. Але новых смяротных прысудаў у тым годзе не выносілася. Хацелася б верыць, што сакавіцкія (2012 года) стрэлы ў Пішчалаўскім замку былі апошнімі ў гісторыі беларускага правасуддзя.