Суд не стаў разглядаць пратаколы на распаўсюдніка незалежнага выдання

Жыхар вёскі Лебедзянка, былы дэпутат Бялыніцкага райсавета Валерый Вусік атрымаў з пракуратуры Бялыніцкага раёна адказ на сваю скаргу на дзеянні супрацоўнікаў Бялыніцкага РАУС, склаўшых на яго два адміністрацыйныя пратаколы быццам бы за паклёп на старшыню СВК “Лебедзянка” Пятра Бялова і за распаўсюд газеты “Магілёўскі Выбар”.



vusik_valery_1.jpg

Пракурор раёна Міхаіл Андросенка ў сваім лісце паведаміў Валерыю Вусіку, што ў межах пракурорскага нагляду праведзена праверка, і суд Бялыніцкага раёна адмовіўся разглядаць гэтыя два пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях у сувязі з тым, што яны складзены з парушэннем артыкула 10.2 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Абодва пратаколы, з дапамогай якіх участковы інспектар Сяргей Карыткін спрабаваў пакараць былога дэпутата, вернуты на дапрацоўку ў Бялыніцкі РАУС “для выпраўлення недахопаў”. Міхаіл Андросенка піша таксама, што Валерый Вусік мае права абскардзіць адказ Бялыніцкай пракуратуры ў пракуратуры Магілёўскай вобласці.

Я і сам ведаў, што гэтыя пратаколы складзены абсалютна незаконна, а зараз гэта пацвердзіў і пракурор раёна, — кажа Валерый Вусік. — На гэтым тыдні я з’ездзіў на кансультацыю да магілёўскага праваабаронцы Барыса Бухеля, ён параіў мне, як дзейнічаць далей у адпаведнасці з беларускім заканадаўствам. Учора я накіраваў скаргі начальніку УУС Магілёўскага аблвыканкама і пракурору Магілёўскай вобласці на дзеянні ўчастковага інспектара Сяргея Карыткіна, які 11 сакавіка склаў чарговы абсалютна незаконны пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні, якое быццам бы я здзейсніў падчас наведвання са здымачнай групай тэлеканала “Белсат” фермы мясцовай гаспадаркі СВК “Лебедзянка” 28 лютага 2013 года.

Адначасова я накіраваў заяву на імя начальніка Бялыніцкага РАУС палкоўніка Юрыя Сіманава з патрабаваннем спыніць пераслед у адносінах мяне з боку супрацоўнікаў мясцовай міліцыі і пакараць за абразы ў мой адрас, выказаныя публічна, Міхаіла Бялова, пляменніка старшыні СВК “Лебедзянка”.

Я буды працягваць адстойваць свае правы, нягледзечы на ціск з боку мясцовай міліцыі і кіраўніцтва СВК “Лебедзянка”, іншага шляху для мяне проста няма”.

spring96.org